Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 10 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І ўзяў Самуэль пасудзіну з алеем, і выліў на галаву ягоную, пацалаваў яго і сказаў: «Вось жа памазаў цябе ГОСПАД на валадара для народу Свайго Ізраіля. Вось, ты будзеш кіраваць народам ГОСПАДА, і вызваліш яго з рук ворагаў ягоных, якія акружаюць яго. А гэта табе знак, што памазаў цябе Бог на валадара спадчыны Сваёй.
2 Калі пойдзеш сёньня ад мяне, сустрэнеш двух чалавек каля магілы Рахелі, недалёка ад мяжы Бэн’яміна. Яны скажуць табе: “Знайшліся асьліцы, якія ты пайшоў шукаць. А бацька твой, забыўшыся пра асьліцы, хвалюецца за вас, кажучы: "Што сталася з сынам маім?"”
3 Калі пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Табор, сустрэнуць цябе тры мужчыны, што ідуць у Бэтэль да Бога: адзін будзе несьці трох казьлянят, другі будзе несьці тры круглыя хлябы, а трэці будзе несьці буклак віна.
4 Прывітаюць яны цябе і дадуць табе два боханы хлеба, і ты возьмеш іх з рук іхніх.
5 І прыйдзеш на ўзгорак Божы, дзе знаходзяцца Філістынцы. Калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш грамаду прарокаў, якія зыходзяць з узгорку, а перад імі арфы, тымпаны, бубны і гусьлі, а самі яны будуць прарочыць.
6 І ахопіць цябе Дух ГОСПАДА, і ты будзеш прарочыць разам з імі, і станеш чалавекам іхнім.
7 Калі вось зьдзейсьняцца ўсе гэтыя знакі, зрабі, што зможа рука твая, бо ГОСПАД будзе з табою.
8 І пойдзеш ты перада мной у Гільгал, а я пазьней прыйду да цябе, каб скласьці ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя. Чакай мяне сем дзён, аж пакуль я прыйду да цябе, каб навучыць цябе, што маеш рабіць».
9 І як толькі Саўл павярнуўся, каб адыйсьці ад Самуэля, Бог зьмяніў сэрца ягонае на іншае, і ў гэты ж дзень зьдзейсьніліся ўсе тыя знакі.
10 І прыйшлі яны адтуль у Гіву, і вось грамада прарокаў выйшла насустрач яму. І зыйшоў на яго Дух Божы, і ён стаў прарочыць між іх.
11 І калі ўсе, якія яго ведалі перад гэтым, убачылі, што ён прарочыць разам з прарокамі, пыталіся адзін аднаго: «Што гэта сталася з сынам Кіша? Няўжо і Саўл між прарокаў?»
12 Адазваўся чалавек тамтэйшы: «Хто бацька іхні?» Дзеля таго зьявілася прымаўка: «Няўжо і Саўл між прарокаў?»
13 І перастаў ён прарочыць, і пайшоў на ўзгорак.
14 І спытаўся дзядзька Саўла ў яго і ў слугі ягонага: «Куды вы хадзілі?» Ён адказаў: «Шукаць асьліцаў. А калі іх не знайшлі, пайшлі мы да Самуэля».
15 І сказаў дзядзька Саўла: «Скажы мне, што сказаў табе Самуэль?»
16 І адказаў Саўл дзядзьку свайму: «Ён паведаміў нам, што знайшліся асьліцы». А адносна размовы пра валадараньне, што гаварыў яму Самуэль, не сказаў яму.
17 І вось склікаў Самуэль народ да ГОСПАДА ў Міцпу,
18 і так сказаў сынам Ізраіля: «Вось што кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я вывеў Ізраіля з Эгіпту, Я выратаваў вас з рук Эгіпцянаў, і з рук усіх валадарстваў, якія зьдзекаваліся над вамі.
19 А вы сёньня адкінулі Бога вашага, Які ратаваў вас ад ўсякіх бедаў і трывогаў вашых, і сказалі: "Ня трэба, але пастаў над намі валадара!"” Дык вось цяпер станьце перад ГОСПАДАМ па пакаленьнях вашых і па родах вашых».
20 І загадаў Самуэль падыходзіць усім пакаленьням Ізраіля, і выпала жэрабя на пакаленьне Бэн’яміна.
21 І загадаў Самуэль падыходзіць пакаленьню Бэн’яміна па родах сваіх, і жэрабя выпала на род Матры, і так дайшло да Саўла, сына Кіша. І шукалі яго, але не маглі знайсьці.
22 І спыталіся ў ГОСПАДА: «Ці гэты чалавек прыйшоў сюды?» ГОСПАД адказаў: «Ён хаваецца ў табары».
23 І пабеглі за ім, і прывялі яго адтуль. І стаў ён пасярод народу, і перавышаў ён увесь народ на галаву.
24 І сказаў Самуэль усяму народу: «Ці бачыце ясна, каго выбраў ГОСПАД? Бо няма яму роўнага ў-ва ўсім народзе». І ўвесь народ загаманіў: «Няхай жыве валадар!»
25 І абвясьціў Самуэль народу закон валадарскі, і запісаў гэта ў кнігу, і паклаў яе перад ГОСПАДАМ. Пасьля адпусьціў Самуэль усіх людзей дадому.
26 Таксама Саўл пайшоў у дом свой у Гіве. Праводзілі яго мужныя ваяры, сэрцаў якіх дакрануўся Бог.
27 А сыны Бэліяла казалі: «Ці зможа ён нас выратаваць?» І пагардзілі ім, і не прынесьлі яму падарункаў, але ён не зьвяртаў на гэта ўвагі.

Першая кніга Самуэля, 10 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.