Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 24 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І пайшоў Давід адтуль, і абжыўся ў месцах недасягальных у Эн-Гэдзі.
2 Калі вярнуўся Саўл з пагоні за Філістынцамі, паведамілі яму, і сказалі яму: «Ведай, Давід у пустыні Эн-Гэдзі».
3 І Саўл узяў тры тысячы ваяроў, выбранцоў з усяго Ізраіля, і пайшоў, каб шукаць Давіда і людзей ягоных на ўсходнім баку скалаў Дзікіх Козаў.
4 І прыйшоў ён да загарадак авечых пры дарозе, і была там пячора. І ўвайшоў Саўл туды для патрэбы сваёй, а ў той час Давід і людзі ягоныя хаваліся ў пячоры.
5 І сказалі Давіду ваяры ягоныя: «Вось дзень, пра які казаў табе ГОСПАД: “Вось Я выдам табе ворагаў тваіх і зробіш з імі, як падабаецца табе”». І ўстаў Давід, і адрэзаў цішком крысо плашча Саўлавага.
6 Але потым задрыжэла сэрца Давіда, што ён адрэзаў крысо плашча Саўлавага,
7 і сказаў ён людзям сваім: «Няхай даруе мне ГОСПАД, каб я зрабіў такую рэч гаспадару майму, памазанцу ГОСПАДАВУ, каб выцягнуў руку на яго, бо ён — памазанец ГОСПАДАЎ».
8 І стрымаў Давід ваяроў сваіх гэтымі словамі, і не дапусьціў іх, каб яны напалі на Саўла. Тым часам Саўл падняўся, выйшаў з пячоры і працягваў шлях свой.
9 І ўстаў пасьля гэтага Давід, і выйшаў з пячоры, і закрычаў ззаду за Саўлам, кажучы: «Гаспадару мой, валадар!» І глянуў Саўл назад, а Давід упаў тварам на зямлю і пакланіўся яму,
10 І сказаў ён Саўлу: «Навошта ты слухаеш людзей, якія кажуць: “Давід шукае зла для цябе”?
11 Вось жа сёньня бачаць вочы твае, што ГОСПАД выдаў цябе ў пячоры ў рукі мае. І гаварылі мне, каб я забіў цябе, але я пашкадаваў цябе, бо казаў: “Не падыму рукі маёй на гаспадара майго, бо ён — памазанец ГОСПАДАЎ”.
12 Дык вось пабач, бацька мой, крысо плашча твайго. Каля я адрэзаў яго, я не хацеў забіць цябе. І зьвярні ўвагу на гэта, і пераканайся, што я ня маю зла супраць цябе, і не саграшыў я супраць цябе. А ты цікуеш на жыцьцё маё, каб спыніць яго.
13 Няхай судзіць ГОСПАД мяне і цябе, і няхай адпомсьціць ГОСПАД табе за мяне, а я ня выцягну рукі сваёй на цябе.
14 Як у старадаўняй прыказцы кажацца: “Ад ліхіх ліха паходзіць”. А рука мая ня зьвернецца супраць цябе.
15 Каго гоніць валадар Ізраіля? Каго ты перасьледуеш? Сабаку здохлага і адну блыху?
16 Няхай ГОСПАД будзе судзьдзёю і рассудзіць мяне і цябе. Няхай убачыць і разьбярэ справу маю і вырве мяне з рукі тваёй».
17 І скончыў Давід казаць гэта да Саўла, і Саўл сказаў: «Ці ж гэта голас твой, сыне мой Давід?» І пачаў Саўл голасна плакаць.
18 І сказаў ён Давіду: «Ты справядлівейшы, чым я. Бо ты аказваеш мне дабро, а я адгаджаюся табе ліхам.
19 Вось, ты засьведчыў сёньня, што ставішся да мяне добра, бо калі ГОСПАД выдаў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.
20 Бо хто, спаткаўшы ворага свайго, пусьціў бы яго ў добрую дарогу? Няхай ГОСПАД узнагародзіць цябе за тое, што ты сёньня зрабіў адносна мяне.
21 Я ўжо цяпер ведаю, што ты будзеш валадаром, і будзеш мець у руках валадарства Ізраіля.
22 І цяпер прысягні мне на ГОСПАДА, што ня зьнішчыш нашчадкаў маіх пасьля мяне і не сатрэш імя майго з роду бацькі майго».
23 І Давід прысягнуў Саўлу. І вярнуўся Саўл у дом свой, а Давід і людзі ягоныя пайшлі ў горы, у месца недасяжнае.

Першая кніга Самуэля, 24 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.