Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 5 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І склікаў Майсей усяго Ізраіля, і сказаў ім: «Слухай, Ізраіль, прыказаньні, а таксама законы, якія я сёньня скажу вам; навучыцеся ім і выпаўняйце іх на дзеле.
2 ГОСПАД, Бог ваш, заключыў запавет з намі на гары Харэў.
3 Не з бацькамі нашымі заключыў Ён гэты запавет, але з намі, якія тут сёньня ўсе жывём.
4 Абліччам да аблічча гаварыў з вамі ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню.
5 У той час я стаяў між ГОСПАДАМ і вамі, каб вам абвесьціць словы ГОСПАДА, бо вы баяліся агню і не ўзыйшлі на гару, калі Ён казаў:
6 “Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Эгіпту, з дому няволі.
7 Ня будзеш мець іншых багоў перад абліччам Маім.
8 Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока і што на зямлі нізка, і што ў вадзе ніжэй зямлі.
9 Ня будзеш пакланяцца ім і ня будзеш служыць ім, бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае за беззаконьні бацькоў дзяцей да трэйцяга і чацьвёртага пакаленьня тых, што ненавідзяць Мяне,
10 і Які чыніць міласэрнасьць тысячам [пакаленьняў] тых, што любяць Мяне і захоўваюць прыказаньні Мае.
11 Не ўжывай імя ГОСПАДА, Бога твайго, для марноты, бо ГОСПАД не пакіне без пакараньня таго, хто гаворыць імя Ягонае для марноты.
12 Захоўвай дзень супачынку, каб сьвяціць яго, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой.
13 Шэсьць дзён будзеш працаваць і будзеш рабіць усю работу тваю,
14 а ў сёмым дні — супачынак для ГОСПАДА, Бога твайго. Ня будзеш рабіць аніякай работы ты і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і вол твой, і асёл твой, і ўся жывёла твая, і чужынец, які ў брамах тваіх, каб адпачыў слуга твой і служка твая, як і ты.
15 І памятай, што ты быў нявольнікам ў зямлі Эгіпецкай, і што вывеў цябе адтуль ГОСПАД, Бог твой, дужай рукою і рамяном узьнятым, і таму загадаў табе ГОСПАД адзначаць дзень супачынку.
16 Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой, каб працягнуліся дні твае і добра табе было на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе.
17 Не забівай [як забойца].
18 Не чужалож.
19 Не крадзі.
20 Ня сьведчы супраць бліжняга твайго сьведчаньнем фальшывым.
21 Не жадай жонкі бліжняга твайго, і не жадай дому бліжняга твайго, ані поля ягонага, ані слугі ягонага, ані служкі ягонай, ані вала ягонага, ані асла ягонага, і нічога, што ў бліжняга твайго”.
22 Словы гэтыя гаварыў ГОСПАД да ўсёй царквы вашай на гары, з сярэдзіны агню і хмары, і змроку голасам моцным, і нічога больш не гаварыў; і напісаў гэта на двух табліцах каменных, якія даў мне.
23 I вось, калi пачулі вы голас спасярод цемры і калі ўбачылі гару, якая гарэла агнём, падыйшлі да мяне ўсе князі пакаленьняў і старшыні,
24 і казалі мне: “Вось, аб’явіў нам ГОСПАД, Бог наш, веліч Сваю і магутнасьць Сваю; мы чулі голас Ягоны з сярэдзіны агню і пераканаліся сёньня, што калі Бог будзе гаварыць з чалавекам, чалавек не застанецца жывы.
25 І цяпер, навошта мы маем паміраць? Бо праглыне нас гэты вялікі агонь; калі мы яшчэ пачуем голас ГОСПАДА, Бога нашага, паўміраем.
26 Бо хто з тых, якія чулі голас Бога жывога, Якi прамаўляе з сярэдзіны агню, як мы, застаўся жывым?
27 Ты сам падыйдзі і выслухай усё, што скажа ГОСПАД, Бог наш, і ты перакажаш нам усё, што скажа табе ГОСПАД, Бог наш, і мы выслухаем, і зробім гэта”.
28 Калі пачуў гэта ГОСПАД, дык сказаў мне: “Чуў Я голас словаў гэтага народу, што яны казалі табе. Усё добра яны казалі.
29 Хто дасьць ім такую памяць, каб яны баяліся Мяне і захоўвалі ўсе загады Мае ўвесь час, каб добра ім было і дзецям іхнім на вякі?
30 Ідзі і скажы ім: ‘Вярніцеся ў намёты вашыя’.
31 А ты застанься тут са Мною, і Я скажу табе ўсе загады і прыказаньні, і закон, якім навучыш іх, каб спаўнялі іх на зямлі, якую дам ім на ўласнасьць”.
32 Дык захоўвайце і выконвайце тое, што загадаў вам ГОСПАД, Бог ваш, і не адхіляйцеся ані ў права, ані ў лева.
33 Ва ўсім ідзіце дакладна тым шляхам, які вызначыў вам ГОСПАД, Бог ваш, каб жылі і былі шчасьлівыя, i каб доўга жылі на зямлі, якую атрымаеце.

Кніга Другазаконьне, 5 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.