Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэлява | 1 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I было па сьмерці Саўлы, што Давід зьвярнуўся ад паразы Амалічан і прабыў у Цыклазе два дні.
2 I сталася напазаўтрае, што, вось, прыходзе чалавек із табару ад Саўлы, і адзежа ягоная разьдзертая, і пыл на галаве ў яго, і, як ён прышоў да Давіда, паў на зямлю й пакланіўся.
3 І сказаў яму Давід: «Скуль ты прышоў?» I сказаў яму: «Я ўцёк із табару Ізраельскага».
4 I сказаў яму Давід: «Што зьдзеялася? скажы ж імне». І тый сказаў, што люд уцёк ізь бітвы, і таксама шмат пала зь люду а памерла, і таксама Саўла а Ёнафан, сын ягоны, памерлі.
5 I сказаў Давід дзяцюку, што наказаў яму: «Як ты ведаеш, што памер Саўла а Ёнафан, сын ягоны».
6 I сказаў дзяцюк, каторы наказаў яму: «Я лучыў, лучыў на гару Ґілвоаскую, і вось, Саўла налёг на сваю дзіду, і вось, адны цялежкі а коньнікі даганялі яго.
7 Тады ён азірнуўся назад, і абачыў мяне, і гукнуў мяне.
8 I я сказаў: “Во я!” Ён сказаў імне: “Хто ты?” I я сказаў яму: “Я Амалічанін”.
9 Тады ён сказаў імне: “Стань ля мяне й забі мяне, бо сьмяротная туга абняла мяне, душа мая ўсе яшчэ ў імне”.
10 I я стаў ля яго, і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жыць просьле свайго паду; і ўзяў я карону, што была на галаве ў яго, і бружлет, што быў на руццэ ў яго, і прынёс іх спадару майму сюды».
11 Тады схапіў Давід адзецьці свае й разьдзер іх, таксама й усі людзі, што былі зь ім.
12 I мелі жалобу, і плакалі, і поставалі аж да вечара па Саўлу а сыну ягоным Ёнафану а па людзе СПАДАРОВЫМ, а па доме Ізраельскім, што палі яны ад мяча.
13 I сказаў Давід дзяцюку, што наказаў яму: «Скуль ты?» I сказаў: «Я — сын прыходнага, Амалічаніна».
14 Тады Давід сказаў яму: «Як не баяўся ты падняць руку, каб зьнішчыць памазанца СПАДАРОВАГА?»
15 I гукнуў Давід аднаго зь дзяцюкоў, і сказаў яму: «Дабліжся й нападзі на яго». I паразіў яго, і ён памер.
16 I сказаў яму Давід: «Кроў твая на галаве тваёй, бо вусны твае сьветчылі на цябе, кажучы: “Я забіў памазанца СПАДАРОВАГА”».
17 I галасіў Давід гэткім галашэньням па Саўлу а па Ёнафану, сыну ягоным,
18 I сказаў наўчыць сыноў Юдзіных Луку. Вось, ён напісаны ў кнізе Яшара:
19 «Краса твая, о Ізраелю, ранена на вышынях тваіх! як палі дужыя!
20 Не наказуйце ў Ґафе, не агалашайце на вуліцах Ашкелону, каб не радаваліся дачкі Пілісцкія, каб не весяліліся надта дачкі неабрэзаных.
21 Горы Ґілвоаскія! хай не падзець на вас раса ані дождж, і хай ня будзе палёў з пладамі; бо там ськінены шчыт дужых, шчыт Саўлаў, бы ня быў ён памазаны алеям.
22 Бяз крыві раненых, бяз туку дужых не адступаў назад лук Ёнафаноў, і меч Саўлаў не зварачаўся пустым.
23 Саўла а Ёнафан, любячыя й прыемныя ў жыцьцю сваім, і ў сьмерці сваёй не разлучыліся; быстрэйшыя за арлы, дужшыя за лявы.
24 Дачкі Ізраельскія! Плачча па Саўлу, каторы адзяваў вас у шкарлат із прыборамі і ўскладаў залатыя прыборы на адзежы вашыя.
25 Як палі дужыя сярод вайны! Ёнафан на вышынях тваіх забіты.
26 Немарасьць імне па табе, браце мой Ёнафане: ты быў надта прыемны імне; над любоў жаноцкую была імне любоў твая.
27 Як палі дужыя, і загінулі зброі ваенныя!»

Другая кніга Самуэлява, 1 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.