Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 49 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 I паклікаў Якуб сыноў сваіх, і сказаў: «Зьбярыцеся, і я паведамлю вам, што спаткае вас у пазьнейшыя дні.
2 Зыйдзіцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце Ізраіля, бацьку свайго.
3 Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй, перавышаеш годнасьцю і перавышаеш магутнасьцю.
4 Ты пеніўся, як вада, ня будзеш вывышаны, бо ты ўзыйшоў на ложак бацькі свайго; тады ты зьняважыў пасьцель маю, узышоўшы [на яе].
5 Сымон і Левій, браты, зброя іхняя — прылада гвалту.
6 У нараду іхнюю ня ўвойдзе душа мая, і да супольнасьці іхняйа не далучыцца слава мая, бо ў гневе сваім яны забілі мужа і ў свавольстве сваім скалечылі вала.
7 Пракляты гнеў іхні, бо моцны, і лютасьць іхняя, бо заядлая. Падзялю іх у Якубе і расьцярушу іх у Ізраілі.
8 Юда, цябе выслаўляць будуць браты твае. Рука твая — на карку ворагаў тваіх; паклоняцца табе сыны бацькі твайго.
9 Юда — малады леў, ад здабычы, сыне мой, ты падымаешся. Прыхіліўся, лёг, як леў і як ільвіца, хто падыме яго?
10 Ня будзе аднята бэрла ад Юды і заканадаўца ад ног ягоных, аж пакуль ня прыйдзе Той, чыё яно, і Яму — паслухмянасць народаў.
11 Ён прывяжа да вінаграднай лазы асла свайго і да парастка выборнага вінаграду — асьлянятка асьліцы сваёй. Ён абмые ў віне шаты свае і ў крыві вінаграду — адзеньне сваё.
12 Вочы [ягоныя] чырванейшыя за віно, а зубы — бялейшыя за малако.
13 Завулён на беразе мора будзе жыць і каля прыстані караблёў, і межы ягоныя — да Сідону.
14 Ісахар — асёл касьцісты, што ляжыць паміж загарадаў.
15 I ўбачыў ён супачынак, што добры, і зямлю, што прыемная, і нахіліў плечы свае насіць цяжары і стаў слугою паднявольным.
16 Дан будзе судзіць народ свой, як адзін з родаў Ізраіля.
17 Будзе Дан зьмеем на дарозе, гадзюкай на сьцежцы, якая кусае пяты каня, і валіцца вершнік ягоны назад.
18 На збаўленьне Тваё спадзяюся, ГОСПАДЗЕ!
19 Гад — войскі будуць перамагаць яго, але ён пераможа пяты [іхнія].
20 Пра Ашэра — тлусты хлеб ягоны, і ён будзе даваць прысмакі валадарскія.
21 Нэфталі — ланя выпушчаная [на свабоду], што дае прыгожыя словы.
22 Галіна плодная Язэп, галіна плодная над крыніцаю, галіны ягоныя пнуцца па муры.
23 І засмучалі яго, і стралялі ў яго, і ненавідзілі яго стральцы.
24 I застаўся моцным лук ягоны, і ўмацаваліся рамёны рук ягоных — ад рук Магутнага Якубавага, адтуль Пастыр, Скала Ізраіля;
25 ад Бога бацькі твайго, і Ён дапаможа табе, і ад Усемагутнага, і Ён дабраславіць цябе дабраславеньнямі неба згары і дабраславеньнямі бяздоньня, што ляжыць унізе, дабраславеньнямі грудзей і ўлоньня.
26 Дабраславеньні бацькі твайго перавышаюць дабраславеньні бацькоў маіх, аж да вяршыняў узгоркаў адвечных. Няхай будуць яны на галаве Язэпа і на цемені выбранага між братамі сваімі.
27 Бэн’ямін — воўк драпежны, раніцаю будзе есьці здабычу і ўвечары будзе дзяліць прыбытак».
28 Усіх гэтых родаў Ізраіля — дванаццаць, і гэта тое, што прамаўляў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і кожнага паводле дабраславеньня ягонага дабраславіў.
29 I загадаў ён ім, і сказаў ім: «Я буду далучаны да народу майго. Пахавайце мяне каля бацькоў маіх, у пячоры, якая на полі Эфрона Хета,
30 у пячоры, што на полі Махпэля, якое насупраць Мамрэ ў зямлі Ханаан, якую купіў Абрагам разам з полем Эфрона Хета, на ўласнасьць для пахаваньня.
31 Там пахавалі Абрагама і Сару, жонку ягоную, там пахавалі Ісаака і Рэбэку, жонку ягоную; і там я пахаваў Лею.
32 Набытыя гэтае поле і пячора, якая на ім, у сыноў Хета».
33 I скончыў Якуб загадваць сынам сваім, і палажыў ногі свае на ложак, і сканаў, і быў далучаны да народу свайго.

Кніга Быцьцё, 49 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.