Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 14 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Аднаго дня сын Саўла Ёнатан сказаў слузе свайму: «Хадзем, падыйдзем да варты Філістынцаў, якая насупраць». А бацьку свайму не сказаў пра гэта.
2 Саўл тады сядзеў каля мяжы Гівы пад дрэвам гранату ў Мігроне. Пры ім быў народ у ліку шэсьцьсот чалавек.
3 Ахія, сын Ахітува, брата Іхавода, сына Пінхаса, сына Гэлія, сьвятара ГОСПАДА ў Шыло, насіў тады эфод. А народ ня ведаў, што Ёнатан пайшоў.
4 Паміж узвышшамі, якія хацеў прайсьці Ёнатан, каб дабрацца да варты Філістынцаў, на адным і другім баку былі скалы, з якіх адна называлася Бацэц, а другая Сэннэ.
5 Адна скала ўзьнімалася на поўначы насупраць Міхмашу, а другая — на поўдні насупраць Гівы.
6 Ёнатан сказаў слузе свайму зброяносцу: «Хадзем, падыйдзем да варты гэтых неабрэзаных. Можа, ГОСПАД дапаможа нам, бо ГОСПАДУ ня цяжка ратаваць праз многіх ці праз некалькіх».
7 Слуга сказаў яму: «Рабі ўсё, што падабаецца душы тваёй. Ідзі, куды хочаш, я з табою заўсёды».
8 Кажа яму Ёнатан: «Вось, мы падыйдзем да гэтых людзей і пакажамся ім.
9 Калі яны скажуць нам: “Стойце, пакуль мы падыйдзем да вас”, мы будзем стаяць на месцы сваім і ня будзем падыходзіць да іх.
10 А калі яны скажуць: “Хадзіце да нас”, мы пойдзем, бо выдаў іх ГОСПАД у рукі нашыя; гэта будзе нам знакам».
11 І паказаліся яны абодва варце Філістынцаў. І сказалі Філістынцы: «Глянь, Гебраі выходзяць з пячораў, у якіх былі яны схаваўшыся».
12 І людзі з варты зьвярнуліся да Ёнатана і слугі ягонага, кажучы: «Хадзіце да нас, скажам вам нешта». І сказаў Ёнатан слузе свайму: «Ідзі за мною, бо ГОСПАД аддаў іх у рукі Ізраіля».
13 І так ўзлазіў Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, а зброяносец ягоны за ім. І падалі ворагі перад Ёнатанам, а зброяносец ягоны дабіваў іх, ідучы за ім.
14 І была гэта першая параза, калі Ёнатан і зброяносец ягоны забілі каля дваццаці чалавек на палове палетка, які пара валоў за дзень заарэ.
15 І ахапіў страх табар у полі і ўвесь народ; варта і аддзелы, што ішлі, каб пустошыць, аслупянелі. І задрыжэла зямля, і ахапіў іх страх вялікі.
16 І вартаўнікі Саўла, якія былі ў Гіве Бэн’яміна, заўважылі, што мноства людзей кідаліся туды і сюды, уцякаючы.
17 І Саўл загадаў людзям, што з ім былі: «Праверце і паглядзіце, каго ў нас не хапае?» Калі праверылі, убачылі, што няма Ёнатана і зброяносца ягонага.
18 І сказаў Саўл Ахію: «Прынясі эфод». Бо ён насіў эфод у той дзень перад абліччам сыноў Ізраіля.
19 І калі Саўл размаўляў са сьвятаром, у табары Філістынцаў замяшаньне яшчэ больш узрастала і пашыралася. І сказаў Саўл сьвятару: «Апусьці руку тваю».
20 І сабраліся Саул і ўсе людзі, якія былі з ім, і пайшлі на месца бою. І вось, там меч кожнага быў зьвернуты супраць бліжняга свайго, і замяшаньне было вялікае.
21 Таксама Гебраі, якія даўно ўжо былі з Філістынцамі і, прыйшоўшы, былі з імі ў табары, папераходзілі да Ізраільцянаў, якія былі з Саўлам і Ёнатанам.
22 Таксама ўсе іншыя Ізраільцяне, якія хаваліся на гары Эфраіма, чуючы, што Філістынцы ўцякаюць, далучыліся да сваіх у баі.
23 І збавіў ГОСПАД ў той дзень Ізраіля. А бой ішоў аж да Бэт-Авэну.
24 І былі Ізраільцяне надта змучаныя ў той дзень; а Саўл запрысяг народ, кажучы: «Няхай будзе пракляты той чалавек, які будзе есьці хлеб перад вечарам, пакуль яшчэ я не адпомшчу ворагам сваім!» І ніхто з усяго народу не спажываў хлеба.
25 І ўвесь народ увайшоў у лес, а там быў мёд на паляне.
26 І ўвайшоўшы ў лес, бачылі людзі мёд, але ніхто не дакрануўся яго рукой і вуснамі сваімі, бо баяліся ўсе людзі прысягі.
27 А Ёнатан ня чуў, як бацька ягоны зьвязаў народ прысягай. І тыкнуў ён канцом кія ў пласт мёду, і паднёс да вуснаў рукою сваёю, і вочы ягоныя заясьнелі.
28 І сказаў яму тады адзін з народу: «Бацька твой запрысяг народ, кажучы: “Пракляты, хто сёньня пакаштуе ежы”. Хоць народ быў вельмі змучаны».
29 Ёнатан адказаў: «Замучыў бацька мой зямлю! Бачыце, як заясьнелі вочы мае, калі я крыху пакаштаваў гэтага мёду,
30 тым больш, калі б народ падсілкаваўся сёньня са здабычы ворагаў сваіх, якую здабыў? Напэўна, большай была б параза Філістынцаў».
31 У той дзень, хоць народ Ізраіля быў вельмі змучаны, білі яны Філістынцаў ад Міхмашу аж да Аялону.
32 І кінуўся народ на здабычу, і набраў авечак, валоў і цялят, і рэзалі іх на зямлі, і елі разам з крывёю.
33 І паведамілі пра гэта Саўлу: «Народ грашыць перад ГОСПАДАМ, ядучы [мяса] з крывёю» Ён адказаў: «Дапусьціліся вы ліхоты. Прыкаціце да мяне вялікі камень».
34 І сказаў Саўл: «Разыйдзіцеся між людзей і скажыце ім: “Няхай прывядзе да мяне кожны вала свайго або барана і заб’е яго на гэтым камяні, і будзе есьці, і ня будзе грашыць ГОСПАДУ, ядучы разам з крывёю”». І ўвесь народ прыводзіў, што меў у руцэ сваёй у тую ноч, і забівалі там.
35 І збудаваў Саўл ахвярнік ГОСПАДУ. Гэта быў першы ахвярнік, які ён пабудаваў ГОСПАДУ.
36 І сказаў Саўл: «Нападзем на Філістынцаў ноччу, і пакуль разаднее, зьнішчым іх, і не пакінем з іх аніводнага чалавека». Народ яму адказаў: «Усё, што добрым здаецца ў вачах тваіх, рабі». А сьвятар сказаў: «Прыступім тут да Бога».
37 І пытаўся Саўл ў Бога: «Ці ісьці ў пагоню за Філістынцамі? Ці Ты аддасі іх у рукі Ізраіля?» І не адказаў яму [Бог] у той дзень.
38 І сказаў Саўл: «Зьбярыцеся сюды, начальнікі народу, і даведайцеся, хто дапусьціўся грэху.
39 На жыцьцё ГОСПАДА, Збаўцы Ізраіля, хоць бы праз Ёнатана, сына майго, сталася гэта, няхай будзе пакараны сьмерцю». На гэта ніхто з усяго народу не запярэчыў яму.
40 І сказаў ён усяму Ізраілю: «Вы станьце на адзін бок, а я з Ёнатанам — на другі». Адказаў народ Саўлу: «Што добрым здаецца табе, рабі».
41 І спытаўся Саўл ў ГОСПАДА: «Божа Ізраіля, дай сьведчаньне». І выяўлены былі жэрабям Ёнатан і Саўл, а народ — свабодны.
42 Тады Саўл загадаў: «Кідайце жэрабя паміж мною і сынам маім Ёнатанам». І жэрабя выпала на Ёнатана.
43 І сказаў Саўл Ёнатану: «Скажы мне, што ты зрабіў?» Ёнатан адказаў: «Я пакаштаваў канцом кія, які трымаў у руцэ, крыху мёду, і за гэта я мушу памерці».
44 Саўл адказаў: «Няхай гэта зробіць мне Бог, і тое дадась, ты павінен памерці, Ёнатане».
45 А народ зьвярнуўся да Саўла: «Ці ж мусіць памерці Ёнатан, які даў такую вялікую перамогу Ізраілю? Гэта несправядліва! На ГОСПАДА, не спадзе на зямлю і волас з галавы ягонай, бо ён сёньня ён дзейнічаў з Богам». Так народ абараніў Ёнатана ад сьмерці.
46 І ня гнаўся Саўл за Філістынцамі, і вярнуліся яны ў сядзібы свае.
47 Вось жа Саўл, умацаваўшы сваё валадараньне над Ізраілем, ваяваў наўкола з усімі ворагамі сваімі: з Маавам, з сынамі Амона, з Эдомам, з валадаром Цобы і Філістынцамі. І куды толькі ён паварочваўся, усюды перамагаў.
48 І дзейнічаў мужна, і пабіў Амалека, і выратаваў Ізраіля з рук тых, што нішчылі яго.
49 Саўл меў сыноў: Ёнатана, Ішві і Мальхішуа. А вось імёны дзьвюх дочак ягоных: імя старэйшай — Мэраб, а імя малодшай — Міхаль.
50 А імя жонкі Саўла — Ахіноам, яна была дачкою Ахімааца. Імя ж начальніка войска ягонага — Абнэр; ён быў сынам Нэра, дзядзькі Саўла.
51 Кіш быў бацькам Саўла, а Нэр быў бацькам Абнэра, і былі яны сынамі Абіэля.
52 І ў-ва ўсе дні Саўла ішла зацятая вайна з Філістынцамі. І калі бачыў Саўл якога-колечы мужнага чалавека, здольнага да бою, забіраў яго да сябе.

Першая кніга Самуэля, 14 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.