Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 31 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І прамовіў Майсей гэтымі словамі да ўсяго Ізраіля:
2 «Маю ўжо сёньня сто дваццаць гадоў. Не магу больш хадзіць, і ГОСПАД сказаў мне: “Не пяройдзеш ты Ярдан гэты”.
3 ГОСПАД, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён зьнішчыць народы гэтыя перад абліччам тваім, і ты завалодаеш імі, і Егошуа пойдзе перад табою, як сказаў ГОСПАД.
4 І зробіць ім ГОСПАД, як зрабіў Сыгону і Огу, валадарам Амарэйцаў, і зямлі іхняй, зьнішчыўшы іх.
5 І выдасьць ГОСПАД іх вам, і зробіце вы з імі паводле ўсіх прыказаньняў, якія я загадаў вам.
6 Дзейнічайце мужна і будзьце адважнымі, ня бойцеся і не палохайцеся іх, бо ГОСПАД, Бог твой, ёсьць правадыром тваім, Ён не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе».
7 І паклікаў Майсей Егошуа, і сказаў яму перад усім Ізраілем: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш народ гэты ў зямлю, якую запрысяг ГОСПАД бацькам іхнім даць яе, і ты яе падзеліш жэрабем.
8 А ГОСПАД, Які ёсьць правадыром тваім, Сам будзе з табою, не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе, дык ня бойся і не трывожся».
9 І напісаў Майсей Закон гэты, і перадаў яго сьвятарам, сынам Левія, якія насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і ўсім старшыням Ізраіля.
10 І загадаў ім Майсей, кажучы: “Праз сем гадоў, у год адпушчэньня даўгоў, у сьвята Намётаў,
11 калі ўвесь Ізраіль прыйдзе перад аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое выбярэ ГОСПАД, перачытаеш словы Закону гэтага ўголас перад усім Ізраілем, каб чулі ўсе.
12 Зьбяры ўвесь народ, мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і чужынцаў, якія жывуць з табой, каб яны шукалі і вучыліся баяцца ГОСПАДА, Бога вашага, і захоўвалі, і спаўнялі ўсе словы Закону гэтага.
13 Таксама сыны іхнія, якія яшчэ ня ведаюць гэтага, няхай слухаюць і вучацца баяцца ГОСПАДА, Бога вашага, усе дні, як доўга будзеце жыць на зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, ідзіцё атрымаць на ўласнасьць».
14 І сказаў ГОСПАД Майсею: “Вось жа набліжаецца дзень сьмерці тваёй. Пакліч Егошуа і станьце ў Намёце Спатканьбня, і Я дам яму даручэньні». Дык Майсей і Егошуа пайшлі і сталі ў Намёце Спатканьня.
15 І ГОСПАД аб’явіўся там у слупе воблачным, які стаяў каля ўваходу ў намёт.
16 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось жа ты засьнеш з бацькамі сваімі, а народ гэты паўстане, каб распуставаць з багамі чужымі зямлі гэтай, у якую ўвойдзе; і пакінуць яны Мяне, і парушаць запавет, які Я заключыў з імі.
17 І ўзгарыцца гнеў Мой супраць яго ў той дзень, і пакіну Я іх, і схаваю аблічча Маё ад іх, і будзе ён на загубу; прыйдуць на яго многія беды і ўціскі, так што скажа ён у той дзень: “За тое, што няма Бога са мной, нахлынулі гэтыя беды на мяне”.
18 Я вось схаваю і не пакажу аблічча Майго ў той дзень дзеля ўсіх злачынстваў, якіх ён дапусьціўся, бо пайшоў ён за багамі чужымі.
19 Запішыце цяпер сабе гэты гімн. Навучы яму сыноў Ізраіля, каб быў ён на вуснах іхніх, і гэтая песьня будзе Мне сьведкаю супраць сыноў Ізраіля.
20 Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якую запрысяг Я бацькам ягоным, якая ацякае ў малако і мёд. І будзе ён есьці, і наесца да сытасьці, і ў сытасьці павернецца да багоў чужых, і будзе служыць ім, а Мною пагардзіць і разарве запавет Мой.
21 А калі наведаюць яго шматлікія беды і крыўды, песьня гэтая будзе сьведчыць супраць яго, бо вусны нашчадкаў ягоных не забудуцца яе. Бо Я ведаю думкі ягоныя, што ён робіць сёньня, перш, чым увяду яго ў зямлю, якую абяцаў яму».
22 І запісаў Майсей песьню гэтую ў той дзень, і навучыў яе сыноў Ізраіля.
23 А ГОСПАД загадаў Егошуа, сыну Нуна, кажучы: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраіля ў зямлю, якую Я абяцаў ім, і Я буду з табою».
24 І калі Майсей закончыў пісаць словы Закону гэтага ў кнізе,
25 то загадаў лявітам, якія насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, кажучы:
26 «Вазьміце гэтую кнігу Закону і палажыце яе побач Каўчэгу Запавету ГОСПАДА, Бога вашага, каб была яна сьведкам супраць цябе.
27 Я ведаю ўпартасьць тваю і цьвёрды карак твой. Вось і зараз, калі жыву з вамі, заўсёды вы былі ўпартыя адносна ГОСПАДА, а тым больш па сьмерці маёй.
28 Зьбярыце да мяне ўсіх старшыняў пакаленьняў вашых, а таксама начальнікаў вашых, каб сказаць мне ў вушы іхнія словы гэтыя і паклікаць супраць іх неба і зямлю на сьведкаў.
29 Бо я ведаю, што пасьля сьмерці маёй будзеце чыніць ліхоту і зьвернеце са шляху, які я вам загадаў, і напаткаюць вас у апошнія часы няшчасьці, калі дапусьціцеся ліхоцьця перад абліччам ГОСПАДА і разгневаеце Яго ўчынкамі рук вашых».
30 І прамаўляў Майсей да ўсёй царквы Ізраіля словы песьні гэтай аж да канца:

Кніга Другазаконьне, 31 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.