Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 30 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I бачыла Рахіль, што яна ня родзе Якаву, і пазавідавала Рахіль сястры сваёй, і сказала Якаву: «Дай імне дзеці, а калі не, памру я».
2 I ўзгарэўся гнеў Якава на Рахіль, і сказаў: «Ці замест Бога я, Каторы задзяржаў у цябе плод жывата?»
3 I яна сказала: «Во нявольніца мая Вала; увыйдзі да яе, і родзе яна на калені мае, і збудую таксама я ад яе».
4 I дала яна яму Валу, нявольніцу сваю, за жонку; і ўвыйшоў да яе Якаў.
5 I зачала Вала, і нарадзіла Якаву сына.
6 I сказала Рахіль: «Рассудзіў мяне Бог, і таксама пачуў голас мой, і даў імне сына». Затым назвала імя ягонае: Дан.
7 I зачала яшчэ, і нарадзіла Вала, нявольніца Рахіліна, сына другога Якаву.
8 I сказала Рахіль: «Долькамі Боскімі долялася я ізь сястрою сваёй і таксама здолела». I назвала імя ягонае: Неффалім.
9 I абачыла Лія, што перастала радзіць, і ўзяла Зылпу, нявольніцу сваю, і дала яе Якаву за жонку.
10 I нарадзіла Зылпа, нявольніца Лііна, Якаву сына.
11 I сказала Лія: «Пашчасьціла!» I назвала імя ягонае: Ґад.
12 I нарадзіла Зылпа, нявольніца Лііна, сына другога Якаву.
13 I сказала Лія: «На шчасьце імне, бо шчасьлівай будуць зваць мяне дачкі». I назвала імя ягонае Ашэр.
14 I пайшоў Рувін у дні жніва пшонкі, і знайшоў любоўныя яблыкі ў полю, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. I сказала Рахіль Ліі: «Дай імне зь любоўных яблыкаў сына свайго».
15 I сказала ёй: «Нягож мала, што ты ўзяла мужа майго, і бярэш таксама любоўныя яблыкі сына майго?» I сказала Рахіль: «Дык ён ляжа з табою гэту ноч за любоўныя яблыкі сына твайго».
16 I прышоў Якаў з поля ўвечары, і вышла Лія яму напярэймы, і сказала: «Да мяне ўвыйдзеш, бо я напэўна заплаціла за цябе любоўнымі яблыкамі сына свайго». I лёг ён ізь ёю ночы тэй.
17 I пачуў Бог Лію, і яна зачала, і радзіла Якаву сына пятага.
18 I сказала Лія: «Даў Бог заплату маю, што я дала нявольніцу сваю мужу свайму». I назвала яго Іссасхар.
19 I зачала ізноў Лія, і нарадзіла сына шостага Якаву.
20 I сказала Лія: «Падараваў Бог мяне добрым дарам; гэтым разам будзе жыць із імною муж мой, бо я нарадзіла яму шасьцёх сыноў». I назвала імя яго: Завулон.
21 Потым нарадзіла дачку, і назвала імя яе: Дына.
22 I ўспомнеў Бог Рахіль, і пачуў яе Бог, і адчыніў дзетніцу ейную;
23 Яна зачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Аддаліў Бог ганьбу маю»,
24 I назвала імя ягонае: Язэп, сказаўшы: «Дадасьць імне СПАДАР сына другога».
25 I было, як нарадзіла Рахіль Язэпа, сказаў Якаў Лавану: «Адашлі мяне, і пайду я на свае месца і да свае зямлі;
26 Дай жонкі мае й дзеці мае, што служыў табе за іх, і я пайду; бо ты знаеш службу маю, якую я служыў табе».
27 I сказаў яму Лаван: «Калі б я знайшоў ласку перад ачыма тваімі! я даведаўся варажбою, што СПАДАР дабраславіў імне дзеля цябе».
28 I сказаў: «Прызнач сабе плату сваю зь мяне, і я дам».
29 I сказаў яму: «Ты ведаеш, як я служыў табе, і які стаўся статак твой пры імне;
30 Бо мала было ў цябе да мяне, а разьвялося шмат; і дабраславіў СПАДАР цябе, як я прышоў; а цяпер, калі ж я буду рабіць таксама на свой дом?»
31 I сказаў: «Што імне даць табе?» I сказаў Якаў: «Не дасі імне нічога. Калі толькі ўчыніш імне гэта, я зьвярнуся і буду пасьціць чароды твае, сьцерагчы:
32 Я прайду меж усіх чародаў тваіх сядні; адлучы зь іх кажнае зь ягнят із бодкамі а з плямамі, і кажную рудую з авец, і з плямамі а з бодкамі з козаў; і будзе гэта мая плата.
33 I будзе сьветчыць за мяне справядлівасьць мая на заўтрашні дзень, як прыйдзеш даведацца платы мае зь цябе. Кажная, што ня з бодкамі а ня з плямамі меж козаў, а ня рудая з авец, крадзеная гэта ў мяне».
34 I сказаў Лаван: «Добра, гэтак няхай будзе подле слова твайго».
35 I адлучыў таго дня казлы ў чарэслы і з плямамі, і ўсі козы з бодкамі а з плямамі, усі, на каторых ё белае, і ўсі рудыя з авец, і аддаў на рукі сыном сваім;
36 I азначыў дарогу трох дзён меж сабою і Якавам. I Якаў пасьціў чароды Лабановы, каторыя засталіся.
37 I ўзяў Якаў пруцьце тапалёвае сырое а міндалёвае а яваравае, і аблупіў на ім чарэслы белыя, зьняўшы кару да бялосьці, каторая на прутох;
38 I ўткнуў перад статкам пруты, каторыя аблупіў, у раўкі ля вадапойных карыгаў, куды прыходзіў статак піць, і цекаваў, прыходзячы піць.
39 I цекаваў статак перад прутамі, і радзіўся статак у чарэслы, з бодкамі, з плямамі.
40 І ягняты вылучаў Якаў, і ськіроваваў статак пыскамі да пярэстага і ўсяго рудога статку Лавановага; і станавіў свае стады асобна, і не станавіў іх разам із статкам Лавановым.
41 I было, як цекаваў статак крэпшы, Якаў клаў пруты перад ачамі статку ў карытах, каб ён цекаваў перад прутамі;
42 А калі слабшы з авец, тады ён ня клаў. I былі слабшыя Лавановы, а крэпшыя Якававы.
43 I расшырыўся гэты чалавек вельмі, вельмі, і было ў яго драбнога статку множасьць, і нявольніцаў і слугаў, і вярблюдоў, і аслоў.

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 30 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.