Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Евангеля Мацьвея | 10 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I пагукаўшы двананцацёх вучанікаў Сваіх, Ён даў ім моц над нячыстымі духамі, выганяць іх, і ўздараўляць усялякую хваробу і ўсялякае няўздоленьне.
2 Вось жа двананцацёх апосталаў імёны гэткія: першы Сымон, званы Пётрам, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зэведэяў а Яан, брат ягоны,
3 Піліп а Варфаламей, Хама а Мацьвей мытнік, Якаў Алфеяў а Леўвей, каторага мянушка была Хвадзей,
4 Сымон Каноянін а Юда Іскарыёт, што й ізрадзіў Яго.
5 Гэтых двананцацёх паслаў Ісус і расказаў ім, кажучы: «На дарогу да паган не хадзіце і да места Самарскага ня ўходзьце;
6 Але валей ідзіце да загінулых авец дому Ізраелявага.
7 I ходзячы, абяшчайце, кажучы: ‘Дабліжылася гаспадарства нябёснае’.
8 Хворых уздараўляйце, пракажаных ачышчайце, мертвых ускрышайце, нячысьцікаў выганяйце; дарма адзяржалі, дарма давайце.
9 Не бярыце із сабою ані золата, ані срэбла, ані медзі ў чарэслы свае,
10 Ані хатуля ў дарогу, ані дзьвюх сарочкаў, ані вобую, ані посаха, бо працавень варты еміны свае.
11 Да якога места альбо селішча ня ўвыйшлі б вы, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
12 А ўходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: ‘Супакой дому гэтаму’;
13 I калі дом будзе годны, то супакой ваш зыйдзе на яго; а калі ня будзе годны, то супакой ваш да вас зьвернецца.
14 А калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць словаў вашых, то, выходзячы з дому альбо зь места таго, атрасіце пыл із ног сваіх.
15 Запраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай а Ґоморскай у дзень суду, чымся месту таму.
16 «Вось, я пасылаю вас, як авечкі сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як гады, і нявінныя, як галубы.
17 Сьцеражыцеся ж людзёў, бо яны будуць выдаваць вас радам і ў бажніцах сваіх будуць біць вас.
18 I павядуць вас да правадыроў а каралёў за Мяне, на сьветчаньне ім а паганам.
19 Калі ж будуць выдаваць вас, не клапаціцеся, як або што казаць; бо ў тым часе дана будзе вам, што сказаць;
20 Бо ня вы будзеце гукаць, але Дух Айца вашага будзе гукаць у вас.
21 «I выдасьць брат брата на сьмерць, і айцец — дзяцё; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх.
22 I будуць усі ненавідзіць вас за імя Мае, але хто вытрывае да канца, спасецца.
23 «Калі ж вас будуць гнаць у вадным месьце, бяжыце да другога. Бо запраўды кажу вам: не пасьпееце абыйсьці местаў Ізраелявых, як прыйдзе Сын Людзкі.
24 Вучанік не пераходзе вучыцеля, ані слуга — гаспадара свайго.
25 Досыць вучаніку, каб ён быў, як вучыццель ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі ж гаспадара дому назвалі вельзэвулам, пагатове — хатніх ягоных.
26 Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б, і тайнага, праз што не даведаліся б.
27 Што кажу вам у цямноце, кажыце ў сьвятліні; і што чуеце на вуха, разгалашайце на стрэхах.
28 «I ня бойцеся забіваючых цела, а душы ня могучых забіць; а валей бойцеся таго, хто можа душу й цела загубіць у пекле.
29 Хіба двух вераб'ёў не прадаюць за пенязь, і ні водзін ізь іх ня зваліцца на зямлю бяз волі Айца вашага;
30 У вас жа й валасы на галаве ўсі палічаны;
31 Дык ня бойцеся ж, бо вы пераходзіце шмат вераб'ёў.
32 Дык кажнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю й Я перад Айцом Маім, што ў нябёсах;
33 А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся й Я перад Айцом Сваім, што ў нябёсах.
34 «Ня думайце, што Я прышоў прынесьці супакой на зямлю; не супакой прышоў Я прынесьці, але меч;
35 Бо Я прышоў пастанавіць чалавека супроці айца ягонага, і дачку супроці маткі ейнае, і нявестку супроці сьвякрыві ейнае.
36 I непрыяцелі людзіны хатнія яе.
37 Хто любе айца альбо маці балей за Мяне, ня годны Мяне; і хто любе сына альбо дачку балей за Мяне, ня годны Мяне.
38 I хто не бярэць крыжа свайго і ня йдзець за Імною, тый ня годны Мяне.
39 Хто знойдзе жыцьцё свае, згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне, знойдзе яго.
40 Хто прыйме вас, прыймае Мяне; а хто прыймае Мяне, прыймае таго, хто паслаў Мяне.
41 Хто прыймае прароку ў імя прарокі, адзяржыць нагароду прароцкую; і хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, адзяржыць нагароду справядлівага.
42 I хто дасьць піць аднаму з малых гэтых коўню сьцюдзёнае вады ў імя вучаніка, запраўды кажу вам аніяк ня згубе нагароды свае».

Евангеля подле сьвятога Мацьвея, 10 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.