Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 6 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І быў Каўчэг ГОСПАДА ў зямлі Філістынскай сем месяцаў.
2 І паклікалі Філістынцы сьвятароў і варажбітоў, і спыталіся: «Што маем зрабіць з Каўчэгам ГОСПАДА? Парайце нам, як маем адаслаць яго ў месца сваё».
3 Яны сказалі: «Калі будзеце адасылаць Каўчэг Бога Ізраіля, не адсылайце яго пустым, але тое, што належыцца, аддайце за грэх, і тады паздаравееце. І даведаецеся, чаму не адступае рука Ягоная ад вас».
4 Яны спыталіся: «Чым і як маем Яму за грэх аднагародзіцца?» Яны адказалі: «Паводле ліку валадароў Філістынскіх зрабіце пяць балячак залатых і пяць мышэй залатых, бо пляга тая самая дакранулася ўсіх вас і валадароў вашых.
5 Зрабіце выявы гузоў і выявы мышэй, якія вынішчаюць зямлю, і аддайце хвалу Богу Ізраіля, каб адхіліў руку Сваю ад вас, ад багоў вашых ды ад зямлі вашай.
6 Чаму вы робіце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як зацьвярдзіў Эгіпет і фараон сэрца сваё, бо яны не дазволілі ім адыйсьці, калі ГОСПАД пакараў іх.
7 І цяпер падрыхтуйце новы воз і дзьве дойныя каровы, на якіх не было ярма, і запражыце каровы ў вазы, а цяляты іхнія адвядзіце дамоў.
8 І вазьміце Каўчэг ГОСПАДА, і пастаўце яго на воз, а выявы залатыя, якія маеце аддаць Яму за грэх, палажыце ў скрынку збоку яго. І так пусьціце яго ў дарогу.
9 І глядзіце, калі ён накіруецца дарогай да межаў сваіх да Бэт-Шэмэшу, дык ведайце, што гэта Ён навёў на вас гэтае вялікае няшчасьце; а калі не, то будзем ведаць, што не рука Ягоная нас дакранула, але гэта было выпадкова».
10 І зрабілі людзі такім чынам. І ўзялі дзьве дойныя каровы, і запрэглі іх у воз, а цяляты іхнія затрымалі ў хляве.
11 І паставілі Каўчэг ГОСПАДА на воз, а таксама скрынку з залатымі мышамі і выявамі гузоў.
12 І каровы пайшлі простаю дарогаю ў напрамку Бэт-Шэмэшу, і ідучы тою самаю дарогаю, не зыходзілі ані на права, ані на лева. А валадары Філістынскія ішлі за імі аж да межаў Бэт-Шэмэшу.
13 А ў Бэт-Шэмэшы на раўніне жалі пшаніцу. І падняўшы вочы, убачылі [жняцы] Каўчэг, і надта ўсьцешыліся, убачыўшы яго.
14 А воз узьехаў на поле Егошуа з Бэт-Шэмэшу і затрымаўся там, а тамака ляжаў камень вялікі. І яны пасеклі воз на дровы, а каровы склалі ГОСПАДУ ў ахвяру цэласпаленьня.
15 І лявіты зьнялі Каўчэг Божы і скрынку, якая ляжала побач яго, у якой знаходзіліся выявы залатыя, і палажылі іх на вялікім камяні. І склалі ў той дзень людзі Бэт-Шэмэшу ГОСПАДу ахвяры цэласпаленьня і ахвяры крывавыя.
16 І пяць валадароў Філістынскіх бачылі гэта, і вярнуліся ў Экрон у той самы дзень.
17 Вось гузы залатыя, складзеныя Філістынцамі ГОСПАДУ за грэх: адзін — за Ашдод, адзін — за Газу, адзін — за Ашкелён, адзін — за Гат і адзін — за Экрон.
18 А залатыя мышы былі паводле лічбы гарадоў Філістынскіх пяці валадароў іхніх, ад умацаванага гораду да пасяленьня, якое без муроў. Камень жа той вялікі, на якім паставілі Каўчэг ГОСПАДА на поле Егошуа з Бэт-Шэмэшу, ёсьць сьведкам гэтаму аж па сёньняшні дзень.
19 І ўдарыў ГОСПАД людзей Бэт-Шэмэшу, якія заглядалі ў Каўчэг ГОСПАДА, і выбіў з народу пяцьдзесят тысячаў і семдзясят чалавек. Дзеля таго народ быў у жалобе, бо ГОСПАД ударыў народ так страшнай карай.
20 І сказалі людзі Бэт-Шэмэшу: «Хто можа стаць перад ГОСПАДАМ, гэтым Сьвятым Богам? Да каго Ён пяройдзе ад нас?»
21 І паслалі яны пасланцоў да жыхароў Кірыят-Ярыму, кажучы: «Вярнулі Філістынцы Каўчэг ГОСПАДА. Прыходзьце і забярыце яго да сябе».

Першая кніга Самуэля, 6 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.