Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 30 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі Давід разам з ваярамі сваімі вяртаўся ў Цыкляг, Амалекцы напалі на Нэгеў і Цыкляг, і здабылі Цыкляг, і спалілі агнём.
2 І забралі яны ў палон жанчынаў, якія ў ім былі, і ўсіх, ад найменшага да найбольшага, але не забілі нікога, і павялі з сабою, і вярталіся дарогай сваёй.
3 І калі Давід з людзьмі сваімі вярнуліся ў горад, быў ён ужо спалены, а жонкі іхнія і сыны, і дочкі забраныя ў няволю.
4 І загаласілі Давід і народ, які быў з ім, і плакалі яны, аж пакуль ім хапіла сьлёзаў.
5 І ўзялі ў палон таксама абодвух жонак Давіда, Ахінааму з Езрээлю і Абігайль, жонку Наваля з Кармэлю.
6 І Давід адчуваў вялікае гора, і хацеў народ яго ўкаменаваць, бо засмучаная была душа кожнага дзеля сыноў іхніх і дачок. Але Давід набраў сілы ў ГОСПАДЗЕ, Богу сваім,
7 і сказаў сьвятару Абіятару, сыну Ахімэлеха: «Прынясі мне эфод!» І Абіятар прынёс эфод Давіду.
8 І раіўся Давід ў ГОСПАДА, пытаючыся: «Ці гнацца за гэтай ардою? І ці я даганю іх?» І сказаў яму ГОСПАД: «Ганіся! Без сумніву, дагоніш іх і адбярэш здабычу».
9 І пайшоў Давід сам і шэсьцьсот ваяроў, што былі пры ім, і дайшлі да ручая Бэсор, і тыя, што змучыліся, на крыху затрымаліся.
10 І гнаўся Давід і чатырыста ваяроў, а дзьвесьце спыніліся, бо былі змучаныя і не маглі перайсьці праз ручай Бэсор.
11 І знайшлі яны ў полі чалавека Эгіпцяніна, і прывялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён зьеў, і далі яму вады напіцца.
12 Далі яму таксама кавалак сушаных фігаў і дзьве гронкі разынак. І калі ён зьеў, вярнуўся да яго дух ягоны, бо ён ўжо тры дні і тры ночы ня еў хлеба і ня піў вады.
13 І спытаўся ў яго Давід: «Чый ты і адкуль?» Ён сказаў яму: «Я — малады Эгіпцянін, нявольнік Амалека. Кінуў мяне гаспадар мой, бо я захварэў тры дні таму.
14 Мы вось напалі на Нэгеў Керэтаў, і на Нэгеў Юды, і на Нэгеў Халева, і Цыкляг спалілі агнём».
15 І спытаў у яго Давід: «Ці можаш ты нас завесьці да той арды?» Ён адказаў: «Прысягні мне на Бога, што не заб’еш мяне і не аддасі мяне ў рукі гаспадара майго, і тады я завяду цябе да той арды».
16 І ён павёў яго. А тыя разыйшліся па ўсёй краіне, елі і пілі, і сьвяткавалі дзеля вялікага рабунку, сабранага ў зямлі Філістынскай і Юдэйскай.
17 І забіваў іх Давід ад раніцы аж да вечару наступнага дня, і ніхто з іх не застаўся, акрамя чатырохсот юнакоў, якія, сеўшы на вярблюдаў, уцяклі.
18 І забраў Давід усё, што быў нарабаваўшы Амалек, і вызваліў таксама абедзьве жонкі свае.
19 І ніхто ў іх не загінуў, ад найменшага да найбольшага, ані сыны, ані дочкі, са здабычы і з усяго, што тыя нарабавалі; усё забраў Давід назад.
20 І ўзяў Давід усе авечкі і быдла, і гналі іх перад ім, крычучы: «Вось здабыча Давіда!»
21 І Давід дайшоў да тых двухсот чалавек, што былі змучаныя і не маглі ісьці з Давідам, і засталіся каля ручая Бэсор. І перанялі яны Давіда і людзей ягоных, і падыйшоў да іх Давід, і прывітаў іх.
22 Але ўсякія ліхія і нягодныя людзі, што хадзілі з Давідам, сказалі ім: «Яны не пайшлі разам з намі, дык мы не аддамо ім здабычу, якую мы забралі. Могуць яны забраць толькі жонак сваіх і дзяцей і пайсьці».
23 Сказаў на гэта Давід: «Нельга рабіць так, браты мае, з тым, што даў нам ГОСПАД. Ён захаваў нас, і аддаў арду гэтую, якая на нас напала, у рукі нашыя.
24 Хто паслухае вас у гэтай справе? Будуць мець аднолькавую частку і тыя, што ваявалі, і тыя, што заставаліся ў табары, роўна будзе падзелена».
25 Ад гэтага дня сталася гэта законам і звычаем для Ізраільцянаў, і пратрывала па сёньняшні дзень.
26 Калі Давід вярнуўся ў Цыкляг, паслаў ён частку здабычы старшыням Юды, сябрам сваім, кажучы: «Гэта для вас дар са здабычы на ворагах ГОСПАДА».
27 І паслаў ён тым, што ў Бэтэлі, і тым, што ў Рамот-Нэгэве, і тым, што ў Яттэры,
28 і тым, што ў Арэры, і тым, што ў Сіфмоце, і тым, што ў Эштэмоа,
29 і тым, што ў Ракалі, і ў гарадах Ерахмээльцаў, і ў гарадах Кенэйцаў,
30 а таксама тым, што жылі ў Харме, Бор-Ашане і Атаху,
31 Хеўроне, і ў-ва ўсе месцы, дзе праходзіў Давід з ваярамі сваімі.

Першая кніга Самуэля, 30 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.