Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 18 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I зьявіўся яму СПАДАР у дуброве Мамрэ, а ён сядзеў ля ўходу да будана ў дзянны вад.
2 Ён узьняў вочы свае, і глянуў, і во, тры мужы стаяць перад ім. I абачыў, і пабег ад уходу да будана наўпярэймы ім, і пакланіўся да зямлі.
3 I сказаў: «Спадару! калі ж я знайшоў ласку ў ваччу Тваім, калі ласка, ня мінай слугі Свайго.
4 I возьмуць троху вады, і абмыюць ногі вашыя; і прыхініцеся пад гэтым дзервам.
5 А я вазьму лусту хлеба, і вы пасілкуеце сэрцы вашыя; потым пройдзеце; бо дзеля гэтага вы прайшлі міма слугі вашага». Яны сказалі: «Рабі так, як казаў».
6 I пабарзьдзіў Абрагам да будана, да Сорры, і сказаў: «Барзьдзей тры меркі мукі найлепшае рашчыні, і сьпячы сачнёў».
7 I да стады пабег Абрагам, і ўзяў цялё кунежнае а добрае, і даў малцу, і пабарзьдзіў прыгатаваць яго.
8 I ўзяў масла а малака, і цялё, якое прыгатаваў, і пастанавіў перад імі, і сам стаяў ля іх пад дзервам. I яны елі.
9 I сказалі яму: «Ідзе Сорра, жонка твая?» Ён адказаў: «Тут, у будане».
10 I сказаў: «Я напэўна зьвярнуся да цябе згодна з парою жыцьця, і во, сын у Сорры, жонкі твае». А Сорра слухала ля ўходу да будана, а гэта было адзаду яго.
11 Абрагам жа й Сорра былі старыя, увыйшлі ў гады; перастала быць у Сорры звычайнае жаноцкае.
12 I сьміялася Сорра ў нутру, кажучы: «Просьле тога, як я зьвяла, будзе імне любата? і спадар мой стары».
13 I сказаў СПАДАР Абрагаму: «Чаму сьміялася Сорра, сказаўшы: “Нягож я запраўды нараджу — а я ж старая?”
14 Ці ё што цяжкое СПАДАРУ? У прызначаным часе Я зьвярнуся да цябе подле пары жыцьця, і ў Сорры сын».
15 I заперачыла Сорра, кажучы: «Я ня сьміялася», бо яна лякалася. Але Ён сказаў: «Не, ты сьміялася».
16 I ўсталі стуль тыя мужы, і глядзелі на від Содомы. Абрагам жа пайшоў ізь імі, каб прапусьціць іх.
17 I СПАДАР сказаў: «Ці схаваю Я ад Абрагама, што Я раблю?
18 I Абрагам запраўды стане народам вялікім а магутным, і будуць дабраславёныя ў ім усі народы зямлі;
19 Бо Я знаю яго, што раскажа ён дзяцём сваім і дамове сваёй просьле сябе, і будуць дзяржаць дарогу СПАДАРОВУ, чыніць справядлівасьць а суд, каб мог здойсьніць СПАДАР Абрагаму, што гукаў празь яго».
20 I сказаў СПАДАР: «Во крык Содомы а Ґоморы, бо вялікі ён, і грахі іхныя, бо вельмі яны цяжкія.
21 Зыйду ж а пагляджу, ці згодна з крыкам, каторы прыходзе да Мяне, учынілі яны супоўна, а калі ня так, дык буду ведаць».
22 I абярнуліся мужы адгэнуль, і пайшлі да Содомы. Абрагам жа яшчэ стаяў перад СПАДАРОМ.
23 I дабліжыўся Абрагам, і сказаў: «Нягож Ты загубіш справядлівага зь нявернікам?
24 Можа ё пяцьдзясят справядлівых сярод места? Нягож Ты загубіш, і не даруеш месту дзеля пяцьдзясят справядлівых, што ўнутры ў яго?
25 Крый Божа, каб Ты ўчыніў такі ўчынак, каб Ты зрабіў сьмерць справядліваму зь нявернікам, і будзе як справядлівы так і няверны: Крый Божа! Ціж Судзьдзя ўсяе зямлі ня ўчыне суду?»
26 I СПАДАР сказаў: «Калі я знайду ў Содоме пяцьдзясят справядлівых унутры места, то Я дарую ўсяму месцу дзеля іх».
27 I адказаў Абрагам, і сказаў: «Вось жа я быў адважыўшыся гукаць Валадару, а я — пыл а попел.
28 Можа ня стане пяцёх да пяцьдзясят справядлівых, нягож Ты выгубіш дзеля пяцёх усё места?» Ён сказаў: «Ня выгублю, калі знайду там сараку пяцёх».
29 I далей яшчэ гукае да Яго, і сказаў: «Можа знойдзецца там сорак». Ён сказаў: «Ня ўчыню і дзеля сараку».
30 I сказаў: «Няхай ня гневаецца Валадар, і я буду гукаць: можа знойдзецца там трыццацёх». Ён сказаў: «Ня ўчыню, калі знайду там трыццацёх».
31 I сказаў: «Вось жа, я важыўся гукаць Валадару: можа знойдзецца там дваццацёх?» Ён сказаў: «Ня выгублю дзеля дваццацёх».
32 I сказаў: «Няхай жа ня гневаецца Валадар, і я буду гукаць яшчэ адно гэты раз: можа знойдзецца там дзесяцёх?» Ён сказаў: «Ня выгублю дзеля дзесяцёх».
33 I адышоў СПАДАР, скончыўшы гутарыць із Абрагамом, і Абрагам зьвярнуўся на свае месца.

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 18 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.