Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 24 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных дзеля нейкай брыдкасьці, няхай напіша ён ёй пасьведчаньне разводнае, падасьць у рукі яе і адашле ў дом ейны.
2 А калі тая, выйшаўшы, стане жонкаю іншага,
3 і той таксама зьненавідзіць яе, і дасьць ёй пасьведчаньне разводнае, і адашле ў дом ейны або калі б ён памёр,
4 то першы муж ейны ня можа ўзяць яе за жонку, бо яна ўжо спаганена; гэта было б абрыдай перад ГОСПАДАМ. Дык не пагань зямлі тваёй, якую табе дае ў валоданьне ГОСПАД, Бог твой.
5 Калі які чалавек нядаўна ўзяў жонку, няхай не ідзе на вайну і няхай не даручаецца яму абавязак грамадзкі, але няхай застаецца свабодны дома і няхай адзін год цешыцца з жонкаю сваёй.
6 Нельга браць у заклад камень млыновы, верхні ці сподні, бо бралася б гэтым само жыцьцё ў заклад.
7 Калі будзе злоўлены чалавек, які зьневаляў каго з братоў сваіх, сыноў Ізраіля, і, прадаўшы яго, браў плату, няхай будзе забіты. Так вынішчыш зло спасярод сябе.
8 Глядзі пільна, калі выбухне праказа, чаму вучаць вас сьвятары лявіты, і што я загадаў ім, тое спаўняйце старанна.
9 Памятай, што зрабіў ГОСПАД, Бог твой, з Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Эгіпту.
10 Калі бліжняму твайму дасі якую рэч у пазыку, ня ўвойдзеш у дом ягоны, каб узяць што ў заклад,
11 але пастаіш на двары, і ён прынясе табе заклад, які будзе мець.
12 Калі б гэта быў чалавек бедны, няхай не начуе ў цябе заклад гэты,
13 але адразу аддасі яму да заходу сонца, каб спаў ён у адзеньні сваім і дабраславіў цябе, і каб меў ты справядлівасьць перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.
14 Не адмаўляй платы таму, хто патрабуе, і ўбогаму з братоў тваіх ці прыхадняў, якія жывуць з табой у зямлі тваёй і ў брамах тваіх,
15 але ў той самы дзень аддай яму плату за працу ягоную перад заходам сонца, бо ён — бедны і платы патрабуе жыцьцё ягонае, каб ня клікаў ён супраць цябе ГОСПАДА і не было залічана гэта табе за грэх.
16 Няхай ня будуць забіваныя бацькі за сыноў, і сыны за бацькоў, але няхай кожны памірае за грэх свой.
17 Не судзі крывадушна чужынца і сіраты, і ад ўдавы не бяры адзеньня ў заклад.
18 Памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце і выбавіў цябе адтуль ГОСПАД, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю рабіць гэта.
19 Калі будзеш жаць жніво на полі тваім і забудзешся снапа на полі, не вяртайся забраць яго, але няхай застаецца ён для чужынца, сіраты i ўдавы, каб дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой, у-ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.
20 Калі будзеш зьбіраць аліўкі, і застанецца некалькі на дрэве, не варочайся забраць іх, але няхай застануцца яны для чужынца, сіраты i ўдавы.
21 Калі будзеш зьбіраць вінаград, не зьбірай гронак, якія засталіся, але пакінь іх на долю чужынца, сіраты і ўдавы.
22 Памятай, што і ты быў нявольнікам у Эгіпце, таму я загадваю табе рабіць гэтак.

Кніга Другазаконьне, 24 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.