Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 6 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I сталася, як людзі пачалі мнажыцца на зямлі, і дачкі радзіліся ў іх;
2 I пабачылі сынове Божыя дачкі людзкія, што яны харошыя, і ўзялі іх сабе за жонкі, з усіх, каторыя яны абралі.
3 I сказаў СПАДАР: «Ня будзе Дух Мой трываць у людзіне вечна ў ваблудах ейных; бо яна цела; і будуць дні ейныя сто дваццаць год».
4 Нефілімы былі на зямлі тых дзён, і таксама просьле тога, як сынове Божыя ўходзілі да дачок людзкіх, і яны ім радзілі. Гэта дужасілы, спрадвеку галасьлівыя людзі.
5 I пабачыў Бог, што множасьць ліха людзкога на зямлі, што ўсякага стварэньня думаньні сэрца ягонага адно празь ліха ўвесь дзень.
6 I жалеў СПАДАР, што ўчыніў людзіну на зямлі, і смуціўся ў сэрцу Сваім.
7 I сказаў СПАДАР: «Выцераблю людзіну, каторую Я стварыў, зь віду зямлі, ад чалавека аж да статку, аж да паўзуна і аж да птушкі нябёснае; бо жалею, што Я іх учыніў».
8 А Ной прыдбаў ласку ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
9 Вось род Ноеў: Ной быў чалавек справядлівы, беззаганны быў у сваіх пакаленьнях; з Богам хадзіў Ной.
10 Ной нарадзіў трох сыноў: Сэма, Хама а Яфэта.
11 Але зямля папсавалася перад Богам; і напоўнілася зямля ліхадзействам.
12 І бачыў Бог зямлю; і во, яна папсаваная, бо ўсякае цела папсавала дарогу сваю на зямлі.
13 I сказаў Бог Ною: «Канец усякага цела прыходзе перад Імною; бо зямля напоўнілася ад іх ліхадзействамі; і вось, Я збураю іх ізь зямлі.
14 Зрабі сабе караб ізь дзерва ґофер, прадзелы зрабі ў караблю, і асмалі яго смалою ўнутры й знадворку.
15 I гэтак зрабі яго: трыста локцяў даўжыня карабля, пяцьдзясят локцяў шырыня яго, а вышыня яго трыццаць локцяў.
16 Адтуліну зрабі ў караблю, і ў локаць сконч яе ўгары, і дзьверы карабля зрабі з боку яго; сподняе, другое й трэйцяе пятры зрабі ў ім.
17 I вось, Я навяду патопу водную на зямлю, выгубіць усялякае цела, у каторым ё дух жыцьця, пад нябёсамі; усе, што ё на зямлі, сканае.
18 I ўстанаўлю змову Сваю з табою, і ўвыйдзеш у караб ты, і сыны твае, і жонка твая, і жонкі сыноў тваіх з табою.
19 А з усяе жывёлы ўсякага цела па двое з кажнае ўвядзеш у караб, каб іх жывых захаваць ізь сабою: самец і саміца будуць.
20 З птушкі подле роду ейнага, і з статку подле роду ягонага, і з усіх паўзуноў зямлі подле роду іхнага, з усіх па пары ўвыйдуць да цябе, каб засталіся жывыя.
21 Ты ж вазьмі сабе з усялякае еміны, якою жывяцца, і зьбяры да сябе, і будзе яна табе й ім ежаю».
22 І зрабіў Ной; подле ўсёга, як расказаў Бог яму, так ён і зрабіў.

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 6 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.