Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 19 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І намаўляў Саўл Ёнатана, сына свайго, i ўсiх слугаў сваiх, каб забiлi Давiда, але Ёнатан, сын Саўла, вельмі любіў Давіда.
2 І перасьцерагаў Ёнатан Давiда: «Саўл, бацька мой, хоча забiць цябе. Таму сьцеражыся цяпер ранiцою, і схавайся, i не паказвайся.
3 А я пайду i стану каля бацькi ў полі, дзе ты будзеш, і буду гаварыць пра цябе бацьку майму, i што ўбачу, раскажу табе».
4 І гаварыў Ёнатан добрае бацьку свайму Саўлу пра Давіда, кажучы яму: «Няхай не грашыць валадар што да Давiда, слугi свайго, бо нiчым ён не саграшыў перад табою, i ўчынкi ягоныя для цябе заўсёды добрыя.
5 Ён выстаўляў на сьмерць жыцьцё сваё, i забiў Фiлiстынца, і праз яго ГОСПАД даў вялiкую перамогу Ізраілю. Ты сам бачыў гэта i цешыўся. Дык чаму ты грашыш супраць нявiннай крывi, хочучы забіць Давiда, які ня мае вiны?»
6 Калi Саўл выслухаў, улагоджаны словамі Ёнатана, пакляўся: «На жыцьцё ГОСПАДА, ня будзе ён забiты».
7 І паклікаў Ёнатан Давiда, i пераказаў яму ўсе гэтыя словы. I прывёў Ёнатан Давiда да Саўла, i застаўся ён у яго, як раней.
8 І зноў пачалася вайна. І пайшоў Давiд ваяваць супраць Фiлiстынцаў, i зрабіў iм вялiкую паразу, і яны ўцякалі перад iм.
9 І зыйшоў на Саўла лiхi дух, спасланы ГОСПАДАМ, і сядзеў ён у доме сваім, i трымаў дзiду, а Давiд у той час граў на гусьлях.
10 І задумаў Саўл прыбiць Давiда да сьцяны, але Давiд ухiлiўся перад Саўлам, i дзiда, не скалечыўшы яго, убiлася ў сьцяну, а Давiд уцёк i ўратаваўся ў тую ноч.
11 Тады паслаў Саўл слугаў сваiх у дом да Давiда, каб сачылі за ім i забiлi на ранiцы. І паведамiла пра гэта Давiду Мiхаль, жонка ягоная, кажучы: «Калi не ўсьцеражэшся ў гэтую ноч, заўтра будзеш забiты».
12 І спусьцiла яна яго праз вакно, і ён пайшоў, і ўцёк, i быў уратаваны.
13 А Мiхаль узяла хатняга балвана, i палажыла яго на ложак, а пад галаву ягоную падклала падушку з казiнай поўсьці i накрыла плашчом.
14 Саўл жа паслаў слугаў, каб узялi Давiда, але яна сказала, што ён хворы.
15 І паслаў Саўл зноў слугаў, каб адведалі Давiда, і загадаў ім: «Прынясiце да мяне яго ў ложку, каб я забiў яго».
16 І прыйшлi слугi, і знайшлi балвана на ложку, i скуру казiную на месцы галавы.
17 І сказаў Саўл Мiхалi: «Чаму ты так падманула мяне i выпусьцiла ворага майго, каб ён мог уцячы?» Мiхаль адказала Саўлу: «Бо ён сказаў мне: “Пусьцi мяне, бо iнакш заб’ю цябе”».
18 І Давiд уратаваўся ўцёкамі, i дабраўся да Самуэля ў Раму, i расказаў яму ўсё, што зрабiў яму Саўл. І пайшлi адтуль ён i Самуэль, i затрымалiся ў Наёце.
19 І паведамілі Саўлу, кажучы: «Вось, Давiд у Наёце ў Раме».
20 І паслаў Саўл слугаў, каб схапiлi Давiда. І яны ўбачылi грамаду прарокаў, што праракавалі, i Самуэля на чале іх, i зыйшоў на iх Дух Божы, i яны таксама пачалi прарочыць.
21 І паведамілі пра гэта Саўлу, і паслаў ён іншых пасланцоў, але i яны прарочылi. І паслаў Саўл трэйціх пасланцоў, але яны таксама прарочылі.
22 Дык ён сам выбраўся ў Раму i дайшоў да вялiкай студнi, якая ў Сэку. I пытаўся ён: «Дзе Самуэль i Давiд?» Адказалi яму: «Яны ў Наёце ў Раме».
23 І пайшоў ён у Наёт у Раме, але Дух Божы зыйшоў на яго таксама, і ён, iдучы, усцяж прарочыў, аж дайшоў у Наёт у Раме.
24 І зьняў ён з сябе адзеньне сваё, і разам з iншымi прарочыў перад Самуэлем, і ўпаў, i ляжаў голы ўвесь дзень i ноч. Вось таму і гавораць: «Цi ж i Саўл мiж прарокаў?»

Першая кніга Самуэля, 19 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.