Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 9 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Быў адзін мужны ваяр з роду Бэн’яміна, на імя Кіш, сын Абіэля, сына Цэрора, сына Бэхарата, сына Афіяха, сына Бэн’яміна.
2 І быў у яго сын імем Саўл, малады і прыгожы, і не было спаміж сыноў Ізраіля лепшага за яго. Ён быў на галаву вышэй ад усяго народу.
3 Вось жа прапалі ў Кіша, бацькі Саўла, асьліцы. І сказаў Кіш Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі з сабой аднаго са слугаў, устань і ідзі, пашукай асьліцы».
4 І прайшоў ён гару Эфраіма, і зямлю Шаліша, і не знайшоў. І прайшлі яны зямлю Шаалім, і не было іх, пасьля зямлю Бэн’яміна, і ўсё адно не знайшлі.
5 Так вандруючы, прыйшлі яны ў зямлю Цуф, і сказаў Саўл слузе свайму, які быў разам з ім: «Хадзем, вернемся, каб бацька мой, пакінуўшы асьліц, ня стаў хвалявацца пра нас».
6 Слуга сказаў яму: «У гэтым вось горадзе жыве чалавек Божы, чалавек шанаваны. Усё, што ён кажа, спаўняецца. Дык давай зойдзем туды, можа, ён пакажа нам дарогу ў справе нашай, дзеля якой мы пайшлі».
7 І сказаў Саўл слузе свайму: «Так, зойдзем. Але што падаруем мы таму чалавеку? Хлеб скончыўся ў торбах нашых, а падарунка ня маем, які маглі б прынесьці чалавеку Божаму. Што ж мы маем?»
8 А слуга зноў сказаў Саўлу: «Вось, знайшоў я ў руцэ маёй чвэрць сыкля срэбра, дык дамо гэта чалавеку Божаму, а ён нам дапаможа ў справе нашай».
9 Калісьці ў Ізраілі кожны, хто ішоў параіцца ў Бога, так казаў: «Хадземце да відушчага»; бо хто сёньня называецца прарокам, калісьці называўся відушчым.
10 І сказаў Саўл слузе свайму: «Добра сказаў ты, давай пойдзем». І пайшлі яны ў горад, у якім жыў чалавек Божы.
11 Калі яны падыйшлі да гораду, напаткалі дзяўчат, якія выходзілі чэрпаць воду, і спыталіся ў іх: «Ці тут жыве відушчы?»
12 Яны адказалі ім: «Тутака, вось перад табой. Пасьпяшайся цяпер, бо сёньня прыйшоў ён у горад, бо сёньня народ складае ахвяру на ўзгорку.
13 Калі ўвойдзеце ў горад, сустрэнеце яго там, перш чым пойдзе частавацца на ўзгорак, бо народ ня есьць, пакуль ён ня прыйдзе. Бо ён дабраслаўляе ахвяру, і тады толькі ядуць запрошаныя. Дык ідзіце, зараз яго сустрэнеце».
14 І падняліся яны ў горад. Калі толькі ўвайшлі яны ў горад, вось, Самуэль ідзе насустрач ім, каб падняцца на ўзгорак.
15 А ГОСПАД аб’явіў Самуэлю на дзень раней, перад прыбыцьцём Саўла, кажучы:
16 «Заўтра ў гэтую самую пару пашлю да цябе чалавека з зямлі Бэн’яміна. Ты памажаш яго на валадара народу Майго Ізраіля. Ён вызваліць народ Мой з рук Філістынцаў, бо Я ўзглянуў на народ Мой, бо лямант ягоны дайшоў да Мяне».
17 Калі Самуэль глянуў на Саўла, ГОСПАД сказаў яму: «Гэта той чалавек, пра якога Я казаў табе. Ён будзе валадаром над народам Маім».
18 Тым часам Саўл падыйшоў да Самуэля ў браме і сказаў: «Пакажы мне, прашу, дзе ёсьць дом відушчага?»
19 Самуэль адказаў Саўлу: «Я — відушчы, зайдзі да мяне на ўзгорак, і падсілкуемся сёньня разам. Адпушчу цябе раніцаю і скажу табе ўсё, што трывожыць сэрца тваё.
20 А што датычыць асьліцаў, якія прапалі тры дні таму, не клапаціся, бо ўжо знайшліся. Бо каму будзе належаць усё, што найлепшае ў Ізраілі? Ці ж не табе ды ўсяму дому бацькі твайго?»
21 Адказаў Саўл яму: «Ці ж я не Бэн’ямінец, з найменшага пакаленьня Ізраільскага? І род мой ці не найменшы з усіх родаў пакаленьня Бэн’яміна? Чаму тады ты гаворыш мне гэтак?»
22 І ўзяў Самуэль Саўла і слугу ягонага, і ўвёў іх у пакой, і даў ім першае месца між запрошанымі, якіх было каля трыццаці чалавек.
23 І сказаў кухару: «Падай тую частку, якую я даў табе пра якую казаў табе: “Адкладзі яе ў сябе”».
24 Кухар узяў сьцягно і тое, што было пры ім, і палажыў перад Саўлам. І сказаў Самуэль: «Вось тое, што пакінутае, пакладзі перад сабой і еш, бо гэта з прадбачнасьці захавана для цябе, калі вырашыў я склікаць людзей». У той дзень разам елі Саўл з Самуэлем.
25 І зыйшлі яны з узгорку ў горад. І ён размаўляў з Саўлам на даху.
26 Калі раніцай яны ўсталі і ўжо разьвіднела, паклікаў Самуэль Саўла на дах і сказаў: «Уставай, я цябе правяду». І ўстаў Саўл, і выйшлі яны абодва, ён і Самуэль.
27 Калі падыходзілі яны да канца гораду, Самуэль сказаў Саўлу: «Скажы слузе, каб пайшоў перад намі». І калі ён пайшоў, сказаў: «Ты зараз спыніся, я скажу табе, што аб’явіў мне ГОСПАД».

Першая кніга Самуэля, 9 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.