Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І было ў дні, калі судзілі судзьдзі, і быў голад на зямлі, і пайшоў чалавек з Бэтлеему Юдэйскага жыць на палях Мааву, ён, і жонка ягоная, і два сыны ягоныя.
2 І [было] імя чалавека Элімэлех, а імя жонкі — Наомі, а імёны двух сыноў ягоных — Махлон і Кільён з Эфраты з Бэтлеему Юдэйскага. І прыйшлі яны на палі Мааву, і былі там.
3 І памёр Элімэлех, муж Наомі, і засталася яна, і два сыны ейныя.
4 І ўзялі яны сабе жонак Мааўлянак, імя адной — Орпа, а імя другой — Рут. І яны жылі там гадоў дзесяць.
5 І памерлі таксама Махлон і Кільён, і засталася жанчына без дзяцей і бяз мужа.
6 І ўстала яна, і нявесткі яе, і вярнуліся з палёў Мааву, бо пачула яна на палях Мааву, што ГОСПАД наведаў народ Свой і даў ім хлеб.
7 І выйшла яна з месца, у якім была, і дзьве нявесткі ейныя з ёй, і яны пайшлі па дарозе назад у зямлю Юды.
8 І сказала Наомі двум нявесткам сваім: «Ідзіце, няхай [кожная] жанчына вернецца ў дом маці сваёй. Няхай зьявіць вам ГОСПАД міласэрнасьць, як вы зьявілі памерлым сваім і мне.
9 Няхай дасьць вам ГОСПАД знайсьці спакой жаночы ў доме мужа свайго». І яна пацалавала іх, а яны ўзьнялі голас свой і заплакалі.
10 І сказалі яны ёй: «Мы вернемся з табою да народу твайго».
11 І сказала Наомі: «Вяртайцеся, дочкі мае. Навошта вы пойдзеце са мною? Ці ж маю я сыноў ва ўлоньні маім, каб яны сталіся мужамі для вас?
12 Вяртайцеся, дочкі мае, ідзіце. Бо я занадта старая, каб выйсьці замуж, нават калі б я сказала: “Ёсьць для мяне надзея”, і таксама ў гэту ноч выйшла замуж, і нарадзіла сыноў,
13 ці будзеце вы чакаць, пакуль яны вырастуць? Ці дзеля іх вы ня выйдзеце замуж? Не, дочкі мае. Вельмі горка мне з-за вас, бо зьвернута на мяне рука ГОСПАДА».
14 І яны ўзьнялі голас свой, і плакалі. І Орпа пацалавала сьвякруху сваю, а Рут засталася з ёю.
15 І сказала [Наомі]: «Вось, швагерка твая вярнулася да народу свайго і багоў сваіх. Вяртайся і ты за швагеркай тваёй».
16 І сказала Рут: «Не прымушай мяне, каб я пакінула цябе і зыйшла ад цябе. Куды ты пойдзеш, туды я пайду, дзе ты будзеш жыць, там я буду жыць. Народ твой будзе народам маім, і Бог твой будзе Богам маім.
17 Дзе ты памрэш, там я памру, і там буду пахаваная. Няхай гэта зробіць мне ГОСПАД і няхай яшчэ дадасьць, бо [толькі] сьмерць аддзеліць мяне ад цябе».
18 І ўбачыла [Наомі], што [Рут] вырашыла ісьці з ёю, і перастала адгаворваць яе.
19 І ішлі абедзьве разам, аж прыйшлі ў Бэтлеем. І было, калі прыйшлі ў Бэтлеем, увесь горад узрушыўся, і казалі: «Ці ж гэта Наомі?»
20 А яна казала ім: «Не называйце мяне Наомі, але называйце мяне Мара, бо вялікай горыччу напоўніў мяне Ўсемагутны.
21 Я выйшла поўная, але пустою вярнуў мяне ГОСПАД. Чаму вы называеце мяне Наомі, калі ГОСПАД выступіў супраць мяне і Ўсемагутны спаслаў няшчасьце на мяне».
22 І вярнулася Наомі, і Рут Мааўлянка, нявестка ейная, з ёю вярнулася з палёў Мааву, і прыйшлі яны ў Бэтлеем на пачатку жніва ячменю.

Кніга Рут, 1 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.