Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Евангеля Мацьвея | 27 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Як настала раніца, усі найвышшыя сьвятары а старцы люду мелі нараду празь Ісуса, каб зрабіць Яму сьмерць.
2 I, зьвязаўшы Яго, завялі й выдалі Пілату Понцкаму, намесьніку.
3 Тады Юда, што ізрадзіў Яго, абачыўшы, што Ён засуджаны, і каючыся, зьвярнуў трыццаць срэбнінікаў найвышшым сьвятаром а старцом,
4 Кажучы: «Ізграшыў я, ізрадзіўшы кроў нявінную». А яны сказалі яму: «Што нам да таго? ты абачыш».
5 I, кінуўшы срэбнікі ў доме Божым, ён вышаў і, адышоўшыся, засіліўся.
6 Сьвятары ж, узяўшы срэбнікі, гукалі: «Нельга ўкінуць іх да скарбніцы царкоўнае, бо гэта цана крыві».
7 Парадзіўшыся, купілі за іх поле ганчарова на пахоў чужан.
8 Затым і завецца поле тое «Поле Крыві» дагэтуль.
9 Тады спаўнілася сказанае прарокам Ярэмам, што кажа: «I ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацанаванага, Каторага ацанавалі сынове Ізраеля,
10 I далі іх за поле ганчарова, як Спадар прызначыў імне».
11 Ісус жа стаў перад намесьнікам. I папытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: «Ці ты Кароль Юдэйскі?» Ісус сказаў яму: «Ты кажаш».
12 I як вінавалі Яго найвышшыя сьвятары а старцы, Ён нічога не адказаваў.
13 Тады кажа Яму Пілат: «Ня чуеш, колькі сьветчаньняў на Цябе?»
14 I не адказаваў яму на ні воднае слова, ажно намесьнік вельма дзіваваўся.
15 На сьвята ж Пасхі намесьнік меў звычай выпушчаць народу аднаго вязьня, каторага хацелі.
16 Быў тады ў іх ведамны астрожнік, званы Вараўва.
17 Дык, як былі зьбершыся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараўву, ці Ісуса, званага Хрыстом?»
18 Бо ведаў, што із завідасьці Яго выдалі.
19 Прымеж таго, як сядзеў ён на судовым седаве, жонка ягоная паслала яму сказаць: «Не рабі нічога Справядліваму гэнаму, бо я сядні ў сьне шмат цярпела за Яго».
20 Але найвышшыя сьвятары а старцы падвучылі груды прасіць Вараўвы, а Ісуса загубіць.
21 Тады намесьнік, адказуючы, сказаў ім: «Каго з двух хочаце, каб я выпусьціў вам?» Яны сказалі: «Вараўву».
22 Кажа ім Пілат: «Што ж я зраблю Ісусу, званаму Хрыстом?» Кажуць усі: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
23 Намесьнік сказаў: «Якое ж ліха зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычэлі: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
24 Пілат, бачачы, што нічога не паможа, але паўстаець замятня, узяў вады і ўмыў рукі перад грудам, кажучы: «Ня вінен я ў крыві справядлівага гэтага; абачыце вы».
25 I, адказуючы, увесь люд сказаў: «Кроў Яго на нас а на дзеці нашы».
26 Тады выпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, біўшы пугамі, выдаў на ўкрыжаваньне.
27 Тады жаўнеры намесьнікавы, узяўшы Ісуса да месцкае рады, зьберлі на Яго цэлую вятку.
28 I, разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго шкарлатны ахілім;
29 I, зьвіўшы карону зь церні, узлажылі Яму на галаву Ягоную, і далі Яму ў правую руку трысьціну; і, клякаючы перад Ім, насьміхаліся зь Яго, кажучы: «Здароў, Каролю Юдэйскі!»
30 I плівалі на Яго, і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве.
31 I, як назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго шкарлатны ахілім, і адзелі ў вадзецьці Ягоныя, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
32 Выходзячы, яны стрэлі аднаго Кірынеяніна, імям Сымона; гэтага прысілілі несьці крыж Ягоны.
33 I, прышоўшы на месца, званае Ґолґота, што знача «Чарэпнішча»,
34 Далі Яму піць віна, зьмешанага з жоўцяй; і, паспытаўшыся, не хацеў піць.
35 Тыя, што Яго ўкрыжавалі, дзялілі адзецьці Ягоныя, кідаючы на жэрабя;
36 I, седзячы, сьцераглі Яго там.
37 I, прыбілі над галавою Ягонай надпіс віны Ягонае: «Гэта Ісус, Кароль Юдэйскі».
38 Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго справа, а другога зьлева.
39 Праходзячыя ж насьміхаліся зь Яго, ківаючы галавамі сваімі,
40 I кажучы: «Ты, што бураеш Дом Божы і за тры дні становіш яго! спасі Самога Сябе; калі Ты Сын Божы, дык іступі з крыжа».
41 Падобна й найвышшыя сьвятары з кніжнікамі а старцамі, насьміхаючыся, гукалі:
42 «Іншых спасаў, а Сябе Самога ня можа спасьці! калі кароль Ізраельскі Ён, хай цяпер іступе з крыжа, і ўверым у Яго;
43 Спадзяваўся на Бога: няхай цяпер выбаве Яго, калі Ён любы Яму. Бо Ён Сказаў: ‘Божы Я Сын’».
44 Таксама й разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, вярнулі на Яго.
45 Ад шостае ж гадзіны цемра стала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае.
46 А каля дзявятае гадзіны загукаў Ісус голасам вялікім, кажучы: «Ілі, Ілі, лэма савахфані», што знача: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
47 Некатрыя з тых, што стаялі, чуючы гэта, гукалі: «Ільлю гукае Ён».
48 I якга пабег адзін ізь іх, узяў губку, змачыў яе воцтам і, насадзіўшы на трысьціну, даў Яму піць.
49 А засталыя казалі: «Пажджы, паглядзім, ці прыйдзе Ільля спасьці Яго».
50 Ісус жа, ізноў загукаўшы голасам вялікім, выпусьціў дух.
51 I вось, запона ў Доме Божым разьдзерлася на дзьве часьці, з гары аж да далоўя; і зямля затрэслася; і скалы раськяпіліся;
52 I грабы рашчыніліся; і шмат якія целы заснулых сьвятых ускрэсьлі;
53 I, вышаўшы з грабоў па ўскрысеньню Ягоным, увыйшлі да сьвятога места, і зьявіліся шмат каму.
54 Сотнік жа й тыя, што сьцераглі зь ім Ісуса, бачачы трасеньне зямлі і ўсе, што прылучылася, надта спалохаліся й казалі: «Запраўды Сын Божы быў Ён».
55 Там былі таксама й глядзелі зводдаль шмат якія жанкі, што йшлі за Ісусам із Ґалілеі, паслугуючы Яму;
56 Памеж іх былі Марыя Магдалена а Марыя маці Якавава а Язэпава, і маці сыноў Зэведэевых.
57 Як жа настаў вечар, прышоў багаты чалавек із Арымафеі, імям Язэп, што таксама вучыўся ў Ісуса.
58 Ён, прыступіўшы да Пілата, прасіў цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
59 I, узяўшы цела, Язэп завярцеў яго ў чыстае палатно;
60 I палажыў яго ў новым сваім гробе, што высек ён у скале; і, прыкаціўшы вялікі камень да дзьвярэй гробу, адышоў.
61 Была ж там Марыя Магдалена а другая Марыя, што сядзелі супроці гробу.
62 Наступнога дня, што быў па дню прыгатовы, зьберліся найвышшыя сьвятары а фарысэі да Пілата,
63 Кажучы: «Спадару! мы ўспомнелі, што ашуканец гэны, яшчэ будучы жывы, сказаў: ‘За тры дні ўскрэсну’.
64 Затым раскажы абясьпечыць гроб да трэйцяга дня, каб вучанікі Ягоныя, прышоўшы ночы, ня ўкралі Яго й не сказалі народу: ‘Ускрэс ізь мертвыx’; і будзе апошняя ашука горшая за першую».
65 Сказаў ім Пілат: «Маеце варту; пайдзіце, абясьпечча, як знаеце».
66 Яны пайшлі, абясьпечылі гроб, прыклаўшы да каменя пячаць, і вартаю.

Евангеля подле сьвятога Мацьвея, 27 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.