Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 32 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 А Якаў пайшоў дарогаю сваёй. I стрэлі яго ангілы Божыя.
2 I сказаў Якаў, абачыўшы іх: «Табар Божы гэта». I назваў імя месца таго: Маханаім (Табары).
3 I паслаў Якаў пасланцоў перад сабою да Ісава, брата свайго, да зямлі Сэір, да поля Едомскага;
4 I расказаў ім, сказаўшы: «Гэтак скажыце спадару майму Ісаву: “Так сказаў слуга твой Якаў: у Лавана я жыў, і забавіўся дагэтуль;
5 I былі ў мяне вол а асёл і драбны статак, і слуга а нявольніца; і я паслаў сказаць спадару свайму, каб знайсьці ласку ў ваччу тваім”».
6 I зьвярнуліся пасланцы да Якава, кажучы: «Мы прышлі да брата твайго, да Ісава; і таксама ён ідзець наўпярэймы табе, і чатырыста чалавекаў ізь ім».
7 I зьлякаўся Якаў вельмі, і быў у трывозе; і падзяліў людзёў, што былі зь ім, і статак драбны й буйны й вярблюды на два табары,
8 I сказаў: «Калі Ісаў прыйдзе на табар тый адзін і паб’ець яго, то ўзумее табар засталы ўцячы».
9 I сказаў Якаў: «Божа айца майго Абрагама і Божа айца майго Ісака, СПАДАР, Каторы сказаў імне: “Зьвярніся да зямлі свае, да радні свае, і Я добра ўчыню з табою!”
10 Я лішне малы супроці ўсіх міласэрдзяў і супроці ўсяе праўды, каторую Ты ўчыніў слузе Свайму, бо я зь кіям сваім перайшоў Ёрдан гэты, а цяпер у мяне сталіся два табары.
11 Выбаў жа мяне ад рукі брата майго, ад рукі Ісава, бо я баюся яго, каб ён, прышоўшы, ня зразіў маці зь дзецьмі.
12 Ты сказаў: “Учыню добрасьць табе, і пастанаўлю насеньне твае, як пясок таго мора, каторага нельга зьлічыць з прычыны множасьці”».
13 I начаваў там тае ночы, і ўзяў з тога, што прышло ў рукі яму, гасьцінца Ісаву, брату свайму:
14 Козаў дзьвесьце, казлоў дваццаць, авечак дзьвесьце, бараноў дваццаць,
15 Вярблюдзіцаў соючых ізь вярблюдзянятамі іхнымі трыццаць, кароў сорак, валоў дзесяць, асьліцаў дваццаць, асьлянят дзесяць.
16 I даў у рукі слугам сваім кажную чараду асобна, і сказаў слугам сваім: «Перайдзіце перад імною, і прасьцяг зрабіце памеж чарады й чарады».
17 I расказаў першаму, сказаўшы: «Як стрэне цябе Ісаў, брат мой, і папытаецца ў цябе, кажучы: “Чый ты? і куды йдзеш? і чые гэтыя перад табою?”
18 Ты скажы: “Слугі твайго Якава; гасьцінец гэта, пасланы спадару майму Ісаву; і во, таксама ён за намі?”»
19 Тое ж расказаў ён і другому, і трэйцяму, таксама ўсім, каторыя йшлі за чародамі, кажучы: «Подле гэтых словаў кажыце Ісаву, як знойдзеце яго;
20 I скажыце: “Таксама во, й слуга твой Якаў за намі”»; Бо ён сказаў: «Улашчу від ягоны дарам, што йдзець перад імною, і потым абачу від ягоны; можа і падыйме від мой».
21 I перайшоў дар перад ім, а ён начаваў тае ночы ў табару.
22 I ўстаў ён тае ночы; і ўзяў дзьве жонкі свае, і дзьве нявольніцы свае, і адзінанцацёра дзяцей сваіх, і перайшоў у брод Явок.
23 I ўзяў іх, і перавёў пераз раку, і перавёў, што ў яго.
24 I застаўся Якаў адзінотны, і ходаўся чалавек ізь ім да ўсходу зары;
25 I пабачыўшы, што ня сходаў яго, і даткнуўся да суставы сьцягна ягонага, і зьвіхнуў суставу сьцягна ў Якава, як ён ходаўся зь ім.
26 I сказаў: «Адпусьці мяне, бо ўзышла зара». I сказаў: «Не адпушчу цябе, хіба дабраславіш мяне».
27 I сказаў яму: «Якое імя твае?» I ён сказаў: «Якаў».
28 I сказаў: «Ня Якаў будуць казаць ужо імя твае, але Ізраель, бо ты доляўся з Богам і зь людзьмі, і здолеў».
29 I папытаўся Якаў, і сказаў: «Скажы, калі ласка, імя Свае». I Ён сказаў: «Нашто ты пытаешся імені?» I дабраславіў яго там.
30 I назваў Якаў імя таго месца: Пеніель (Від Божы); «бо я бачыў Бога від у від, і захавана душа мая».
31 I засьвяціла сонца, як ён праходзіў Пеніель; і ён кульгаў на сьцягно свае.
32 Затым аж дагэтуль не ядуць сынове Ізраелявы жылы мускула, каторая на суставе сьцягна, бо даткнуўся суставы сьцягна Якававага на жыле мускула.

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 32 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.