Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 29 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І склікаў Майсей увесь Ізраіль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Эгіпецкай на вачах вашых зрабіў ГОСПАД фараону і ўсім слугам ягоным, і ўсёй зямлі,
2 тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашыя, знакі і цуды вялікія,
3 ды ня даў вам ГОСПАД сэрца, якое разумее, вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія чуюць, аж да сёньняшняга дня.
4 І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; ня сьцёрліся адзеньні вашыя, сандалы на нагах вашых ад старасьці не знасіліся.
5 Хлеба вы ня елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі, што Я — ГОСПАД, Бог ваш.
6 І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сыгон, валадар Хешбону, і Ог, валадар Башану, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі.
7 І забралі мы зямлю іхнюю, і аддалі яе на ўласнасьць пакаленьням Рубэна і Гада і палове пакаленьня Манасы.
8 Дык захоўвавайце словы запавету гэтага і спаўняйце іх, каб мелі вы посьпех у-ва ўсім, што робіце.
9 Вы стаіцё сёньня ўсе ў прысутнасьці ГОСПАДА, Бога вашага; князі вашыя, начальнікі пакаленьняў вашых, старшыні вашыя, судзьдзі, таксама кожны Ізраільцянін,
10 дзеці і жонкі вашыя, і чужаземец твой, які з табой у табары, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, якія чэрпаюць ваду,
11 каб увайшоў ты ў запавет ГОСПАДА, Бога твайго, і прысягай запячатаў тое, што сёньня ГОСПАД, Бог твой, заключыў з табою,
12 каб зрабіць цябе сягоньня народам Сваім, і каб Ён быў Богам тваім, як абяцаў табе і як запрысяг Ён бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу.
13 Ня толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацьвярджаю яго прысягай,
14 але з усімі тут прысутнымі перад ГОСПАДАМ, Богам нашым, і з тымі, каго сёньня тут няма.
15 Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Эгіпцкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі.
16 Бачылі вы брыдоты і ідалы іхнія, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якім яны пакланяліся.
17 Няхай ня будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакаленьня, сэрца якога было б адвярнуўшыся ад ГОСПАДА, Бога вашага, каб ісьці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, які родзіць атруту і палын.
18 Калі б хто чуў словы праклёну гэтага і патураў сабе ў сэрцы сваім, думаючы: “Супакой душы мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасьці сэрца свайго”, той сьцягвае загубу на зямлю як наводненую, так і сухую.
19 ГОСПАД не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Ягоны і лютасьць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, запісаныя ў скрутку гэтым, і выкрасьліць ГОСПАД імя ягонае пад небам,
20 і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленьняў Ізраіля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, запісаных ў гэтай кнізе Закону.
21 Тады будучыя пакаленьні, сыны вашыя, якія народзяцца пасьля вас, і чужынец, які здалёка прыйшоў, убачаць плягі зямлі гэтае і немачы, якімі будзе караць яго ГОСПАД, і скажуць:
22 “Серка і соль, і пажарышча — уся зямля ягоная, так што ня будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасьля загубы Садомы і Гаморы, Адмы і Цэбоіма, якія ГОСПАД зьнішчыў у гневе Сваім і ярасьці”.
23 Тады скажуць усе народы: “Чаму ГОСПАД зрабіў так зямлі гэтай? Чаму так страшна ўзгарэўся гнеў Ягоны?”
24 І адкажуць: “Бо пакінулі яны запавет ГОСПАДА, Бога бацькоў іхніх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай,
25 і пайшлі, і служылі багам чужым, і пакланяліся ім, тым, якіх ня ведалі, і якіх Ён ім не прызначыў,
26 таму узгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць зямлі гэтай, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, запісаныя ў скрутку гэтым.
27 І выгнаў Ён іх з зямлі іхняй у гневе, ярасьці і абурэньні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта ёсьць сёньня”.
28 Схаванае належыць ГОСПАДУ, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж на вякі, каб спаўнялі мы ўсе словы Закону гэтага.

Кніга Другазаконьне, 29 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.