Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 12 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І прамовіў Самуэль да ўсяго Ізраіля: «Выслухаў я ўсё, што вы мне гаварылі, і паставіў над вамі валадара.
2 Цяпер узначальвае вас гэты валадар. А я ўжо пастарэў і пасівеў, і сыны мае застаюцца з вамі. І хадзіў я з вамі ад юнацтва майго аж па гэты дзень.
3 Вось я стаю перад вамі. Абвінавачвайце мяне перад ГОСПАДАМ і перад памазанцам Ягоным, можа, узяў я ў каго вала або асла, можа, каго пакрыўдзіў або каго прыгнятаў, а можа, ад каго ўзяў хабар, каб заплюшчыць вочы на справу ягоную? Калі так, аднагараджуся вам».
4 Усе адказалі: «Не прыгнятаў ты нас, і ня крыўдзіў, і ніякага хабару ня ўзяў з нічыёй рукі».
5 І ён сказаў ім: «Няхай ГОСПАД будзе сьведкам супраць вас, і памазанец Ягоны ў гэты дзень няхай будзе сьведкам, што ня знойдзена ў руцэ маёй нічога такога». Яны сказалі: «Ён — сьведка».
6 І сказаў Самуэль народу: «Сведка — ГОСПАД, Які паставіў Майсея і Аарона і вывеў бацькоў нашых з зямлі Эгіпецкай.
7 Цяпер вось падыйдзіце, а я буду судзіцца з вамі перад ГОСПАДАМ у справе дабрадзействаў ГОСПАДА, якімі Ён абдарыў вас і бацькоў вашых:
8 Калі перабраўся Якуб у Эгіпет і калі прыціскалі іх Эгіпцяне, прызывалі бацькі вашыя ГОСПАДА, і ГОСПАД паслаў Майсея і Аарона, і яны вывелі бацькоў вашых з Эгіпту і пасялілі іх у гэтым месцы.
9 Але яны забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго, і аддаў Ён іх у рукі Сісэры, начальніка войска Хацора, у рукі Філістынцаў, і ў рукі валадара Мааву, і яны ваявалі супраць іх.
10 І клікалі яны ГОСПАДА, і казалі: “Саграшылі мы, бо пакінулі ГОСПАДА, і служылі Баалам і Астарце. Дык цяпер выратуй нас з рук ворагаў нашых, і мы будзем служыць Табе”.
11 І паслаў ГОСПАД Еруббаала, Барака, Ефтая і Самуэля, і вызваліў вас з рук ворагаў вашых наўкола, так што жылі вы спакойна.
12 Калі спасьцераглі вы, што Нахаш, валадар сыноў Амона, прыйшоў на вас, тады сказалі вы мне: “Не, але пастаў валадара над намі!” Але ж ГОСПАД, Бог ваш, — Валадар ваш.
13 І вы маеце цяпер валадара свайго, якога вы выбралі і дамагаліся, і ГОСПАД даў вам валадара.
14 Калі вы будзеце баяцца ГОСПАДА, і будзеце служыць Яму, і будзеце слухаць голас Ягоны, і не пагардзіце словам ГОСПАДА, дык будзеце вы і валадар, які валадарыць над вамі, хадзіць за ГОСПАДАМ, Богам вашым.
15 А калі ня будзеце слухаць голас ГОСПАДА і пагардзіце словам ГОСПАДА, тады рука ГОСПАДА будзе супраць вас, як была супраць бацькоў вашых.
16 І цяпер станьце і пабачце гэтую вялікую рэч, якую учыніць ГОСПАД перад абліччам вашым.
17 Ці ж ня сёньня жніво пшаніцы? Я паклічу ГОСПАДА, і Ён дасьць грымоты і дождж, і вы даведаецеся і пабачыце, якога дапусьціліся вы зла перад ГОСПАДАМ, дамагаючыся сабе валадара».
18 І клікаў Самуэль ГОСПАДА, і даў ГОСПАД грымоты і дождж у той дзень. І спужаўся ўвесь народ ГОСПАДА і Самуэля.
19 І прасіў увесь народ Самуэля: «Маліся за слугаў тваіх да ГОСПАДА, Бога твайго, каб мы не паўміралі, бо далучылі мы да ўсіх грахоў сваіх яшчэ і гэтае зло, бо прасілі сабе валадара».
20 І сказаў Самуэль народу: «Ня бойцеся! Вы дапусьціліся гэтага зла, але не пакідайце ГОСПАДА і служыце Яму ўсім сэрцам сваім.
21 Не адхіляйцеся, і не хадзіце за марнасьцямі, якія не дапамогуць вам і ня выратуюць вас, бо яны — марнасьць.
22 Не пакіне ГОСПАД народу Свайго дзеля вялікага імя Свайго, бо захацеў ГОСПАД зрабіць вас народам Сваім.
23 І я не хачу грашыць перад ГОСПАДАМ, каб кінуць маліцца за вас і вучыць вас шляху добраму і справядліваму.
24 Толькі бойцеся ГОСПАДа і служыце Яму ў праўдзе ўсім сэрцам вашым, бо вы бачылі, якія вялікія справы Ён у вас учыніў.
25 А калі будзеце трываць у ліхоце, загінеце і вы і валадар ваш разам».

Першая кніга Самуэля, 12 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.