Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 3 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Гад быў найхітрэйшы з усіх зьвяроў палявых, каторыя ўчыніў СПАДАР Бог. I сказаў жонцы: «Ці запраўды сказаў Бог: “Ня ежча ні зь якага дзерва із саду?”»
2 І сказала жонка гаду: «Садавіну зь дзерваў садовых ямо.
3 Але праз садавіну дзерва, што пасярод саду, сказаў Бог: “Ня ежча зь яго і не датыкайцеся да яго, каб вам не памерці”».
4 I сказаў гад жонцы: «Не, не памрыце сьмерцю;
5 бо ведае Бог, што ў дзень, у каторым вы зь яго есьці будзеце, і адчыняцца вочы вашыя, і будзеце, як Багове, што ведаюць дабро й ліха».
6 І бачыла жонка, што дзерва добрае да ежы, і што яно прынаднае ачом, і пажаданае тое дзерва дзеля веды; і ўзяла садавіну зь яго а ела; і дала таксама мужу свайму зь ёю, і ён еў.
7 I адчыніліся вочы ў іх абаіх, І пазналі, што былі голыя; і сплялі фіґовае лісьцё, і зрабілі сабе папяразкі.
8 I пачулі голас СПАДАРА Бога, што хадзіў у садзе зь ветрам дзянным; і схаваўся чалавек і жонка ягоная ад віду СПАДАРА Бога памеж дзярэўя садовага.
9 I гукнуў СПАДАР Бог чалавека, і сказаў яму: «Ідзе ты?»
10 I сказаў: «Голас Твой пачуў я ў садзе, і зьлякаўся, бо я голы, і схаваўся».
11 I сказаў: «Хто ж табе сказаў, што ты голы? ці ня з гэнага дзерва, з каторага Я заказаў табе есьці, ты еў?»
12 I сказаў чалавек: «Жонка, каторую Ты імне даў, яна дала імне зь дзерва, і я паспытаўся».
13 I сказаў СПАДАР Бог жонцы: «Што ж ты ўчыніла?» Жонка сказала: «Гад спадмануў мяне, і я паспыталася».
14 I сказаў СПАДАР Бог гаду: «3а тое, што ты ўчыніў гэта, пракляты ты над усю жывёлу і над усі зьвяры палявыя; на бруху сваім ты будзеш хадзіць, і пыл жэрці будзеш усі дні жыцьця свайго.
15 I непрыязьньства палажу меж цябе і меж жонкі, і меж семені твайго й семені ейнага; яно будзе мяжджуліць цябе ў галаву, а ты будзеш жыгаліць яго ў пяту».
16 Жонцы сказаў: «Памнажаючы памножу смутак твой і цяжарнасьць тваю; у смутку будзеш радзіць дзеці; і да мужа твайго пацяга твая, і ён будзе панаваць над табою».
17 Адаму ж сказаў: «За тое, што ты паслухаў голасу жонкі свае і еў з тога дзерва, з каторага Я заказаў табе, кажучы: “Ня еж ізь яго”, праклята зямля з твае прычыны, із смуткам будзеш жывіцца зь яе ўсі дні жыцьця свайго.
18 Церне а асот будзе расьці табе; і будзеш жывіцца палявою травою.
19 У поце віду свайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня зьвернешся да зямлі, бо зь яе ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл зьвернешся».
20 I назваў Адам імя жонкі свае: Ева, бо яна была маці ўсіх жывучых.
21 I зрабіў СПАДАР Бог Адаму й жонцы ягонай адзежу скураную, і адзеў іх.
22 I сказаў СПАДАР Бог: «Вось, людзіна сталася як адзін із Нас, каб ведаць дабро й ліха; і цяпер як бы ня выцягнуў ён рукі свае, і ня ўзяў таксама зь дзерва жыцьця, і ня еў, і не пачаў жыць вечна».
23 I выслаў яго СПАДАР Бог із саду Едэнскага, рабіць зямлю, з каторае ён узяты.
24 Дык выгнаў чалавека. I асяліў на ўсход ад саду Едэнскага херуваў зь мячом поламенным абаротным, сьцерагчы дарогу дзерва жыцьця.

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 3 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.