Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Першы нарыс, о Хахілю, уклаў я праз усе, што Ісус пачаў заразом чыніць і навучаць,
2 Аж да тога дня, каторага Ён узьнёсься, даўшы Сьвятым Духам расказаньне апосталам, каторых Ён абраў,
3 Перад каторымі й стаў жывы, па замучаньню, зь бесьпярэчнымі довадамі, будучы бачаны імі на працягу сараку дзён і кажучы праз гаспадарства Божае.
4 I, зьбершы, расказаў ім не адхінацца ад Ерузаліму, але «чакайце абяцанага ад Айца, што вы чулі ад Мяне;
5 Бо Яан запраўды хрысьціў у вадзе, а вы будзеце хрышчаны за колькі дзён Сьвятым Духам».
6 Затым яны, зышоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: «Спадару, ці ня гэтага часу Ты адновіш гаспадарства Ізраелю?»
7 Ён жа сказаў ім: «Ня вам знаць часы альбо поры, каторыя Айцец паклаў у ўладзе Сваёй;
8 Але вы прыймеце магутнасьць, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Імне сьветкамі ў Ерузаліме а ў вусёй Юдэі а ў Самары а аж да канца зямлі».
9 I, сказаўшы гэта, як яны глядзелі, Ён быў узяты, і булак прыняў Яго ад ачоў іхных.
10 I як яны ўцяміліся ў неба, як Ён узыходзіў, і вось, два мужы сталі перад імі ў белым адзецьцю,
11 I каторыя сказалі: «Мужы Ґалілейскія, чаго вы стаіце, гледзячы на неба? Гэта Ісус, узяты ад вас на неба, такім парадкам прыйдзе, як вы бачылі ўзыходзячага Яго на неба».
12 Тады яны зьвярнуліся да Ерузаліму з гары, званае Аліўнаю, што ля Ерузаліму, маючы сыботняга дня дарогу.
13 I, увыйшоўшы, узышлі да верхняга пакою, ідзе перабывалі разам Пётра а Яан а Якаў а Андрэй, Піліп а Хама, Баўтрамей а Мацьвей, Якаў Алфеенак а Сымон Зылот а Юда, брат Якаваў.
14 Гэтыя ўсі перабывалі згодна, кажначасна ў малітве із жанкамі а Марыяй, Маці Ісусавай, а з братамі Ягонымі.
15 I тымі днямі Пётра, стаўшы пасярод братоў, — груду наймя разам было каля сту дваццацёх, —сказаў:
16 «Мужы браты, належыла выпаўніцца Пісьму, што Дух Сьвяты прарок вуснамі Давіда празь Юду, каторы стаў правадыром тых, што ўзялі Ісуса;
17 Бо ён лічыўся меж нас і адзяржаў дзель у службе гэтай.
18 Дык гэты купіў поле заплатаю за бяспраў'е і, стрымгалоў паўшы, раськяпіўся пасярэдзіне, і выпаў увесь нутр ягоны.
19 I гэта стала ведама ўсім жыхарам Ерузаліму, так што тое поле было названа ў нарэччу іхным собскім Акельдама, значыцца, поле крыві.
20 Бо напісана ў кнізе псальмаў: ,Няхай дамова ягоная будзе пустая, і няхай ня будзе жывучага ў ёй', а ,Урад ягоны вазьмі іншы'.
21 Дык належыцца, каб із мужоў, што прапушчалі нас увесь час, у каторым Спадар Ісус уходзіў і выходзіў памеж нас,
22 Пачынаючы ад хрысту Яанавага аж да дня, як быў узяты ад нас, каб адзін із тых стаў сьветкаю з намі ўскрысеньня Ягонага».
23 I яны пастанавілі двух: Язэпа, званага Вараваю, каторага мянушка была Юст, і Мацьвея.
24 I, молячыся, сказалі: «Ты, Спадару, усіх сэрцаў ведамча, пакажы з гэтых двух аднаго, каторага Ты абраў,
25 Заняць месца ў службе гэтай і апосталства, ад каторага Юда адпаў, каб ісьці на месца свае».
26 I кінулі на жэрабя на іх, і пала жэрабя на Мацьвея, і ён быў залічаны да адзінанцацёх апосталаў.

Дзеі сьвятых апосталаў, 1 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.