Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 18 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калi Давiд скончыў размову з Саўлам, душа Ёнатана прыхілілася да душы Давiда, і палюбiў яго Ёнатан, як душу сваю.
2 І з таго дня ўзяў яго Саўл да сябе, i не адпускаў яго вяртацца дадому да бацькi свайго.
3 І завязалася ў Ёнатана з Давiдам сяброўства, бо палюбiў ён яго як душу сваю.
4 І зьняў з сябе Ёнатан шату, у якую быў апрануты, i аддаў яе Давiду, i астатняе адзеньне сваё, i нават меч, лук i пояс свой.
5 I хадзіў Давід усюды, куды толькi пасылаў яго Саўл, i ўсюды меў посьпех. І паставіў яго Саўл начальнiкам над ваярамi, і падабаўся ён усiм людзям, а таксама слугам валадара Саўла.
6 І, калi варочалiся ваяры, калi вяртаўся Давiд, перамогшы Фiлiстынцаў, пераймалi iх жанчыны, выйшаўшы з песьнямi i танцамi насустрач Саўлу, з бубнамі і гусьлямі.
7 I сьпявалi жанчыны сярод музыкі i танцаў: «Пабiў Саўл тысячы, а Давiд — дзясяткi тысячаў».
8 І надта ўзлаваўся Саўл, і не падабалiся яму гэтыя словы, і сказаў ён: «Давiду даюць дзясяткi тысячаў, а мне даюць толькi тысячы; яму толькі валадараньня не хапае».
9 Ад таго дня глядзеў Саўл на Давiда крывым вокам.
10 На другi дзень апанаваў Саўла лiхi дух, спасланы Богам, i ён шалеў у доме сваiм. І Давiд як штодзень граў на гусьлях, а Саўл трымаў дзiду ў руцэ.
11 I кінуў ён дзiду, думаючы, што можа прыбiць Давiда да сьцяны. Але Давiд ухiлiўся, і было так два разы.
12 І баяўся Саўл Давiда, бо ГОСПАД быў з iм, а ад яго адвярнуўся.
13 І адсунуў Саўл яго ад сябе, і прызначыў яго тысячнікам, і ён хадзiў [на вайну] i вяртаўся перад абліччам народу.
14 І на ўсiх шляхах сваiх дзейнiчаў Давiд пасьпяхова, i ГОСПАД быў з iм.
15 І ўбачыў Саўл, што яму ўсё пасьпяхова ідзе, і стаў дрыжэць перад iм.
16 Увесь жа народ Ізраіля i Юды любiў Давiда, бо ён хадзiў [на вайну] i вяртаўся перад абліччам іхнім.
17 І сказаў Саўл Давiду: «Маю я старэйшую дачку Мэраб, дык дам яе табе за жонку, але будзь у мяне мужным [чалавекам] i вядзі войны ГОСПАДА». І думаў Саўл сабе: «Калi не мая рука на яго ляжа, то няхай будзе на iм рука Фiлiстынцаў».
18 І сказаў Давiд Саўлу: «Хто я i якое жыцьцё маё, або якi род бацькi майго ў Ізраілі, каб быць мне зяцем валадара?»
19 Але калi наблiзіўся час аддаць Мэраб, дачку Саўла, Давiду, аддадзена была яна за жонку Адрыэлю з Мэхолы.
20 А другая дачка Саўла, Мiхаль, пакахала Давiда. І было пра гэта сказана Саўлу, і спадабалася гэта яму.
21 І падумаў Саўл у душы сваёй: «Аддам яму яе, каб была яна яму на загубу i каб была на iм рука Фiлiстынцаў». І другi раз сказаў Саўл Давiду: «Сёньня будзеш зяцем маiм ».
22 I загадаў Саўл слугам сваім: «Пагаварыце з Давiдам па-ціху, кажучы яму: “Ты падабаешся валадару, i ўсе слугi ягоныя любяць цябе, дык будзь зяцем валадара”».
23 I гаварылі гэтымi словамi слугi Саўла Давiду, а ён сказаў: «Цi ж вам здаецца, што я раўня быць зяцем валадару? Я ж чалавек бедны i нязначны».
24 I паведамiлi слугi Саўлу: «Вось гэтак сказаў Давiд».
25 І сказаў Саўл: «Вось так скажыце Давiду: “Валадар не патрабуе ніякай платы за нявесту, але толькi сто абрэзаных скуравінак Фiлiстынскiх, каб адпомсьцiць ворагам валадара”». Бо думаў Саўл гэтак выдаць Давiда ў рукi Фiлiстынцаў.
26 Калi слугi валадара пераказалi словы, якiя сказаў Саўл, спадабалася гэта Давiду, каб стаць зяцем валадара.
27 Яшчэ ня скончыліся прызначаныя днi, а Давiд пайшоў з ваярамi сваімі i забiў дзьвесьце Фiлiстынцаў, i прынёс абрэзаныя скуравінкі iхнiя, i адлiчыў iх валадару, каб быць зяцем ягоным. І аддаў Саўл дачку сваю Мiхаль за жонку яму.
28 І ўбачыў Саўл, i зразумеў, што ГОСПАД ёсьць з Давiдам, а Мiхаль, дачка Саўла, кахала яго.
29 I тым больш пачаў Саўл баяцца Давiда, і стаўся Саўл ворагам Давiду на ўсё жыцьцё.
30 А валадары Фiлiстынцаў выходзілі ваяваць, але колькi разоў нападалi яны, Давiд з посьпехам перамагаў іх, і лепш, чым слугi Саўла, таму вельмi слаўным сталася iмя ягонае.

Першая кніга Самуэля, 18 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.