Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 25 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І памёр Самуэль, і сабраўся ўвесь Ізраіль, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным у Раме. А Давід устаў і пайшоў у пустыню Паран.
2 І быў нейкі чалавек у пустыні Маон, які меў паселасьць сваю ў Кармэлю, і быў той чалавек дужа багаты. Было ў яго авечак тры тысячы і тысячу козаў. І сталася, што ён стрыг статак свой у Кармэлю.
3 Імя таго чалавека было Наваль, а імя жонкі ягонай — Абігайль. Жанчына тая была разумная і прыгожая, а муж ейны быў жорсткі і злачынны, з роду Халева.
4 І вось, калі Давід пачуў у пустыні, што Наваль стрыжэ статак свой,
5 паслаў ён дзесяць юнакоў і сказаў ім: «Ідзіце ў Кармэль і зайдзіце да Наваля, і прывітайце яго ад мяне з мірам,
6 і скажыце брату майму: “Супакой табе, і мір дому твайму, і ўсяму, што маеш, няхай будзе мір!
7 Пачуў я, што стрыгуць авечкі ў цябе. Пастухі твае былі разам з намі ў пустыні, і мы не зрабілі ім ніякай прыкрасьці, і не прапала ў іх за гэты ўвесь час нічога са статку, калі былі яны з намі ў Кармэлю.
8 Запытайся слугаў сваіх, і скажуць яны табе. Дык няхай юнакі гэтыя маюць ласку ў вачах тваіх, бо ў добры дзень прыходзім. Што знойдзе рука твая, дай слугам тваім і сыну твайму Давіду”».
9 І прыйшлі слугі Давіда, і сказалі Навалю ўсе словы, сказаныя Давідам, і маўчалі.
10 У адказ сказаў Наваль слугам Давіда: «Хто такі Давід і хто сын Есэя? Сёньня намножылася слугаў, якія пакідаюць паноў сваіх.
11 Дык я што, маю ўзяць хлеб свой, ваду і мяса, прыгатаванае для стрыгачоў, і даць іх людзям, пра якіх нават ня ведаю, адкуль яны?»
12 І выбраліся юнакі Давіда ў дарогу адваротную, і прыйшлі, і пераказалі ўсе словы гэтыя Давіду.
13 І сказаў Давід ваярам сваім: «Няхай кожны падпяражацца мячом сваім!» І падперазаўся кожны мячом сваім, і таксама Давід падперазаўся мячом сваім, і вырушылі з Давідам у лічбе каля чатырохсот чалавек, а дзьвесьце засталіся ў табары.
14 І адзін са слугаў [Наваля] паведаміў Абігайлі, жонцы Наваля: «Давід прыслаў весьнікаў з пустыні, каб прывіталі гаспадара нашага, а ён дрэнна абыйшоўся з імі.
15 А людзі тыя былі для нас добрымі, і ня крыўдзілі нас. За ўвесь час, які з імі мы хадзілі ў пустыні, нішто ніколі не прапала.
16 Былі яны нам мурам ахоўным як у ночы, так і ў дзень, калі мы хадзілі з імі і пасьвілі статак свой.
17 Дзеля гэтага разваж і падумай, што зрабіць, бо ліхая пастанова прынятая супраць гаспадара нашага і супраць усяго дому ягонага. Ён жа — сын Бэліяла, і з ім ніхто ня можа дамовіцца».
18 І Абігайль узяла пасьпешна дзьвесьце хлябоў, два буклакі віна, пяць печаных бараноў, пяць мерак пражаных зярнят, сто мерак разынак і дзьвесьце зьвязак сушаных фігаў, і наладавала на аслоў.
19 І сказала яна слугам сваім: «Вы ідзіце наперадзе, а я буду ісьці за вамі». А мужу свайму, Навалю, не сказала нічога.
20 І калі яна, седзячы на асьле, зыходзіла па схіле з гары, акурат Давід і людзі ягоныя ішлі насустрач ёй, і яна спаткала іх.
21 А Давід казаў сабе: «Надарма я захоўваў у пустыні ўсю маёмасьць чалавека гэтага і нішто не прапала з таго, што да яго належала, бо ён адплаціўся ліхам за дабро.
22 Няхай гэта зробіць Бог з ворагамі Давіда і тое дадасьць, калі я да раніцы пакіну з таго, што яму належыць, хоць бы хлопца».
23 Калі Абігайль убачыла Давіда, пасьпешна зьлезла з асла і ўпала на твар перад Давідам, і пакланілася яму да зямлі.
24 І кінулася яна да ног ягоных, і сказала: «Гаспадару мой, мая гэта віна. Дазволь служцы тваёй гаварыць у вушы твае, і выслухай, што скажа служка твая.
25 Няхай гаспадар мой не зьвяртае ўвагі на чалавека гэтага ліхога, Наваля, бо ён такі, якое імя ягонае, Наваль імя ягонае, і такая ж дурасьць у ім. А я — служка твая, ня бачыла юнакоў гаспадара майго, якіх ты паслаў.
26 І цяпер, гаспадару мой, на жыцьцё ГОСПАДА і на жыцьцё тваё, ГОСПАД устрымаў цябе ад праліцьця крыві і помсты на сваю руку, каб ворагі твае і ўсе, што хочуць няшчасьця гаспадару майму, падобнымі сталіся да Наваля.
27 Дзеля таго прымі падарунак гэты, які прынесла служка твая гаспадару свайму, і дай яго юнакам сваім, якія ходзяць разам з гаспадаром маім.
28 І даруй віну слугі тваёй. А ГОСПАД напэўна збудуе гаспадару майму дом, які будзе трываць, бо гаспадар мой вядзе войны ГОСПАДА, і няхай не спатыкае цябе няшчасьце праз усё жыцьцё тваё.
29 Калі часам паўстане хто перасьледаваць цябе і цікаваць на жыцьцё тваё, няхай душа гаспадара майго будзе захаваная ў вузьле жыцьця ў ГОСПАДА, Бога твайго, а душу ворагаў тваіх няхай выкіне Ён як з пушчалкі.
30 А калі споўніць ГОСПАД гаспадару майму ўсё добрае, што абяцаў, і паставіць цябе правадыром Ізраіля,
31 няхай ня будзе сэрцу гаспадара майго згрызотай і занепакаеньнем, што праліў ты кроў нявінную і не захаваў сябе ад помсты. І калі ГОСПАД аднагародзіць гаспадару майму, ты ўзгадаеш тады пра служку тваю».
32 І сказаў Давід Абігайлі: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які паслаў цябе сёньня на сустрэчу са мной.
33 І няхай будзе дабраслаўлёна мудрасьць твая, і дабраслаўлёна таксама ты, бо паўстрымала ты мяне сёньня ад праліцьця крыві і ад помсты рукою маёй.
34 Бо інакш, на жыцьцё ГОСПАДА, Бога Ізраіля, Які стрымаў мяне, каб я не зрабіў табе зла, каб ты ня выйшла хутка на спатканьне мне, не засталося б Наваля нікога мужчынскага роду да сьвітаньня».
35 І прыняў Давід з рук ейных усё, што яна прынесла, і сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі ў дом свой, бо я выслухаў просьбу тваю і ўшанаваў аблічча тваё».
36 І вярнулася Абігайль да Наваля, а ён тым часам справіў банкет у доме сваім як банкет валадарскі. І сэрца Наваля было вясёлае, бо быў ён надта п’яны. І яна не сказала яму анічога пра гэта да раніцы.
37 Раніцаю, калі Наваль працьверазіўся ад віна, жонка ягоная расказала яму пра справу гэтую. І замерла сэрца ягонае, і ён зрабіўся як камень.
38 А праз дзесяць дзён ГОСПАД ударыў Наваля, і ён памёр.
39 Калі пачуў Давід, што Наваль памёр, сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які рассудзіў справу зьнявагі маёй з боку Наваля і захаваў слугу свайго ад зла, а злачыннасьць Наваля зьвярнуў на галаву ягоную». І паслаў Давід сказаць Абігайлі, што ён бярэ яе сабе за жонку.
40 І вось прыйшлі слугі Давіда да Абігайлі ў Кармэль, і сказалі ёй: «Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе сабе за жонку».
41 Яна ўстала, пакланілася тварам да зямлі і сказала: «Вось служка твая ёсьць нявольніцай, каб мыць ногі слугаў гаспадара майго».
42 І сабралася пасьпешна Абігайль, і села на асла, і пяць служак ейных ішлі за ёю. І паехала яна за пасланцамі Давіда, і сталася жонкаю ягонаю.
43 Таксама Ахінаам з Езрээля узяў Давід за жонку, і яны абедзьве сталіся жонкамі ягонымі.
44 А Саўл аддаў Міхаль, дачку сваю, жонку Давіда, Пальту, сыну Ляша, які паходзіў з Галіму.

Першая кніга Самуэля, 25 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.