Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 15 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Пасьля таго Абсалом справіў сабе калясьніцу і коні, і пяцьдзясят мужчынаў, якія хадзілі перад ім.
2 І ўставаў Абсалом рана, і станавіўся каля дарогі, што ідзе да брамы. І кожнага, хто з якой справай зьвяртаўся да валадара на суд, клікаў Абсалом да сябе і пытаў: «З якога ты гораду?» Той адказваў: «Слуга твой з такога і такога калена Ізраіля».
3 Тады Абсалом казаў яму: «Глядзі, справа твая добрая і слушная, але ў валадара ты ня знойдзеш нікога, хто б цябе выслухаў».
4 І казаў Абсалом: «Калі б хто мяне паставіў судзьдзёю над зямлёй? Тады прыходзілі б да мяне ўсе, што маюць вырашаць справы, і я судзіў бы іх паводле справядлівасьці».
5 І калі падыходзіў чалавек, каб пакланіцца яму, ён працягваў яму руку, сьціскаў за руку і цалаваў яго.
6 І рабіў ён так з кожным Ізраільцянінам, які прыходзіў на суд да валадара, і здабываў сэрцы Ізраільцянаў.
7 Праз чатыры гады сказаў Абсалом валадару: «Пайду я ў Хеўрон і споўню шлюбаваньне, якое я абяцаў ГОСПАДУ.
8 Бо калі слуга твой быў у Гешуры Сірыйскім, шлюбаваў, кажучы: “Калі верне мяне ГОСПАД назад у Ерусалім, складу ГОСПАДу ахвяру”».
9 І сказаў яму валадар: «Ідзі ў супакоі». І той устаў, і пайшоў у Хеўрон.
10 І паслаў Абсалом тайных весьнікаў у-ва ўсе пакаленьні Ізраіля, кажучы: «Калі пачуеце гук трубы, гаманіце: “Абсалом абраны валадаром у Хеўроне”».
11 І з Абсаломам выйшлі з Ерусаліму дзьвесьце чалавек, ня ведаючы ў прастаце сэрца нічога.
12 У час складаньня ахвяраў Абсалом паслаў і паклікаў Ахітафэля з Гіло, радніка Давіда, з гораду ягонага Гіло. І ўмацавалася змова, і народ зыходзіўся і павялічваўся вакол Абсалома.
13 І прыйшоў весьнік да Давіда, і паведаміў: «Сэрца усяго Ізраіля прыстала да Абсалома».
14 І сказаў Давід усім слугам, якія былі разам з ім ў Ерусаліме: «Зьбірайцеся! Уцякайма, бо ня будзе нам ратунку ад Абсалома. Сьпяшайцеся ўцячы, каб не дагнаў ён нас раптам і каб ня выгубіў нас, і каб вострывам мяча ня зьнішчыў гораду».
15 І слугі валадара сказалі яму: «Усё, што загадае гаспадар наш, валадар, мы, слугі твае, выканаем».
16 І выйшаў валадар, а за ім увесь дом ягоны, і пакінуў валадар дзесяць жанчынаў наложніцаў сьцерагчы дом.
17 І выйшаў валадар пешшу, і ўвесь народ за ім, і затрымаліся яны пры апошнім доме.
18 І праходзілі перад ім усе слугі ягоныя, усе Керэты, Пэлеты і ўсе тыя, якія прыйшлі з Гату, у лічбе шэсьцьсот чалавек прайшлі перад валадаром.
19 І спытаўся валадар Іттая з Гату: «Чаму і ты ідзеш разам з намі? Вярніся і застанься з валадаром, бо ты — чужынец і выгнанец з бацькаўшчыны сваёй.
20 Учора прыйшоў ты, а сёньня я змушаю цябе ісьці блукаць разам з намі, бо я сам ня ведаю, куды іду. Вярніся і забяры з сабой братоў сваіх, і няхай ГОСПАД зьявіць табе міласэрнасьць і вернасьць».
21 У адказ сказаў Іттай валадару: «Няхай жыве ГОСПАД і няхай жыве гаспадар мой, валадар. Толькі там, дзе будзе гаспадар мой, валадар, на сьмерць ці на жыцьцё, там будзе і слуга твой».
22 І сказаў Давід Іттаю: «Дык ідзі і праходзь!» І прайшоў перад валадаром Іттай з Гату і ўсе людзі ягоныя, і ўсе дзеці ягоныя, якія былі з ім.
23 А ўся ваколіца голасна плакала, калі ўвесь народ праходзіў перад валадаром. Валадар таксама перайшоў ручай Кедрон, і ўвесь народ накіраваўся па дарозе ў пустыню.
24 І прыйшоў Цадок, і з ім усе лявіты, несучы Каўчэг Запавету Божага. І паставілі яны Каўчэг Божы, і Абіятар склаў ахвяру, пакуль увесь народ ня выйшаў з гораду.
25 І сказаў валадар Цадоку: «Занясіце Каўчэг Божы ў горад. Калі я знайду ласку ў вачах ГОСПАДА, то Ён верне мяне, і я ўбачу Яго і жытло Ягонае.
26 А калі Ён скажа: “Не падабаешся ты Мне”, я згаджуся, няхай Ён робіць, што падабаецца Яму».
27 І сказаў валадар Цадоку сьвятару: «Глядзі, вяртайся ў горад ў супакоі. Ахімаац, сын твой, і Ёнатан, сын Абіятара, абодва сыны вашыя няхай застануцца з вамі.
28 Я вось буду вандраваць на раўнінах пустыні, пакуль ня прыйдзе да мяне паведамленьне ад вас».
29 І вярнулі Цадок і Абіятар Каўчэг Божы ў Ерусалім, і засталіся там.
30 А Давід узыходзіў на гару Аліўную, ішоў і плакаў, і ішоў ён з закрытай галавой і босы. І ўсе людзі, што былі з ім, ішлі з закрытымі галовамі і плакалі.
31 І паведамілі Давіду, што Ахітафэль быў у змове з Абсаломам. І сказаў Давід: «ГОСПАДЗЕ, зрабі недарэчнай раду Ахітафэля».
32 І калі Давід узыйшоў на вяршыню гары, дзе пакланяліся Богу, пераняў яго Хушай Аркеец у разьдзёртым адзеньні і з пасыпанай зямлёй галавой.
33 І сказаў яму Давід: «Калі ты пойдзеш са мною, будзеш мне цяжарам.
34 А калі вернешся ў горад і скажаш Абсалому: “Я, валадару, буду слугой тваім. Як раней я быў слугой бацькі твайго, так цяпер буду слугой тваім!”, то ты ударэмніш раду Ахітафэля адносна мяне.
35 Будзеш там мець пры сабе Цадока і Абіятара, сьвятароў. І ўсё, што пачуеш у доме валадара, перакажаш Цадоку і Абіятару, сьвятарам.
36 Вось, з імі засталіся два сыны іхнія, Ахімаац у Цадока і Ёнатан у Абіятара. Праз іх перакажаш усё, што толькі пачуеш».
37 І ўвайшоў Хушай, сябра Давіда, у горад. І Абсалом увайшоў у Ерусалім.

Другая кніга Самуэля, 15 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.