Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 2 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І Ганна малілася і казала: “Радуецца сэрца маё ў ГОСПАДЗЕ, узьняўся рог мой ў Богу маім. Адкрыліся вусны мае супраць ворагаў маіх, бо пацешана я збаўленьнем Тваім.
2 Ніхто не сьвяты так як ГОСПАД, бо няма нікога іншага, апроч Цябе. Ніхто не магутны, як Бог наш.
3 Перастаньце гаварыць шмат словаў фанабэрыстых. Няхай спыніцца пыхлівасьць вуснаў вашых, бо ГОСПАД ёсьць Бог усякіх ведаў, Ён ацаняе усе ўчынкі.
4 Лук волатаў ломіцца, а кволыя набіраюцца сілы.
5 Тыя, што былі насычаныя, наймаюцца за хлеб, а галодныя хлеба не патрабуюць, бясплодныя родзяць сем разоў, а тая, што многа мела сыноў — завяла.
6 ГОСПАД дае сьмерць і жыцьцё, ўкідае ў пекла і з яго выцягвае.
7 ГОСПАД робіць бедным і багатым, паніжае і ўзвышае.
8 Ён выцягвае беднага з балота, і са сьмецьця падымае ўбогага, каб пасадзіць яго з князямі і каб атрымаў ён у спадчыну пасад славы. Бо ГОСПАДАВЫ асновы зямлі, на іх Ён паставіў сусьвет.
9 Захоўвае Ён крокі сьвятых Сваіх, а бязбожнікі уў цемры счазаюць, бо чалавек дужы ня сілаю сваёю.
10 ГОСПАД зьнішчае супраціўнікаў Сваіх, грыміць на іх у нябёсах. ГОСПАД будзе судзіць увесь сьвет, і дасьць уладу валадару Свайму, і ўзвысіць рог памазанца Свайго».
11 І вярнуўся Элькана ў Раму, у дом свой. А хлопчык застаўся служыць ГОСПАДУ пад наглядам Гэлія, сьвятара.
12 Сыны ж Гэлія, як сыны Бэліяла, не зважалі на ГОСПАДА,
13 ані на абавязак сьвятарскі адносна народу, але калі хто складаў крывавую ахвяру, то прыходзіў слуга сьвятара з трызубым відэльцам ў руцэ і, калі варылася мяса,
14 запускаў яго у кацёл, або ў гаршчок, або ў патэльню, або ў міску, і ўсё, што выдабыў відэльцам, забіраў сабе сьвятар. Так паступалі з усімі Ізраільцянамі, што прыходзілі ў Шыло.
15 І нават яшчэ ня быў спалены тлушч, а ўжо прыходзіў слуга сьвятара і казаў таму, хто складаў ахвяру: «Дай мне мяса, а я сьпяку яго сьвятару, бо ён ня прыйме ад цябе варанага мяса, але толькі сырое».
16 І казаў яму той, што складаў ахвяру: «Прынамсі, спалі тлушч, а тады возьмеш сабе, што душа твая зажадае». Слуга адказваў яму: «Ніякім чынам. Давай цяпер; а калі не, забяру сілай».
17 І грэх тых юнакоў быў вельмі вялікі перад ГОСПАДам, бо зьневажалі яны ахвяры ГОСПАДАВЫ.
18 А Самуэль служыў перад абліччам ГОСПАДА як паслугач, апрануты ў ільняны эфод.
19 Маці ягоная шыла яму малую шату, якую прыносіла яму штогод, калі прыходзіла з мужам скласьці ахвяру гадавую.
20 І дабраславіў Гэлій Элькану і жонку ягоную, кажучы: «Няхай дасьць табе ГОСПАД нашчадкаў з гэтай жонкі ў замену за ўпрошанага, якога ты аддаў ГОСПАДУ». І яны варочаліся ў дом свой.
21 І паспагадаў ГОСПАД Ганьне, і яна зачала, і нарадзіла трох сыноў і дзьве дачкі. А юнак Самуэль рос пры ГОСПАДЗЕ.
22 Гэлій быў ужо надта стары. І чуў ён усё, што рабілі сыны ягоныя адносна ўсіх Ізраільцянаў, як яны спалі з жанчынамі, якія зьбіраліся пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня.
23 І сказаў ён ім: «Чаму дапускаецеся вы такіх ліхіх учынкаў, бо я чую пра страшныя справы ад усяго народу?
24 Перастаньце, сыны мае. Ня добрая гэта слава, пра якую я чую, разбэшчваеце вы народ перад ГОСПАДАМ.
25 Калі саграшыць чалавек супраць чалавека, судзьдзёю яму можа быць Бог; але калі супраць ГОСПАДА саграшыць чалавек, то хто заступіцца за яго?» Але яны ня слухалі перасьцярогі бацькі свайго, бо ГОСПАД вырашыў аддаць іх на сьмерць.
26 Юнак жа Самуэль рос, і штораз болей падабаўся як ГОСПАДУ, так і людзям.
27 І прыйшоў да Гэлія чалавек Божы, і сказаў яму: «Вось гэта кажа ГОСПАД: “Ці ж Я не аб’явіўся дому бацькі твайго, калі былі яны ў Эгіпце ў доме фараона?
28 Спаміж ўсіх пакаленьняў Ізраіля Я выбраў іх Сабе на сьвятароў, каб прыходзілі да ахвярніку Майго складаць ахвяры каджэньня і насіць перад абліччам Маім эфод. Я даў для дому бацькі твайго ўсе ахвяры сыноў Ізраіля.
29 Чаму вы топчаце нагамі ахвяры Мае крывавыя і ахвяры хлебныя, якія Я ўстанавіў, каб былі складаныя ў сьвятыні. Ты больш шануеш сыноў сваіх, чым Мяне, каб яны сыцелі на найлепшых частках з усіх дароў Ізраіля, народу Майго”.
30 Дзеля таго кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я з моцай казаў дому бацькі твайго, што будуць яны служыць перад абліччам Маім у вякі. Але цяпер, кажа ГОСПАД, гэтак ня будзе ў Мяне. Цяпер так будзе: хто будзе славіць Мяне, і Я таго праслаўлю; а хто зьневажае Мяне, той будзе ў ганьбе.
31 Вось, прыходзяць дні, у якія Я адсяку рамяно тваё і рамяно дому бацькі твайго, каб не было старога ў доме тваім.
32 Ты будзеш бачыць бедства сьвятыні Маёй, пры тым, што ГОСПАД дабраслаўляе Ізраіль, і ў доме тваім ня будзе старога ў-ва ўсе часы.
33 Аднак Я не забяру цалкам чалавека з цябе ад ахвярніку Майго, каб выцяклі вочы твае і ссохла душа твая, але загіне большая частка дому твайго, калі дажыве да дарослых гадоў.
34 І вось будзе табе знак, што станецца з абодвума сынамі тваімі, з Хофні і Пінхасам6 абодва ў адзін дзень памруць.
35 А Я пастаўлю Сабе сьвятара вернага, які паводле сэрца Майго і паводле душы Маёй будзе рабіць. І пастаўлю яму дом цьвёрды, і ён будзе хадзіць перад памазанцам Маім усе дні.
36 І будзе, што той, хто яшчэ застанецца ў доме тваім, прыйдзе ды ўпакорыцца перад ім дзеля срэбнай манеэты або дзеля кавалка хлеба, і будзе казаць: "Дай мне хоць які абавязак сьвятарскі, каб мог я зьесьці лусту хлеба"”».

Першая кніга Самуэля, 2 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.