Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Пасьля гэтага было сьвята юдэйскае, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім.
2 Ёсьць жа ў Ерусаліме ля Авечае брамы сажалка, якая завецца па-гебрайску Бэтэзда і якая мае пяць прысенкаў.
3 У іх ляжала вялікае мноства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, якія чакалі руху вады;
4 бо анёл Госпадаў у пэўны час зыходзіў у сажалку і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той ставаўся здаровым, на што б ні хварэў.
5 І быў тут нейкі чалавек, які меў нядужасьць трыццаць восем гадоў.
6 Ісус убачыў яго, што ён ляжаў, і, даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: «Ці хочаш стацца здаровым?»
7 Нядужы адказаў Яму: «Пане, я ня ма́ю чалавека, які спусьціў бы мяне ў сажалку, калі ўскаламуціцца вада; калі ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць раней за мяне».
8 Кажа яму Ісус: «Устань, вазьмі ложак твой і хадзі».
9 І адразу стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў ложак свой, і пайшоў. Была ж субота ў той дзень.
10 Дзеля гэтага Юдэі казалі аздароўленаму: «Сёньня субота, ня можна табе браць ложак».
11 Ён адказаў ім: «Той, Які мяне зрабіў здаровым, Ён мне сказаў: “Вазьмі ложак твой і хадзі”».
12 Тады спыталіся ў яго: «Хто Той Чалавек, Які сказаў табе: “Вазьмі ложак твой і хадзі?”»
13 Аздароўлены ж ня ведаў, хто Ён, бо Ісус зьнік у натоўпе, які быў у тым месцы.
14 Пасьля гэтага Ісус знаходзіць яго ў сьвятыні і кажа яму: «Вось, ты стаўся здаровым, не грашы больш, каб ня сталася з табою нешта горшае».
15 Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што гэта Ісус аздаравіў яго.
16 І дзеля гэтага пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса, і шукалі, каб забіць Яго, бо Ён учыні́ў гэткае ў суботу.
17 Ісус жа адказваў ім: «Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю».
18 Дзеля гэтага Юдэі яшчэ больш шукалі, каб забіць Яго, бо Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
19 Тады адказваў Ісус і сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе, калі ня бачыць Айца, Які робіць, бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама.
20 Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, ажно вы зьдзівіцеся.
21 Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.
22 Бо Айцец і ня су́дзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну,
23 каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе і Айца, Які паслаў Яго.
24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае і на суд не ідзе, але перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.
25 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Прыходзіць гадзіна, і яна ўжо прыйшла, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.
26 Бо як Айцец мае жыцьцё ў Сабе, так і Сыну даў жыцьцё мець у Сабе.
27 І даў Яму ўладу чыні́ць суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.
28 Не зьдзіўляйцеся гэтаму: бо прыходзіць гадзіна, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Ягоны,
29 і выйдуць тыя, што чыні́лі добрае, на ўваскрашэньне жыцьця, а тыя, што чыні́лі благое, — на ўваскрашэньне суду.
30 Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой праведны, бо Я не шукаю Маёй волі, але волі Айца, Які паслаў Мяне.
31 Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, сьведчаньне Маё ня ёсьць праўдзівае.
32 Ёсьць Другі, Які сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць пра Мяне.
33 Вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра праўду.
34 Але Я не ад чалавека прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя.
35 Ён быў сьвечкай, якая гарэла і сьвяціла, а вы хацелі часіну радавацца пры сьвятле ягоным.
36 Я ж ма́ю сьведчаньне, большае за Янава, бо справы, якія Айцец даў Мне скончыць, самыя гэтыя справы, якія Я раблю, сьведчаць пра Мяне, бо Айцец паслаў Мяне,
37 і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў пра Мяне. Але вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі,
38 і ня маеце слова Ягонага, якое ў вас было б, бо ня верыце Таму, Каго Ён паслаў.
39 Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце праз іх мець жыцьцё вечнае, і яны сьведчаць пра Мяне.
40 Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.
41 Славы ад людзей не прыймаю,
42 але ведаю вас, што любові да Бога ня маеце ў сабе.
43 Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прыймаеце Мяне, а калі другі прыйдзе ў сваё імя, таго прыймеце.
44 Як вы можаце верыць, калі прыймаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая ад адзінага Бога, не шукаеце.
45 Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом; ёсьць на вас абвінавальнік Майсей, на якога вы спадзеяцёся.
46 Бо, калі б вы верылі Майсею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.
47 Калі ж ягоным пісаньням ня верыце, як Маім словам паверыце?»

Эвангельле паводле Яна, 5 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.