Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якія асьве́чаныя Богам Айцом і захаваныя Ісусам Хрыстом:
2 літасьць вам, і супакой, і любоў няхай памножацца!
3 Улюбёныя! Прыкладаючы ўсякую дбаласьць, каб пісаць вам пра агульнае збаўленьне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам напамін — змагацца за веру, аднойчы перададзеную сьвятым.
4 Бо паўбіваліся некаторыя людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага на распусту абяртаюць і адзінага Валадара, Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста, выракаюцца.
5 Я хачу нагадаць вам, якія аднойчы гэта даведаліся, што Госпад, вызваліўшы народ з зямлі Эгіпецкае, тых, што не паверылі, пасьля загубіў,
6 і анёлаў, якія не захавалі свае ўлады, але пакінулі сваё жытло, у вечных путах пад цемраю на суд вялікага дня трымае.
7 Як Садом і Гамора і вакалічныя гарады, якія падобна да іх жылі ў распусьце і за іншым целам хадзілі, падпаўшы пад ка́ру вечнага агню, пастаўленыя за прыклад, —
8 гэтаксама будзе і з гэтымі летуценьнікамі, якія апаганьваюць цела, адкіда́юць панаваньне і блю́зьняць супраць славы.
9 Міхал арханёл, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесьці блюзьнерскага прысуду, але сказаў: «Няхай забароніць табе Госпад».
10 А гэтыя блю́зьняць супраць таго, чаго ня ведаюць; а што паводле прыроды ведаюць, як бязмоўныя жывёлы, тым сябе зьнішчаюць.
11 Гора ім, бо яны пайшлі шля́хам Каіна, паддаліся падма́ну нагароды Білеа́ма, і ва ўпартасьці загінулі, як Кара́х.
12 Яны — небясьпека на вашых вячэрах любові; банкетуючы з вамі, пасуцца бяз страху; гэта хмары бязводныя, якія ветрам носяцца; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памёршыя, з корнем павырываныя;
13 лютыя хва́лі марскія, якія пеняцца сорамам сваім; зоркі, што блукаюць, для якіх змрок цемры навекі захаваны.
14 Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: «Вось, ідзе Госпад з дзясяткамі тысячаў сьвятых Сваіх,
15 [каб] учыні́ць суд над усімі і дакары́ць усіх бязбожнікаў іхніх за ўсе ўчынкі бязбожнасьці іх, якімі бязбожнае чынілі, і за ўсе жорсткасьці, што гаварылі на Яго бязбожныя грэшнікі».
16 Гэта нарака́льнікі, якія нічым не задавальняюцца, якія ходзяць паводле пажаданьняў сваіх; і вусны іхнія гавораць пыхліва, і яны зважаюць на аблічча дзеля карысьці.
17 Але вы, улюбёныя, па́мятайце словы, раней сказаныя апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста:
18 яны казалі вам, што ў апошні час зьявяцца ла́яльнікі, якія ходзяць паводле сваіх бязбожных пажаданьняў.
19 Гэта тыя, якія адлучаюць сябе ад іншых, душэўныя, але ня маюць духа.
20 А вы, улюбёныя, будуючы сябе найсьвяцейшай верай вашаю, молячыся ў Духу Сьвятым,
21 захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы ласкі ад Госпада нашага Ісуса Хрыста ў жыцьцё вечнае.
22 І над аднымі лі́туйцеся з развагаю,
23 а другіх ратуйце, выхопліваючы з агню, дакарайце са страхам, ненавідзячы нават вопратку, целам апаганеную.
24 А Таму, Які можа захаваць вас ад упадку і паставіць перад славаю Сваёю беззаганнымі і ў радасьці,
25 адзінаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму, праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, слава і веліч, сіла і ўлада цяпер і на ўсе вякі. Амэн.

Паўсюднае пасланьне Апостала Юды, 1 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.