1 Быў жа нейкі хворы Лазар з Бэта́ніі, мястэчка Марыі і Марты, сястры ейнай.
2 А Марыя, якой брат Лазар быў хворы, была тая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі.
3 Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе! Вось той, з кім Ты сябруеш, нядужы».
4 Ісус, пачуўшы, сказаў: «Гэтая нядужасьць не на сьмерць, але на славу Божую, каб Сын Божы быў праслаўлены праз яе».
5 А Ісус любіў Марту, і сястру ейную, і Лазара.
6 Калі ж пачуў, што той хворы, дык заставаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся.
7 Пасьля гэтага кажа вучням: «Пойдзем ізноў у Юдэю».
8 Вучні кажуць Яму: «Раббі! Толькі што Юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?»
9 Ісус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзінаў мае дзень? Хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету,
10 а хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо сьвятла няма ў ім».
11 Сказаў гэта, і пасьля кажа ім: «Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго».
12 Сказалі тады вучні Ягоныя: «Госпадзе! Калі заснуў, будзе здаровы».
13 Ісус жа гаварыў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сонны супачынак.
14 Тады Ісус сказаў ім адкрыта: «Лазар памёр;
15 і Я радуюся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго».
16 Тады Тамаш, называны Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці з ім».
17 Прыйшоўшы, Ісус знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
18 Бэтанія ж была блізка ад Ерусаліму, нешта з пятнаццаць стадыяў.
19 І шмат Юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі пацешыць іх па браце іхнім.
20 Марта, калі пачула, што ідзе Ісус, выйшла напярэймы Яму, а Марыя сядзела ў доме.
21 Тады Марта сказала Ісусу: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
22 Але і цяпер ведаю, што чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог».
23 Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсьне брат твой».
24 Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрасеньне, у апошні дзень».
25 Ісус сказаў ёй: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе.
26 І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на вякі. Ці верыш гэтаму?»
27 Яна кажа Яму: «Так, Госпадзе! Я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет».
28 І, сказаўшы гэтае, пайшла і паклікала цішком Марыю, сястру сваю, кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе».
29 Яна, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго.
30 Ісус жа яшчэ не ўвайшоў у мястэчка, але быў на тым месцы, дзе пераняла Яго Марта.
31 Юдэі ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што ідзе на магілу плакаць там.
32 Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Ягоных, кажучы Яму: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой».
33 Ісус, калі ўбачыў, што яна плача і што плачуць Юдэі, якія з ёй прыйшлі, уздыхнуў у духу, і ўсхваляваўся,
34 і сказаў: «Дзе вы палажылі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе! Прыйдзі і паглядзі».
35 Ісус заплакаў.
36 Казалі тады Юдэі: «Глядзі, як Ён любіў яго».
37 А некаторыя з іх сказалі: «Ці ня мог Ён, Які адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»
38 Ісус жа, ізноў уздыхнуўшы ў духу, прыходзіць да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.
39 Кажа Ісус: «Падніміце камень!» Кажа Яму сястра нябожчыка, Марта: «Госпадзе, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзень».
40 Кажа ёй Ісус: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзіш славу Божую?»
41 Тады паднялі камень, дзе ляжаў нябожчык. А Ісус падняў вочы ўгору і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
42 Бо Я ведаю, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але Я сказаў дзеля натоўпу, які тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне».
43 І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: «Лазар! Выйдзі вонкі!»
44 І выйшаў нябожчык са зьвязанымі пахавальнай тканінай нагамі і рукамі, і твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: «Разьвяжыце яго і дайце хадзіць».
45 Тады многія з Юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыні́ў Ісус, паверылі ў Яго.
46 А некаторыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыні́ў Ісус.
47 Тады першасьвятары і фарысэі склікалі сынэдрыён і казалі: «Што нам рабіць? Гэты Чалавек робіць шмат знакаў.
48 Калі пакінем Яго гэтак, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і забяруць месца [гэтае] і народ».
49 Адзін жа з іх, нехта Каяфа, які быў той год першасьвятаром, сказаў ім: «Вы нічога ня ведаеце,
50 і ня думаеце, што карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым каб увесь народ загінуў».
51 Гэтае ж ён сказаў не ад сябе, але, быўшы той год першасьвятаром, прарочыў, што Ісус мае памерці за народ,
52 і ня толькі за народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у вадно.
53 Ад гэтага дня яны пастанавілі, каб забіць Яго.
54 Тады Ісус ужо не хадзіў адкрыта між імі, але пайшоў адтуль у краіну ля пустыні, у горад, называны Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.
55 Была ж блізка Пасха юдэйская, і з усяго Краю многія ўзыйшлі ў Ерусалім перад Пасхай, каб ачысьціцца.
56 Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў сьвятыні, гаварылі між сабою: «Як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?»
57 А першасьвятары і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб схапіць Яго.
Эвангельле паводле Яна, 11 глава