Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 20 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 А Давiд уцёк з Наёту ў Раме, i дабраўся да Ёнатана, i сказаў яму: «Што я такое зрабiў, у чым мая вiна i чым я саграшыў адносна бацькi твайго, што ён цiкуе на жыцьцё маё?»
2 Ёнатан адказаў яму: «Ня будзе гэтага, ты не памрэш. Бацька мой не вырашае анiчога важнага або няважнага, калi перш не параiцца са мною. Навошта гэта хаваў бы ён перада мною? Нiколi ня будзе гэтага».
3 Але Давiд сказаў: «Напэўна ведае бацька твой, што ты мне спагадны, і ён скажа ў сабе: “Няхай не даведаецца пра гэта Ёнатан, каб не сумаваў”. Але на жыцьцё ГОСПАДА, i на жыцьце тваё, толькi адзiн крок аддзяляе мяне ад сьмерцi».
4 Адказаў Ёнатан Давiду: «Што толькi захочаш, я зраблю табе».
5 І сказаў Давiд Ёнатану: «Заўтра маладзік, калі я звычайна павiнен сядзець каля валадара на банкеце. Дык дазволь мне, і я пайду, i схаваюся ў полi аж да трэйцяга вечара.
6 Калi спытаецца бацька твой пра мяне, адкажы яму: “Прасiў мяне Давiд, каб заскочыць у Бэтлеем, у горад свой, бо ўся сям’я ягоная складае ў гэтыя дні ахвяру гадавую”.
7 Калi ён скажа: “Добра”, будзе тады супакой слузе твайму, а калi разгневаецца, ведай, што нешта лiхое ён вырашыў зрабiць.
8 Дык акажы ласку слузе свайму, бо ты ўвёў слугу свайго ў запавет з сабою. Калi я ў чым вiнаваты, ты забi мяне, але да бацькi свайго не вядзi мяне».
9 І адказаў Ёнатан: «Нiякiм чынам! Калi сапраўды даведаюся, што бацька мой вырашыў зрабiць табе крыўду, цi ж я табе пра гэта не паведамлю?»
10 Давiд адказаў Ёнатану: «Хто паведамiць мне, калi бацька твой жорстка адкажа табе?»
11 Ёнатан сказаў Давiду: «Хадзем, выйдзем у поле». І выйшлi яны ў поле абодва,
12 і сказаў Ёнатан Давiду: «Сведка ГОСПАД, Бог Ізраіля, заўтра або пасьлязаўтра я даведаюся ў бацькі свайго, i калi што добрае будзе адносна Давiда, а я не пашлю да цябе i не паведамлю табе,
13 то няхай мне ГОСПАД гэтае зло зробiць і тое дасьць. А калi задумае ліхое бацька мой супраць цябе, пра гэта я паведамлю табе, i адпушчу цябе, каб ты пайшоў у супакоі. І няхай ГОСПАД будзе з табою, як Ён быў з бацькам маiм.
14 І калi я яшчэ буду жыць, ты зьявіш мне мiласэрнасьць ГОСПАДА, і я не памру.
15 І ты не спыняй ласкi сваёй адносна дому майго навечна, нават тады, калi ГОСПАД выкарчуе ворагаў Давiда з аблічча зямлi.
16 І няхай ГОСПАД адпомсьціць усім ворагам Давіда». У гэтыя словы заключыў Ёнатан запавет з домам Давiда.
17 I яшчэ раз Ёнатан запрысяг Давiду любоў сваю, бо ён палюбіў яго, як душу сваю.
18 І сказаў яму Ёнатан: «Заўтра маладзік, і ты зьвернеш на сябе ўвагу, бо месца тваё будзе пустым.
19 Таму на трэйцi дзень ты зыйдзі i прыйдзі на тое месца, дзе ты хаваўся раней, i затрымайся каля камяня Эзэл.
20 А я пушчу ў бок ягоны тры стралы, як быццам страляючы ў метку.
21 І пашлю слугу, даючы яму загад: “Iдзi i прынясi мне стрэлы”. Калi скажу яму: “Вось, стрэлы перад табою, вазьмі iх”, то ты прыходзь да мяне, бо супакой табе, і няма нiчога благога, няхай жыве ГОСПАД.
22 А калi скажу юнаку: “Стрэлы за табой”, дык ты ўцякай, бо ГОСПАД пасылае цябе.
23 А ў слове, якое мы сказалі, я i ты, няхай ГОСПАД будзе мiж мною i табой на вякі».
24 І схаваўся Давiд у полi. І вось, надыйшоў маладзік, i валадар банкетаваў пры стале.
25 І, як звычайна, сядзеў валадар на пасадзе сваiм каля сьцяны, і Ёнатан заняў месца насупраць, і Абнэр сядзеў з боку Саўла, а месца Давiда было пустым.
26 І ў той дзень Саўл не ўзгадаў пра яго, бо ён думаў, што можа яму што здарылася, хіба ён нячысты, бо не ачысьцiўся.
27 Але назаўтра, на другі дзень маладзіка, калi месца Давiда зноў было пустым, азваўся Саўл да сына свайго, Ёнатана: «Чаму сын Есэя не прыйшоў на банкет анi ўчора, анi сёньня?»
28 Ёнатан адказаў Саўлу: «Давiд вельмi прасiў мяне адпусьцiць яго ў Бэтлеем.
29 Ён казаў: “Адпусьцi мяне, бо ў тым горадзе складаюць ахвяру сямейную, i брат мой запрасiў мяне, i калi я знайшоў ласку ў вачах тваiх, я наведаю братоў маiх”. З гэтай вось прычыны не прыйшоў ён на банкет валадара».
30 І ўзлаваўся Саўл на Ёнатана, i сказаў яму: «Ты, сын жанчыны здрадлівай, цi ж я ня ведаю, што ты любiш сына Есэя на ганьбу тваю i на ганьбу мацi тваёй.
31 Як доўга будзе жыць на зямлi сын Есэя, не ўтрымаешся ты i валадараньне тваё. Дык зараз жа пашлi пасланцоў i прывядзi яго да мяне, бо ён павiнен памерцi».
32 І адказаў Ёнатан Саўлу, бацьку свайму, і спытаўся ў яго: «Чаму ён мусiць памерцi? Што ён зрабiў?»
33 Тады Саўл кiнуў у яго дзiду, каб забiць яго. Такiм чынам пераканаўся Ёнатан, што бацька яго вырашыў забiць Давiда.
34 І падняўся Ёнатан ад стала загневаны, i ня еў хлеба ў другі дзень маладзіка, бо трывожыўся дзеля Давiда, i што бацька ягоны зьняважыў таксама яго.
35 Калi разьвiднела, пайшоў Ёнатан у поле, на месца, вызначанае Давiдам, а разам з iм юнак.
36 І сказаў ён слузе свайму: «Iдзi i прынясi стрэлы, якiя я пушчу». І калi хлопец пабег, ён пусьцiў стралу цераз хлопца.
37 І пайшоў хлопец да месца стралы, якую пусьціў Ёнатан, а Ёнатан крыкнуў за ім: «Страла далей за табою».
38 І закрычаў Ёнатан ззаду за хлопцам: «Падымі хутчэй, ня стой там!» І падняў хлопец стралу, і прынёс да гаспадара свайго,
39 а што адбывалася, ён ня ведаў нічога. Толькі Ёнатан і Давід разумелі справу.
40 І аддаў Ёнатан зброю сваю хлопцу, і сказаў яму: «Ідзі і занясі ў горад».
41 І калі адыйшоў хлопец, устаў Давід з паўднёвага боку, упаў тварам на зямлю і тры разы пакланіўся. І пацалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, а Давід плакаў уголас.
42 І сказаў Ёнатан Давіду: «Ідзі ў супакоі, бо мы прысяглі абодва ў імя ГОСПАДА, кажучы: “ГОСПАД будзе між мною і табой, і паміж насеньнем маім і насеньнем тваім навечна”».

Першая кніга Самуэля, 20 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.