Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 4 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І было слова Самуэля да ўсяго Ізраіля. Ізраільцяне вырушылі на вайну супраць Філістынцаў і расклаліся табарам каля Эбэн-Гаэзэру, а Філістынцы расклалі табар свой у Афэку.
2 І выставілі Філістынцы шыхты супраць Ізраіля, і пачаўся бой. Ізраільцяне сталі адступаць перад Філістынцамі, і загінула ў тым баі на палях каля чатырох тысячаў ваяроў.
3 І вярнуўся народ у табар, і старшыні Ізраіля сказалі: «Чаму ўдарыў сёньня нас ГОСПАД у баі з Філістынцамі? Давайце прынясем з Шыло Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і няхай ён будзе паміж нас, каб ратаваць нас ад рук ворагаў нашых».
4 І паслалі народ у Шыло, каб прынесьлі адтуль Каўчэг Запавету ГОСПАДА Магуцьцяў, Які сядзіць на херувімах. Пры Каўчэгу Запавету Божага былі два сыны Гэлія: Хофні і Пінхас.
5 Калі прыбыў Каўчэг Запавету ГОСПАДА ў табар, загаманіў увесь Ізраіль вялікім гоманам, аж задрыжэла зямля.
6 Гэты крык пачулі Філістынцы і пыталіся: «Што гэта за крык вялікі ў табары Гебраяў?» І даведаліся, што Каўчэг ГОСПАДА прыбыў у табар.
7 І спалохаліся Філістынцы, і казалі: «Прыбыў Бог у табар!» І сказалі яны: «Гора нам; бо не было такога ані ўчора, ані пазаўчора.
8 Гора нам! Хто нас ухавае ад рукі гэтаых багоў магутных? Гэта тыя самыя богі, якія ўдарылі Эгіпет усякай карай у пустыні.
9 Умацуйцеся і будзьце мужнымі, Філістынцы, каб не служылі вы Гебраям, як яны служылі вам. Будзьце мужнымі і ваюйце!»
10 І ваявалі Філістынцы, і перамаглі Ізраіля, так што кожны ўцёк у намёт свой. І параза гэтая была страшная, бо ў Ізраіля палегла трыццаць тысячаў пяхоты.
11 І Каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Гэлія, Хофні і Пінхас, былі забітыя.
12 Адзін Бэн’ямінец уцёк з бою і дабраўся ў Шыло ў падзёртым адзеньні і з абсыпанай пылам галавою.
13 Калі ён прыбег, Гэлій сядзеў на крэсьле каля брамы, гледзячы на дарогу, бо ён трывожыўся дзеля Каўчэга Божага. Чалавек жа той прыйшоў і паведаміў гораду, і ўвесь горад загаласіў.
14 І пачуў Гэлій голас крыку, і спытаўся: «Што азначае гармідар гэты?» А той чалавек пасьпяшаўся, і прыйшоў, і паведаміў Гэлію.
15 Гэлій меў дзевяноста восем гадоў, і вочы ягоныя аслаблі, і ён ня мог бачыць.
16 Уцякач сказаў Гэлію: «Я прыйшоў з месца бою, і я — той, хто вырваўся сёньня з шыхтоў». Гэлій спытаўся: “«Што сталася, сын мой?»
17 І адказаў вястун: «Ізраільцяне ўцяклі перад Філістынцамі, народ атрымаў страшную паразу, і абодва сыны твае палеглі, Хофні і Пінхас, і Каўчэг Божы ўзяты».
18 Калі той сказаў пра Каўчэг Божы, Гэлій зваліўся з крэсла на кант брамы, зламаў сабе карак і памёр, бо ён быў стары і цяжкі. Ён судзіў Ізраіль сорак гадоў.
19 А нявестка ягоная, жонка Пінхаса, якая была цяжарная і мела хутка нарадзіць, калі даведалася, што Каўчэг Божы ўзяты і што сьвёкар ейны і муж загінулі, упала і нарадзіла, бо прыйшлі на яе болі радзінаў.
20 І калі канала, казалі ёй жанчыны, якія стаялі кругом яе: «Ня бойся! Ты ж нарадзіла сына». Але яна не адказала ім, ані зьвярнула на іх увагі.
21 І назвала хлопчыка Іхабод, кажучы: «Адыйшла слава ад Ізраіля» з прычыны ўзяцьця Каўчэга Божага, а таксама сьмерці сьвёкра і мужа.
22 І паўтарыла: «Адыйшла слава ад Ізраіля, бо ўзяты Каўчэг Божы».

Першая кніга Самуэля, 4 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.