Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 8 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі Самуэль пастарэў, ён паставіў судзьдзямі Ізраіля сыноў сваіх.
2 Першародны сын ягоны называўся Ёэль, а імя другога было Абія. Судзілі яны Ізраіля ў Бээр-Шэбе.
3 Але сыны ягоныя не хадзілі шляхамі ягонымі, але паддаліся хцівасьці, і бралі хабары, і фальшавалі суд.
4 І сабраліся ўсе старшыні Ізраіля, і пайшлі да Самуэля ў Раму.
5 І сказалі яму: «Ты ўжо пастарэў, а сыны твае зыйшлі са шляху твайго. Дык пастаў нам цяпер валадара, каб ён судзіў нас, як маюць гэта ўсе народы».
6 Не спадабалася гэтае слова Самуэлю, што яны казалі: «Дай нам валадара, каб ён судзіў нас». І маліўся Самуэль да ГОСПАДА.
7 І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Паслухай голас народу ў-ва ўсім, што просяць цябе, бо не ад цябе адварочваюцца яны, але ад Мяне, каб Я не валадарыў над імі.
8 Як хадзілі яны з таго дня, як Я вывеў іх з Эгіпту, і аж да сёньняшняга дня, пакідаючы Мяне і служачы багам чужым, таксама робяць і табе.
9 Дык цяпер выслухай просьбу іхнюю, толькі папярэдзь іх і патлумач ім закон валадара, які мае над імі валадарыць».
10 І Самуэль пераказаў народу ўсе словы ГОСПАДА, бо народ дамагаўся ад яго валадара.
11 Ён сказаў: «Такое права валадара, які будзе валадарыць над вамі: ён возьме сыноў вашых і пасадзіць у калясьніцы свае, і зробіць коньнікаў, якія будуць бегчы перад калясьніцай ягонай.
12 І паставіць іх тысячнікамі, і пяцідзясятнікамі, і аратымі зямель сваіх, і жняцамі ніваў сваіх, кавалямі зброі і калясьніцаў сваіх.
13 Дачок вашых зробіць варыцелькамі пахнідлаў, кухаркамі і пекаркамі.
14 І забярэ ён ад вас найлепшыя землі вашыя, вінаграднікі і сады аліўкавыя, і падорыць іх слугам сваім.
15 Нівы вашыя і вінаграднікі абцяжыць дзесяцінай, і аддасьць яе эўнухам сваім і слугам сваім.
16 Возьме таксама слугаў вашых і нявольніцаў, найлепшых валоў вашых і аслоў, і выкарыстае іх дзеля працы сваёй.
17 І абложыць ён дзесяцінай статак ваш, і будзеце вы ў яго слугамі.
18 І будзеце наракаць у той дзень на валадара вашага, якога выбралі сабе, але ГОСПАД ня выслухае вас у той дзень».
19 Але народ не хацеў і слухаць Самуэля, і казалі яны: «Ніякім чынам! Няхай валадар будзе над намі,
20 і будзем мы жыць, як жывуць іншыя народы. Валадар наш будзе судзіць нас, і будзе ачольваць нас, і будзе ён ваяваць за нас».
21 Самуэль выслухаў усё, што народ гаварыў, і словы іх пераказаў ГОСПАДУ.
22 І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Выслухай просьбу іх і пастаў над імі валадара». І сказаў Самуэль людзям Ізраіля: «Варочайцеся кожны ў горад свой».

Першая кніга Самуэля, 8 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.