Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Эклезіяста | 2 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Сказаў я ў сэрцы маiм: “Вось жа цяпер паспрабую радасьць i пагляджу на тое, што добрае”, але гэта таксама марнасьць.
2 Пра сьмех сказаў я: “Шаленства!”, i пра радасьць: “Што яна зробіць?”
3 Вырашыў я ў сэрцы маiм дазволіць целу майму вiно, але каб сэрца маё кiравалася мудрасьцю, i трымацца глупоты, аж пакуль ня ўбачу, што добра для сыноў чалавечых, каб рабiць пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго.
4 Я павялічыў справы свае: пабудаваў сабе дамы i пасадзiў для сябе вiнаграднiкi,
5 залажыў для сябе сады і гаі, i пасадзіў у iх усялякiх дрэваў пладовых,
6 і зрабiў сабе сажалкі з вадою, каб абвадняць лес, у якім растуць дрэвы.
7 Я набыў нявольнiкаў i нявольнiц, i чэлядзь была ў мяне, таксама статкі валоў і чароды авечак былі ў мяне большыя, чым у-ва ўсіх, што былi раней за мяне ў Ерусаліме.
8 Я назьбiраў сабе таксама срэбра i золата, i каштоўнасьці валадароў i акругаў; завёў сьпевакоў i сьпявачак, і асалоду сыноў чалавечых, мноства наложніцаў.
9 I зрабiўся я вялiкшым і заможнейшым за ўсiх, якія былi раней за мяне ў Ерусалiме; а мудрасьць мая была са мною.
10 І ўсё, чаго жадалi вочы мае, я не адмаўляў iм, i не забараняў сэрцу свайму нiякай радасьці, бо сэрца маё радавалася з усёй цяжкай працы маёй, i гэта была доля мая ў-ва ўсёй цяжкай працы маёй.
11 І азірнуўся я на ўсе справы сваiе, якiя зрабiлi рукi мае, і на цяжкую працу маю, якую рабіў, працуючы, i вось, усё — марнасьць i пагоня за ветрам, і няма карысьцi з гэтага пад сонцам.
12 І азірнуўся я, каб паглядзець на мудрасьць, i шаленства, i глупоту, бо што можа зрабiць чалавек, які прыйдзе пасьля валадара, звыш таго, што раней рабілася.
13 I ўбачыў я, што з мудрасьці большая карысьць, чым з глупоты, падобна як карысьць са сьвятла большая, чым з цемры.
14 Мудры [мае] вочы свае ў галаве сваёй, а дурань ходзiць у цемры. І пазнаў я таксама, што тая самая доля спаткае іх усіх.
15 І сказаў я ў сэрцы маім: “Калi адна доля будзе для мяне i для дурня, навошта мне вялікая мудрасьць?” І сказаў я ў сэрцы маім: “Гэта таксама марнасьць”.
16 Бо ня будзе на вякі памяцi пра мудрага, як i пра дурня. Тое, што цяпер ёсьць, у дні наступныя ўсё забудзецца, і мудры памірае гэтак сама, як і дурань.
17 І зьненавідзеў я жыцьцё, бо ліхімі былі для мяне справы, што робяцца пад сонцам; бо ўсё — марнасьць i пагоня за ветрам.
18 І зьненавідзеў я ўсю цяжкую працу маю, якой працаваў пад сонцам, якую мушу пакiнуць чалавеку, які будзе пасьля мяне.
19 І хто ведае, цi мудрым ён будзе, цi неразумным? А ён будзе панаваць над [пладамі] усёй цяжкай працы маёй, дзеля якіх я працаваў i якія мудрасьцю зьбіраў пад сонцам. І гэта таксама марнасьць.
20 І павярнуўся я, каб адцурацца сэрцу майму ад усёй цяжкай працы, якой я працаваў пад сонцам.
21 Бо ёсьць так, што чалавек, які працуе з мудрасьцю, і з веданьнем, i пасьпяхова, аддае набытак свой чалавеку, які не працаваў над гэтым. І гэта таксама марнасьць i вялiкае зло.
22 Бо што будзе мець чалавек з усёй цяжкай працы сваёй i турбаваньняў сэрца свайго, якiмі ён спрацаваны пад сонцам?
23 Бо ўсе днi ягоныя — боль, і занятак ягоны — смутак, нават уначы не адпачывае сэрца ягонае. І гэта таксама марнасьць.
24 Няма нiчога лепшага чалавеку, як есьцi i пiць, i даваць душы сваёй [карыстацца] дабром цяжкай працы сваёй. Таксама ўбачыў я, што гэта з рукi Божай [паходзiць].
25 Бо хто еў і хто пасьпяшаўся [мець усё] так, як я?
26 Бо чалавеку, які добры перад абліччам Ягоным, Ён дае мудрасьць, i веданьне, i радасьць, а грэшнiку дае занятак, каб зьбiраў, i назапашваў, і [потым] аддаў таму, хто добры перад абліччам Божым. І гэта таксама марнасьць і пагоня за ветрам.

Кніга Эклезіяста, 2 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.