Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 30 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі споўняцца на табе ўсе словы гэтыя дабраславенства і праклёну, якія я абвясьціў табе, і ты прымеш іх у сэрца сваё сярод усялякіх народаў, у якія выгнаў цябе ГОСПАД, Бог твой,
2 і вернешся да Яго, і будзеш слухаць голас Ягоны ў-ва ўсім, што я сёньня табе загадваю, ты і сыны твае, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
3 тады адменіць ГОСПАД, Бог твой, няволю тваю і пашкадуе цябе, і зноў сабярэ цябе з усіх народаў, у якія цябе перад гэтым выгнаў.
4 Хоць бы ты быў выгнаны на канец неба, адтуль сьцягне і адтуль зьбярэ цябе ГОСПАД, Бог твой, і возьме цябе,
5 і ўвядзе ў зямлю, якую мелі бацькі твае, і атрымаеш яе ў валоданьне, і дабраславіць цябе, і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.
6 ГОСПАД, Бог твой, абрэжа сэрца тваё і сэрца насеньня твайго, каб любіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй, каб жыў ты.
7 Тады зьверне ГОСПАД, Бог твой, усе гэтыя праклёны на ворагаў тваіх і на тых, якія ненавідзяць цябе і крыўдзяць цябе.
8 Ты вось навернешся, і будзеш слухаць голас ГОСПАДА, і выканаеш усе прыказаньні, якія я загадваю табе сёньня.
9 ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе посьпех у-ва ўсіх працах рук тваіх, у пладах улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ва ўрадлівасьці зямлі тваёй табе на дабро. Бо ўласкавіцца ГОСПАД, каб цешыцца з цябе, даючы ўсякія даброцьці, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,
10 калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць будзеш загады Ягоныя і прыказаньні, якія запісаны ў Законе гэтым, і навернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
11 Загад гэты, які я табе сёньня даю, ня ёсьць невыканальны для цябе, па-над магчымасьць тваю.
12 Ня ў небе ён памешчаны, каб мог ты жаліцца: “Хто з нас будзе магчы ўзыйсьці ў неба і прынесьці яго нам, каб маглі мы пачуць і выканаць яго?”
13 І не за морам ён, каб мог ты жаліцца і казаць: “Хто з нас можа пераплысьці мора і прынесьці яго да нас, каб мы маглі пачуць і выканаць тое, што загадана?”
14 Але ж слова гэтае блізка каля цябе, яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб мог ты яго выканаць.
15 Глядзі, я прапаную табе сёньня жыцьцё і шчасьце, сьмерць і няшчасьце.
16 Калі будзеш выконваць загады ГОСПАДА, Бога твайго, якія я загадваю табе сёньня, каб любіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Ягонымі, і захоўваў загады Ягоныя, і прыказаньні, і законы, будзеш жыць, і памножыць Ён цябе, і будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.
17 А калі адвернецца сэрца тваё і не захочаш слухаць, і, зьведзены, паклонішся багам чужым, і будзеш ім служыць,
18 то я прадказваю вам сёньня, што прападзецё і за кароткі час пагінеце на зямлі за Ярданам, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.
19 За сьведкаў клічу неба і зямлю, што прапаную вам жыцьцё і сьмерць, дабраславенства і праклён. Выбірай жыцьцё, каб жыў ты і насеньне тваё,
20 і любі ГОСПАДА, Бога твайго, і слухай голас Ягоны, і туліся да Яго, бо Ён — жыцьцё тваё і даўгавечнасьць твая, каб жыў ты на зямлі, якую абяцаў ГОСПАД бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу, што дасьць ім яе».

Кніга Другазаконьне, 30 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.