1 I сталася пасьля падзеяў гэтых, і сказалі Язэпу: «Вось, бацька твой хворы». I ён узяў двух сыноў сваіх з сабою, Манасу і Эфраіма.
2 I паведамілі Якубу, і сказалі: «Вось, сын твой Язэп прыйшоў да цябе». I сабраў сілы Ізраіль, і сеў на ложку.
3 I сказаў Якуб Язэпу: «Бог Усемагутны зьявіўся мне ў Люзе, у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне,
4 і сказаў мне: “Вось, Я зраблю цябе плодным, і памножу цябе, і дам табе [быць] супольнасьцю народаў, і дам зямлю гэтую насеньню твайму пасьля цябе на ўласнасьць вечную”.
5 I цяпер два сыны твае, што нарадзіліся табе ў зямлі Эгіпецкай, да прыходу майго да цябе ў Эгіпет, яны — мае; Эфраім і Манаса, як Рубэн і Сымон, будуць мае.
6 А нашчадкі твае, якія ты нарадзіў пасьля іх, будуць твае. Паводле імёнаў братоў сваіх будуць яны называцца у спадчыне сваёй.
7 А ў мяне, калі я прыйшоў з Падану, памерла ў мяне Рахель у зямлі Ханаан, у дарозе, калі яшчэ заставалася кіўра зямлі, каб дайсьці да Эфраты, і я пахаваў яе там, пры дарозе ў Эфрату, гэта значыць Бэтлеем».
8 I ўбачыў Ізраіль сыноў Язэпа, і сказаў: «Хто яны?»
9 I сказаў Язэп бацьку свайму: «Яны — сыны мае, якіх Бог даў мне тут». I сказаў [Якуб]: «Вазьмі, прашу, іх да мяне, і я дабраслаўлю іх».
10 А вочы Ізраіля сталі цяжкія ад старасьці, ня мог ён бачыць. I наблізіў іх да яго, і ён пацалаваў іх, і абняў іх.
11 I сказаў Ізраіль Язэпу: «Я не спадзяваўся ўбачыць аблічча тваё, і вось, Бог даў мне ўбачыць насеньне тваё».
12 I адвёў іх Язэп ад каленяў ягоных, і пакланіўся яму абліччам сваім да зямлі.
13 I ўзяў Язэп іх абодвух, Эфраіма правіцай сваёю, леваруч Ізраіля, а Манасу — лявіцай сваёю, праваруч Ізраіля, і наблізіўся да яго.
14 I выцягнуў Ізраіль правіцу сваю, і палажыў на галаву Эфраіма, а ён быў малодшы, а лявіцу сваю — на галаву Манасы, скрыжаваў рукі свае, бо Манаса быў першародны.
15 I дабраславіў Язэпа, і сказаў: «Бог, перад абліччам Якога хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ісаак, Бог, Які пасьвіў мяне ад [моманту], як я існую, аж да гэтага дня,
16 Анёл, што выбаўляе мяне ад усякага ліха, няхай дабраславіць юнакоў гэтых; і няхай яны будуць названыя імем маім і імем бацькоў маіх, Абрагама і Ісаака, і няхай разрастуцца яны ў мноства сярод зямлі».
17 I ўбачыў Язэп, што бацька ягоны палажыў правую руку сваю на галаву Эфраіма, і было гэта ліхім у вачах ягоных. I падхапіў ён руку бацькі свайго, каб пералажыць яе з галавы Эфраіма на галаву Манасы.
18 I сказаў Язэп бацьку свайму: «Ня гэтак, ойча мой, бо гэта першародны. Палажы правіцу тваю на галаву ягоную».
19 I запярэчыў бацька ягоны, і сказаў: «Ведаю, сыне мой, ведаю, таксама ён будзе народам, і таксама ён будзе вялікі, але брат ягоны малодшы будзе большы за яго, і насеньне ягонае будзе поўняю народаў».
20 I дабраславіў іх у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраслаўляць Ізраіль, кажучы: “Няхай зробіць табе Бог, як Эфраіму і Манасе”». I паставіў Эфраіма перад Манасам.
21 I сказаў Ізраіль Язэпу: «Вось, я паміраю. I Бог будзе з вамі, і верне вас у зямлю бацькоў вашых.
22 I я даў табе адну частку больш за братоў тваіх, тую, якую я ўзяў з рукі Амарэя мячом маім і лукам маім».
Кніга Быцьцё, 48 глава