Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 27 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I як Ісак быў стары, і зацьмелі вочы ягоныя, так што ён ня мог бачыць, і гукнуў Ісава, сына свайго вялікага, і сказаў яму: «Сыну мой». Тый сказаў яму: «Во я».
2 I ён сказаў: «Вось жа, я застарэўся: ня ведаю дня сьмерці свае;
3 I цяпер падыймі ж зброі свае, сагайдак свой а лук свой, і пайдзі ў поле, і ўпалюй імне дзічыны,
4 I прыгатуй імне ласонікі, якія я люблю, і прынясі імне, і я паем, каб дабраславіла цябе душа мая первей, чымся я памру».
5 Рэвека чула, як Ісак казаў Ісаву, сыну свайму. I пайшоў Ісаў у поле ўпаляваць дзічыны, каб прынесьці яе.
6 А Рэвека сказала Якаву, сыну свайму, кажучы: «Вось, я чула айца твайго, як казаў брату твайму Ісаву, кажучы:
7 “Прынясі імне дзічыны і зрабі імне ласонікі, і пад’ем, і дабраслаўлю цябе перад СПАДАРОМ, перад сьмерцю сваёй”.
8 I цяпер, сыну мой, паслухай голасу майго ў тым, што я раскажу табе.
9 Пайдзі ж да чарады і вазьмі імне стуль двое казянят добрых; і я прыгатую зь іх ласонікі айцу твайму, як ён любе;
10 I ты прынясеш айцу свайму, і ён пад’есьць, каб дабраславіць цябе перад сьмерцю сваёю».
11 I сказаў Якаў Рэвеццы, маці сваёй: «Гэта ж Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі.
12 Можа пашчупае мяне ацец мой, і я буду ў ваччу ягоным ашуканец, і навяду на сябе грэбаваньне, а не дабраславенства».
13 I маці ягоная сказала яму: «На імне грэбаваньне твае, сыну мой; толькі паслухай голасу майго і пайдзі вазьмі імне».
14 Ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй, і зрабіла маці ягоная ласонікі, як любіў ацец ягоны.
15 I ўзяла Рэвека адзежу Ісававу, сына свайго вялікага, жаданую, што была ў яе ў доме, і адзела Якава, сына свайго малога;
16 I скуры казянят адзела на рукі ягоныя і на гладзіню шыі ягонае.
17 I дала ласонікі а хлеб, каторыя яна зрабіла, у руку Якаву, сыну свайму.
18 I ўвыйшоў ён да айца свайго, і сказаў: «Войча мой!» I сказаў ён: «Во я; хто ты, сыну мой?»
19 I сказаў Якаў айцу свайму: «Я Ісаў, пяршак твой; я зрабіў, як ты сказаў імне, устань, калі ласка, сядзь і пад’еж ізь дзічыны мае, каб дабраславіла мяне душа твая».
20 I сказаў Ісак сыну свайму: «Што гэта? пабарзьдзіў ты знайсьці, сыну мой». Ён сказаў: «Бо паслаў імне СПАДАР, Бог твой, наўпярэймы».
21 I сказаў Ісак Якаву: «Дабліжся ж, я пашчупаю цябе, сыну мой, ці ты сын мой Ісаў, ці не».
22 I дабліжыўся Якаў да Ісака, айца свайго, і ён пашчупаў яго, і сказаў: «Голас, голас Якаваў, а рукі, рукі Ісававы, брата ягонага, касматыя»;
23 і дабраславіў яго.
24 I сказаў: «Ці ты сын мой Ісаў?» Ён сказаў: «Я».
25 I сказаў: «Дабліж да мяне, я пад’ем ізь дзічыны сына свайго, каб дабраславіла цябе душа мая». I дабліжыў яму, і ён еў; і прынёс яму віна, і ён піў.
26 I сказаў яму Ісак, ацец ягоны: «Дабліжся, калі ласка, і пацалуй мяне, сыну мой».
27 I ён дабліжыўся, і пацалаваў яго. I панюхаў пах адзежы ягонае, і дабраславіў яго, і сказаў: «Гля, пах сына майго, як пах поля, каторае дабраславіў СПАДАР.
28 I няхай дасьць табе Бог із расы нябёснай і з тукаў зямлі, і множасьць збожжа і віннога соку.
29 Няхай тэ служаць люды, і хай кланяюцца тэ нацы. Будзь спадаром братоў сваіх, і няхай кланяюцца табе сынове маткі твае; праклінаючыя цябе — праклятыя; дабраславячыя цябе — дабраславёныя».
30 I было, што як скончыў Ісак дабраславіць Якава, і вось, ледзь пачаў выходзіць Якаў ад віду Ісака, айца свайго, і Ісаў, брат ягоны, прышоў з уловаў сваіх.
31 I зрабіў ён таксама ласонікі, і прынёс айцу свайму, і сказаў айцу свайму: «Устань, войча мой, і зьеж дзічыны сына свайго, каб дабраславіла мяне душа твая».
32 I сказаў яму Ісак, ацец ягоны: «Хто ты?» Ён сказаў: «Я сын твой першародны Ісаў».
33 I задрыжэў Ісак дрыжэньням вельмі вялікім, і сказаў: «Хто ж гэта тый, што паляваў на дзіч і прынёс імне, і я еў з усёга перш, чымся ты прышоў, і дабраславіў яго? Ён і будзе дабраславёны».
34 Учуўшы Ісаў словы айца свайго, загаласіў голасам вялікім, ды надта гаркім, і сказаў айцу свайму: «Дабраслаў мяне, таксама мяне, войча мой!»
35 I сказаў ён: «Брат твой прышоў зь хітрынёю і ўзяў дабраславенства твае».
36 I сказаў ён: «Ці не затым завецца імя ягонае Якаў, і во, выперадзіў мяне ўжо двойчы? ён першародзтва мае ўзяў, і во, цяпер узяў дабраславенства мае». I сказаў: «Нягож ты не захаваў імне дабраславенства?»
37 I адказаў Ісак, і сказаў Ісаву: «Вось, спадаром пастанавіў яго над табою, і ўсіх братоў ягоных аддаў яму заслугі; і збожжам а вінным сокам пасіліў яго; а табе ж што я зраблю, сыну мой?»
38 I сказаў Ісаў айцу свайму: «Ці адно дабраславенства ў цябе, войча мой? Дабраслаў мяне, таксама мяне, войча мой!» I узьняў Ісаў голас свой, і плакаў.
39 I адказаў Ісак, ацец ягоны, і сказаў яму: «Вось, ад туку зямлі будзе месца жыцьця твайго і ад расы нябёснай зьверху;
40 I мячом сваім будзеш жыць, і брату свайму будзеш служыць; і станецца, як падужэеш, і ськінеш іго ягонае із шыі свае».
41 I зьненавідзіў Ісаў Якава за дабраславенства, каторым дабраславіў яго ацец ягоны; і сказаў Ісаў у сэрцу сваім: «Падыходзяць дні плачу па айцу маім, і заб’ю я Якава, брата свайго».
42 I пераказаны былі Рэвеццы словы Ісававы, сына ейнага вялікага; і паслала, і гукнула Якава, сына свайго малога, і сказала яму: «Вось, Ісаў, брат твой, цешыцца ўзглядам цябе, што заб’ець цябе.
43 I цяпер, сыну мой, паслухай голасу майго, і ўстань, уцякай сабе да Лавана, брата майго, да Гарану;
44 I пабудзь ізь ім якісь час, пакуль адыйдзе злосьць брата твайго,
45 Пакуль адыйдзе гнеў брата твайго на цябе, і ён забудзецца, што ты ўчыніў яму, і я пашлю й вазьму цябе стуль. Чаму мне спабыцца нават абодвых вас у вадзін дзень?»
46 I сказала Рэвека Ісаку: «Імне абрыдзела жыцьцё мае ад дачок гэціцкіх; калі возьме Якаў жонку з дачок гэціцкіх, як гэтыя, з дачок гэтае зямлі, дык нашто імне жыцьцё?»

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 27 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.