Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 4 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 А цяпер, Ізраіль, слухай прыказаньні і законы, якім я вучу вас, каб, выпаўняючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, якую дае вам ГОСПАД, Бог бацькоў вашых.
2 Не дадавайце нічога да таго, што я вам кажу, ані адымайце ад яго, выконваючы прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, якія я вам даручаю.
3 Вочы вашыя бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД у Баал-Пэоры, як ГОСПАД вынішчыў сярод вас усіх, што пайшлі за Баалам.
4 А вы ўсе, якія засталіся вернымі ГОСПАДУ, Богу вашаму, жывецё аж па сёньняшні дзень.
5 Вось жа я навучыў вас прыказаньням і закону, як загадаў мне ГОСПАД, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, у якую ўваходзіце, каб атрымаць яе ў валоданьне.
6 Захоўвайце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасьць вашая і разумнасьць вашая перад народамі, якія, чуючы пра ўсе прыказаньні гэтыя, будуць казаць: ‘Вось народ мудры і разумны, племя гэтае вялікае!’
7 Бо дзе ж ёсьць такі народ вялікі, які б меў так блізкіх сабе багоў, як ГОСПАД, Бог наш, калі мы Яго клічам?
8 І які ж другі народ такі вялікі, які б меў прыказаньні і законы справядлівыя, як ўвесь гэты закон, які я сёньня даю вам?
9 Дык сьцеражыся і пільна захоўвай душу сваю, і не забудзь усіх падзеяў, якія бачылі вочы твае, і няхай захаваюцца яны ў сэрцы тваім у-ва ўсе дні жыцьця твайго, і ты навучыш гэтаму дзяцей і ўнукаў тваіх.
10 Памятай той дзень, калі ты стаяў у прысутнасьці ГОСПАДА, Бога твайго, на Харэве, калі ГОСПАД сказаў мне: “Зьбяры да Мяне народ, няхай пачуюць словы Мае, каб навучыліся баяцца Мяне ў-ва ўсе дні жыцьця на зямлі і навучылі гэтаму сыноў сваіх”.
11 Тады вы наблізіліся і стаялі ля падножжа гары, а гара палала аж пад неба, схаваная ў цемры, хмарах і змроку.
12 І прамовіў ГОСПАД да вас з сярэдзіны агню; і гук словаў вы чулі, але па-за голасам нічога ня бачылі.
13 Ён аб’явіў вам запавет Свой, калі загадаў вам спаўняць Дзесяць прыказаньняў, і напісаў іх на двух каменных табліцах.
14 У гэты час загадаў мне ГОСПАД вучыць вас прыказаньням і законам, якія павінны вы спаўняць на зямлі, якую маеце атрымаць на ўласнасьць.
15 Дык сьцеражыцеся і рупцеся пра душы вашыя, бо ня бачылі вы ў той дзень ніякага вобразу, калі гаварыў да вас ГОСПАД на гары Харэў спасярод агню,
16 каб вы не сапсуліся і не зрабілі сабе ідала, вырабляючы яго на падабенства мужчыны або жанчыны,
17 або выяву якой-небудзь жывёлы, якая на зямлі, або птушкі, што лётае ў небе,
18 або паўзуноў, якія рухаюцца па зямлі, або рыб, якія плаваюць у вадзе нiжей зямлi;
19 і каб часам, калі падымеш вочы ў неба і ўбачыш сонца і месяц, і зоркі, і ўсё войска нябеснае, ты не спалохаўся і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо ГОСПАД, Бог твой, прызначыў іх усім народам пад небам.
20 А вас выбраў ГОСПАД і вывеў вас з жалезнай печы Эгіпецкай, каб вы сталіся народам Яго, уласнасьцю Яго, як гэта ёсьць сёньня.
21 З-за справаў вашых разгневаўся ГОСПАД на мяне і прысягнуў, што я не перайду Ярдан і не ўвайду ў добрую зямлю, якую дасьць табе ў спадчыну ГОСПАД, Бог твой.
22 Вось жа я памру на гэтай зямлі, і не перайду праз Ярдан, але вы пяройдзеце праз яго і паселіцеся ў гэтай прыгожай зямлі.
23 Дык сьцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет ГОСПАДА, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе выяваў усяго, што забараніў ГОСПАД, Бог твой,
24 бо ГОСПАД, Бог твой, ёсьць агонь зьнішчальны, Бог зайздросны.
25 Калі вы народзіце сыноў і ўнукаў і дажывяцё старасьці на гэтай зямлі, і спаганіцеся, і зробіце сабе статуі, якія выяўляюць штосьці, робячы тое, што ліхім ёсьць у вачах ГОСПАДА, Бога вашага, і загнявіцё Яго,
26 дык бяру сёньня неба і зямлю за сьведкаў супраць вас, што хутка будзеце выгубленыя з аблічча зямлі, да якой вы пераходзіце праз Ярдан, каб атрымаць яе. Ня доўга будзеце жыць на ёй, бо зьнішчыць вас ГОСПАД.
27 І расьцярушыць вас ГОСПАД сярод народаў, і нямногія з вас застануцца сярод чужых народаў, да якіх высяліць вас ГОСПАД.
28 Там вы будзеце служыць багам, якія зробленыя рукамі людзей, дрэву і камяню, якія ня бачаць і ня чуюць, не ядуць і ня чуюць паху.
29 І там, калі будзеш шукаць ГОСПАДА, Бога твайго, знойдзеш Яго, калі толькі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёй.
30 Калі ў горы тваім прыйдзе да цябе ў апошнія дні ўсё, што прадказана, то ты вернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, і пачуеш голас Ягоны,
31 бо ГОСПАД, Бог твой, — Бог міласэрны, Ён не пакіне цябе, ня зьнішчыць усяго і не забудзе запавету і таго, што ў ім абяцаў бацькам вашым.
32 Папытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, і ад края неба да края неба, ці было што-колечы такое, як гэтая вялікая справа, і ці было чутно пра штосьці падобнае?
33 Ці які народ чуў голас Божы з сярэдзіны агню, які ты чуў, і застаўся жывым?
34 Або ці спрабаваў які бог прыйсьці і выбраць сабе народ спасярод іншых народаў праз выпрабаваньні, знакі і цуды, і войны, рукою дужаю і рамяном узьнятым праз жахі страшныя, як гэтае ўсё, што зрабіў вам ГОСПАД, Бог ваш, у Эгіпце на вачах тваіх?
35 Ты бачыў усё гэта, каб пераканацца, што ГОСПАД ёсьць Бог, і акрамя Яго няма іншага.
36 Ён даў табе з неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі даў табе ўбачыць агонь велізарны і чуць словы Свае з сярэдзіны агню.
37 Калі вось палюбіў Ён бацькоў тваіх, дык выбраў насеньне іх і вывеў цябе з Эгіпту сілаю Сваёю вялікаю,
38 каб выгнаць перад табой народы большыя і мацнейшыя за цябе і каб увесьці цябе ў зямлю іхнюю, і даць табе яе ў спадчыну, як ты гэта сёньня [бачыш].
39 Дык пераканайся сёньня і разваж у сэрцы сваім, што толькі ГОСПАД ёсьць Бог, і на небе высока і на зямлі нізка няма іншага.
40 Захоўвай прыказаньні Ягоныя і закон, які я сёньня даручаю табе спаўняць, каб добра было табе і дзецям тваім пасьля цябе і каб ты жыў доўгі час на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, мае даць табе».
41 І вызначыў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца,
42 каб туды мог уцячы забойца, які забіў бліжняга міма волі, ня маючы яго перад тым у нянавісьці, і каб схаваўшыся ў адзін з гэтых гарадоў, мог захаваць жыцьцё.
43 Гэта Бэцэр у пустыні на раўніне для сыноў Рубэна, Рамот у Гілеадзе для сыноў Гада і Галян у Башане для сыноў Манасы.
44 Такі вось закон даў Майсей сынам Ізраіля;
45 вось такія прыказаньні і законы, якія абвясьціў ён сынам Ізраіля, калі выйшлі яны з Эгіпту,
46 за Ярданам у даліне насупраць Бэт-Пэору, у зямлі Сыгона, валадара Аммарэйцаў, які жыў у Хешбоне, якога зьнішчыў Майсей і сыны Ізраіля пасьля выхаду з Эгіпту.
47 І завалодалі яны зямлёю Ога, валадара Башану, двух валадароў Амарэйскіх, якія жылі за Ярданам на ўсход сонца;
48 ад Араэру на беразе ручая Арнон аж да гары Сырыён, значыць Гермон,
49 і ўсю Арабу за Ярданам на ўсходзе, аж да Мора Арабы ля падножжа Пісгі.

Кніга Другазаконьне, 4 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.