Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 7 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І прыйшлі жыхары Кірыят-Ярыму, і забралі Каўчэг ГОСПАДА, і прынесьлі яго на ўзгорак у дом Абінадава, і Элеазара, сына ягонага, пасьвяцілі, каб сьцярог Каўчэг ГОСПАДА.
2 З таго дня, як застаўся Каўчэг ГОСПАДА ў Кірыят-Ярыме, прайшло шмат часу, гадоў дваццаць. І ўвесь дом Ізраіля затужыў за ГОСПАДАМ.
3 І сказаў Самуэль усяму дому Ізраіля: «Калі хочаце навярнуцца ўсім сэрцам да ГОСПАДА, то выкіньце спасярод сябе ўсіх багоў чужых і Астарту, і прыхіліце сэрцы свае да ГОСПАДА, і служыце Яму аднаму, і Ён выратуе вас з рук Філістынцаў».
4 І павыкідалі сыны Ізраіля Баалаў і Астарту, і служылі адному толькі ГОСПАДУ.
5 І сказаў Самуэль: «Зьбярыце ўсіх Ізраільцянаў у Міцпе, і я памалюся за вас да ГОСПАДА».
6 І сабраліся ў Міцпе, і чэрпалі ваду, і вылівалі перад ГОСПАДАМ, і посьцілі ў той дзень, і казалі там: «Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ». І судзіў Самуэль сыноў Ізраіля ў Міцпе.
7 І пачулі Філістынцы пра тое, што сыны Ізраіля сабраліся ў Міцпе, і валадары Філістынцаў пайшлі супраць Ізраільцянаў. І калі даведаліся пра гэта сыны Ізраіля, то напалохаліся Філістынцаў,
8 і прасілі Самуэля: «Не пераставай за нас клікаць да ГОСПАДА, Бога нашага, каб Ён выратаваў нас з рук Філістынцаў».
9 І ўзяў Самуэль адно ягнятка-сасунка, і склаў ўсяго яго ГОСПАДУ ў ахвяру цэласпаленьня. І клікаў Самуэль ГОСПАДА за Ізраільцянаў, і выслухаў яго ГОСПАД.
10 Калі Самуэль складаў ахвяру цэласпаленьня, Філістынцы пайшлі ў бой супраць Ізраіля. У той дзень загрымеў ГОСПАД грымотам страшным над Філістынцамі і напалохаў іх, і былі яны пабітыя Ізраільцамі.
11 І выйшлі ваяры Ізраіля з Міцпы, і перасьледавалі Філістынцаў, і забівалі іх аж да Бэт-Кару.
12 І ўзяў Самуэль адзін камень, і палажыў яго паміж Міцпою і Шэнам, і назваў тое месца Эбэн-Гаэзэр, і сказаў: «Аж дасюль дапамог нам ГОСПАД».
13 Так упакораны былі Філістынцы, і больш не хадзілі яны ў межы Ізраіля. І была рука ГОСПАДА на Філістынцах у-ва ўсе дні Самуэля.
14 І вярнуліся да Ізраіля гарады, забраныя Філістынцамі ад Экрону аж да Гату. Ізраільцяне забралі землі свае з рук Філістынцаў, і запанаваў мір між Ізраілем і Амарэйцамі.
15 І судзіў Самуэль Ізраіля ў-ва ўсе дні жыцьця свайго.
16 Штогод падарожнічаў ён у Бэтэль, Гілгал і Міцпу ды судзіў Ізраіля ў-ва ўсіх гэтых месцах.
17 Пасьля вяртаўся ў Раму, бо там быў дом ягоны, і там таксама судзіў Ізраіля. І ён пабудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ.

Першая кніга Самуэля, 7 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.