Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Эклезіяста | 5 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Ня будзь хуткі вуснамі тваімі, і сэрца тваё няхай не сьпяшаецца вымавіць слова перад абліччам Божым, таму што Бог у небе, а ты — на зямлi. Дзеля гэтага няхай словы твае будуць нешматлікімі.
2 Бо ад мноства заняткаў прыходзіць сон, і мноства словаў [мае] голас дурня.
3 Калi абяцаеш абяцаньне Богу, не марудзь выканаць яго, бо Ён ня мае ўпадабаньня да дурняў. Калі што абяцаеш — споўні.
4 Шмат лепш не абяцаць, чым паабяцаць і ня споўнiць.
5 Не дазваляй вуснам тваiм уводзiць у грэх цела сваё i не кажы перад анёлам, што гэта памылка; навошта [табе], каб Бог загневаўся на голас твой і зьнішчыў справы рук тваiх.
6 Бо ў мностве сноў і ў памнажэньні словаў — марнасьць, але ты бойся Бога!
7 Калi ты ўбачыш прыгнёт беднага i парушэньне суду i справядлiвасьцi ў нейкай акрузе, не зьдзіўляйся гэтым рэчам, бо высокага пільнуе вышэйшы, а над iмi — яшчэ вышэйшы.
8 Але карысна для зямлі ва ўсім, калі валадар дбае пра поле.
9 Хто любiць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любiць багацьце, той ня будзе мець прыбытку; і гэта таксама марнасьць.
10 Памнажаюцца даброцьці, памнажаюцца i тыя, што іх зьядаюць; i што за карысьць уласьнiку з гэтага, хiба, гледзячы, глядзець вачыма сваім?
11 Салодкi сон таго, хто працуе, цi мала, цi шмат ён пад’еў, але сытасьць багатага не дае яму заснуць.
12 Ёсьць лiхая нядоля, якую я бачыў пад сонцам, — багацьце, якое захоўваецца на шкоду таму, хто мае яго.
13 І загінула багацьце тое ў нешчасьлівым выпадку; і нарадзiў ён сына, і няма нiчога ў руках ягоных.
14 Бо як выйшаў ён з улоньня мацi сваёй голы, так і вернецца назад, як прыйшоў, i нiчога не забярэ рукою сваёю з таго, што прыйшло праз цяжкую працу ягоную.
15 I гэта таксама ліхая нядоля: якім прыйшоў, такім i адыйдзе, і якая карысьць яму з таго, што працаваў на вецер?
16 Таксама ўсе днi свае ён еў у цемры, у смутку вялiкiм, у немачы i прыкрасьці.
17 Вось што я ўбачыў, што добра i прыгожа [чалавеку] есьцi i пiць, i бачыць добры [плод] кожнай цяжкай працы сваёй, якой працаваў пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго, якое даў яму Бог; бо гэта доля ягоная.
18 Таксама калі якому чалавеку Бог даў багацьце i маёмасьць, i даў ўладу спажыць гэта, і браць частку сваю, i радавацца з цяжкай працы сваёй, дык гэта дар Божы.
19 Бо ня будзе ён шмат памятаць пра дні жыцьця свайго, таму Бог дае радасьць у сэрца ягонае.

Кніга Эклезіяста, 5 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.