Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў.
2 І жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яму пурпуровую шату,
3 і казалі: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!», і білі Яго па шчоках.
4 Тады Пілат ізноў выйшаў навонкі і кажа ім: «Вось, я выводжу Яго навонкі да вас, каб вы даведаліся, што я не знаходжу ў Ім аніякае віны».
5 Тады выйшаў навонкі Ісус у цярновым вянку і пурпуровай шаце. І кажа ім [Пілат]: «Вось Чалавек!»
6 Калі ж убачылі Яго першасьвятары і паслугачы, дык закрычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знайшоў ў Ім віны».
7 Адказалі яму Юдэі: «Мы маем Закон; і паводле Закону нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым».
8 Калі Пілат пачуў гэта слова, яшчэ больш спалохаўся.
9 І ўвайшоў ён ізноў у прэторыю, і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Ісус жа ня даў яму адказу.
10 Тады кажа Яму Пілат: «Ты не гаворыш са мною? Ці Ты ня ведаеш, што я ма́ю ўладу ўкрыжаваць Цябе і ма́ю ўладу адпусьціць Цябе?»
11 Адказаў Ісус: «Ты ня меў бы аніякае ўлады нада Мною, калі б табе не было дадзена звыш; дзеля гэтага большы грэх мае той, хто выдаў Мяне табе».
12 З таго моманту Пілат шукаў, каб адпусьціць Яго. А Юдэі закрычалі, кажучы: «Калі адпусьціш Яго, ты ня сябра цэзару; усякі, хто робіць сябе валадаром, працівіцца цэзару».
13 Пілат, пачуўшы гэта слова, вывеў Ісуса на вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, якое звалася Літастра́тан, а па-гебрайску — Габбата́.
14 А быў дзень прыгатаваньня Пасхі, гадзіна каля шостай. І кажа ён Юдэям: «Вось, Валадар ваш!»
15 Яны ж закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Валадара вашага ўкрыжую?» Адказалі першасьвятары: «Мы ня маем валадара, акрамя цэзара».
16 Тады ён выдаў ім Яго, каб быў укрыжаваны. Яны ўзялі Ісуса і павялі.
17 І, несучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Чараповае, якое па-гебрайску завецца Гальгота́.
18 Там укрыжавалі Яго, і з Ім двух другіх паабапал Яго, а ў сярэдзіне — Ісуса.
19 А Пілат напісаў надпіс і паставіў на крыжы. Было ж напісана: «Ісус з Назарэту, Валадар Юдэйскі».
20 Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад гораду, і напісана было па-гебрайску, па-грэцку і па-рымску.
21 Тады казалі Пілату першасьвятары юдэйскія: «Не пішы: “Валадар Юдэйскі”, але, што Ён Сам сказаў: “Я — валадар юдэйскі”».
22 Адказаў Пілат: «Што я напісаў, тое напісаў».
23 А жаўнеры, калі ўкрыжавалі Ісуса, узялі адзеньне Ягонае і падзялілі на чатыры часткі — кожнаму жаўнеру частка, і вопратку. А вопратка была ня шытая, але ўся вытканая ад верху.
24 Тады сказалі яны адзін аднаму: «Ня будзем разьдзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй яна будзе»; каб споўнілася Пісаньне, якое кажа: «Падзялілі адзеньне Маё між сабою і пра шату Маю́ кіда́лі жэрабя». Так і ўчыні́лі жаўнеры.
25 А каля крыжа Ісуса стаялі маці Ягоная і сястра маці Ягонай Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.
26 Ісус жа, убачыўшы маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, кажа маці Сваёй: «Жанчына! Вось сын твой!»
27 Потым кажа вучню: «Вось маці твая!» І з таго часу вучань узяў яе да сябе.
28 Пасьля гэтага Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо зьдзейсьнілася, каб споўнілася Пісаньне, кажа: «Смагну!»
29 Там стаяла пасудзіна, поўная воцату. [Жаўнеры], напоўніўшы губку воцатам і ўсклаўшы на ізоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных.
30 Калі ж Ісус узяў воцат, сказаў: «Зьдзейсьнілася!», і, схіліўшы галаву, аддаў дух.
31 А Юдэі, каб не засталіся целы на крыжы ў суботу, таму што быў дзень прыгатаваньня, а тая субота была днём вялікім, прасілі Пілата, каб перабіць ў іх галёнкі і зьняць.
32 Тады прыйшлі жаўнеры, і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, які быў укрыжаваны з Ім.
33 Прыйшоўшы да Ісуса, калі ўбачылі, што Ён ужо памёршы, дык не перабілі ў Яго галёнак,
34 але адзін з жаўнераў дзідаю прабіў бок Ягоны, і адразу выцякла кроў і вада.
35 І той, хто бачыў, засьведчыў, і сьведчаньне ягонае праўдзівае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі.
36 Бо гэта сталася, каб споўнілася Пісаньне: «Косьць Ягоная ня будзе пераломленая».
37 І зноў іншае Пісаньне кажа: «Угледзяць, каго прабілі».
38 Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але патаемным дзеля страху перад Юдэямі, папрасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Тады ён прыйшоў і ўзяў цела Ісуса.
39 Прыйшоў і Нікадэм, які перш прыходзіў да Ісуса ўначы, несучы мешаніну сьмірны і алёэ фунтаў каля ста.
40 Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі Яго ў прасьціну з духмянасьцямі, як ёсьць звычай хаваць у Юдэяў.
41 На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў тым садзе — новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны.
42 Там дзеля дня прыгатаваньня юдэйскага, бо магіла была блізка, палажылі Ісуса.

Эвангельле паводле Яна, 19 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.