Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Эклезіяста | 3 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Для ўсяго ёсьць свой тэрмін, i час для кожнай рэчы пад небам;
2 Час нараджацца i час памiраць, час садзiць i час вырываць тое, што пасаджана.
3 Час забiваць i час лекаваць, час разбураць i час будаваць.
4 Час плакаць i час сьмяяцца, час галасiць i час танчыць.
5 Час кiдаць камянi i час зьбiраць камяні, час абдымаць i час пазьбягаць абдымкаў.
6 Час шукаць i час губляць, час захоўваць i час пакiдаць.
7 Час разьдзiраць i час сшываць, час маўчаць i час гаварыць.
8 Час любiць i час ненавiдзець, час вайны i час мiру.
9 Што за карысьць мае з працы сваёй той, хто працуе?
10 І я ўбачыў занятак, які даў Бог сынам чалавечым, каб яны займалiся ім.
11 Усё Ён зрабiў прыгожым у свой час; і даў iм вечнасьць у сэрца, аднак чалавек не спасьцігне справаў, якiя робіць Бог, ад пачатку аж да канца.
12 І даведаўся я, што няма для іх нiчога лепшага, як весяліцца i рабіць добрае ў жыцьці сваім.
13 І тое, што кожны чалавек есьць i п’е, i бачыць добрае з усёй цяжкай працы сваёй, — гэта дар Божы.
14 І даведаўся я, што ўсё, што робiць Бог, трывае на вякі; нельга да таго дадаць і нельга ад таго адняць, і Бог робіць так, каб баяліся аблічча Яго.
15 Тое, што было, цяпер ёсьць, і тое, што мае быць, ужо было, і Бог знаходзіць тое, што прамiнула.
16 І яшчэ бачыў я пад сонцам: месца суду, а там беззаконьне, месца праведнасьці, а там няправасьць.
17 Сказаў я ў сэрцы маiм: “Праведніка і бязбожніка будзе судзiць Бог, бо там ёсьць час на кожную рэч i на кожную справу”.
18 Сказаў я ў сэрцы маiм пра сыноў чалавечых, што Бог ачышчае іх i паказвае, што яны самi па сабе — як тая жывёла.
19 Бо доля сыноў чалавечых і доля жывёлы — аднолькавая доля, як тыя паміраюць, так і гэтыя паміраюць, і дух [жыцьця] аднолькавы для ўсіх, і няма ў чалавека перавагі над жывёлаю, бо ўсё — марнасьць.
20 Усё iдзе ў адно месца, усё з пылу паўстала, і ўсё ў пыл вяртаецца.
21 Хто ведае, цi дух сыноў чалавечых узыходзіць угору, цi дух жывёлы зыходзiць унiз, у зямлю?
22 I ўбачыў я, што нiчога няма лепшага для чалавека, як радавацца са справаў сваіх, бо гэта доля ягоная. Бо хто прывядзе яго паглядзець на тое, што будзе пасьля яго?

Кніга Эклезіяста, 3 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.