Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 7 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі ГОСПАД, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, у якую ідзеш, каб завалодаць ёю, Ён выганіць перад табой многія народы, Хетытаў і Гіргашэяў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзеяў, Хівеяў і Евусеяў, сем народаў большых і дужэйшых за цябе.
2 ГОСПАД, Бог твой, аддасьць іх табе, а ты выгубіш іх, і пакладзеш на іх клятву, і не заключыш з імі ўгоду, і ня выявіш да іх літасьці.
3 Ня будзеш з імі мець сужонстваў: сынам іхнім не аддасі за жонку дачкі сваёй i ня возьмеш ад іх дачкі для сына свайго,
4 бо адыдуць сыны твае ад Мяне, каб служыць багам чужым. І ўзгарыцца гнеў ГОСПАДА на вас, і Ён хутка вас зьнішчыць.
5 Але вось так маеце зрабіць з імі: ахвярнiкi іхнія разбурыце, слупы іхнія паламіце, сьвятыя гаі выражце, а статуі спаліце агнём.
6 Ты — народ, пасьвячоны ГОСПАДУ, Богу твайму. Цябе выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб быў ты выбраным народам Ягоным з усіх народаў, якiя жывуць на зямлі.
7 ГОСПАД выбраў вас і ўпадабаў вас не таму, што вы перавышаеце лікам ўсе народы, бо з усіх народаў вы найменшыя,
8 але дзеля таго, што ГОСПАД любіць вас і захаваў запавет, які заключыў з бацькамі вашымі, вывеў Ён вас рукою дужаю і выкупіў вас з дому няволі, з рукі фараона, валадара Эгіпецкага.
9 І ведай, што ГОСПАД, Бог твой, ёсьць Бог адзіны, Бог верны, Які захоўвае запавет і аказвае міласэрнасьць тым, што любяць Яго, i тым, што спаўняюць загады Ягоныя, на тысячы пакаленьняў,
10 і адгаджае ненавісьнікам Сваім так, каб зьнішчыць іх, і безадкладна аддае ім тое, на што заслужыліся.
11 Дык спаўняй загады, і прыказаньні, і законы, якія я сёньня даю табе, каб ты спаўняў.
12 Калі вы будзеце слухаць гэтых загадаў, і выпаўняць іх, і захоўваць iх, дык ГОСПАД, Бог твой, захавае запавет для цябе і акажа міласэрнасьць, што запрысяг бацькам тваім,
13 і будзе любіць цябе, і дабраславіць плод жывата твайго, і плод зямлі тваёй, і збожжа тваё, таксама збор вінаграду і алею твайго, і раджэньне жывёлы тваёй, рост авечак тваіх на зямлі, як запрысяг бацькам тваім, што дасьць гэта табе.
14 Дабраслаўлёны будзеш ты больш за ўсе народы. Ня будзе ў цябе бясплоднага і бясплоднай, як у людзей, так і ў статку тваім.
15 Ухіліць ад цябе ГОСПАД усякую немач, і страшныя хваробы Эгіпецкія, якія ты ведаў, не нашле на цябе, але на ўсіх ворагаў тваіх.
16 Ты выгубіш усе народы, якія дасьць табе ГОСПАД, Бог твой. Няхай не пашкадуе іх вока тваё, і ня будзешь служыць багам іхнім, каб ня сталіся яны табе на загубу.
17 Калі падумаеш у сэрцы сваім: “Народы ж гэтыя большыя лікам за мяне, не змагу іх выгубіць”,
18 ня бойся іх, але памятай, што зрабіў ГОСПАД, Бог твой, фараону і ўсім Эгіпцянам:
19 вялікія кары, якія бачылі вочы твае, і знакі, а таксама цуды, руку дужую і ўзьнятае плячо, якімі вывеў цябе ГОСПАД, Бог твой; так зробіць Ён усім народам, якіх ты баішся.
20 І спашле на іх ГОСПАД, Бог твой, шэршняў, пакуль не пагінуць тыя, што засталiся, што хаваліся перад табой.
21 Дык ня бойся іх, бо ГОСПАД, Бог твой, пасярод цябе, Бог магутны і страшны.
22 Ён будзе зьнішчаць гэтыя народы перад табою памалу. Ня будзеш іх нішчыць хутка, каб не разьвяліся супраць цябе зьвяры зямныя.
23 Выдасьць іх табе ГОСПАД, Бог твой, і будзе іх трывожыць вялікай трывогай, аж пакуль не прападуць зусім.
24 У рукі твае аддасьць Ён валадароў іхніх, і ты сатрэш імёны іхнія з-пад неба; ніхто не супрацівіцца табе, пакуль ня выгубіш іх.
25 Ідалаў іхніх спаліш агнём; і ня квапся на срэбра і золата, якімі яны прыбраныя, анічога ня возьмеш з іх сабе, каб не зьвяло цябе, бо гэта брыдота ў ГОСПАДА, Бога твайго.
26 Нічога паганага не ўнясеш у дом твой, каб ня стаў ты клятвай, як і яно. Гэта будзеш уважаць за рэч гадкую і паганую, будзеш брыдзіцца гэтым, бо праклятае яно.

Кніга Другазаконьне, 7 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.