Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 9 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Слухай, Ізраіль, ты сёньня маеш перайсьці праз Ярдан, каб завалодаць народамі большымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі велізарнымі і ўмацаванымі аж пад неба,
2 народам вялікім і высокім, сынамі Анака, вядомымі табе, пра якіх ты чуў, што iм ніхто ня можа супрацівіцца.
3 Дык ведай, што сёньня ГОСПАД, Бог твой, пяройдзе перад табой, як агонь палючы. Ён зьнішчыць іх і аддасьць іх табе, каб ты хутка выгнаў і зьнішчыў іх, як ГОСПАД сказаў табе.
4 Дык не кажы ў сэрцы тваім, калі ГОСПАД, Бог твой, выганіць іх перад абліччам тваім: “Дзеля справядлівасьці маёй увёў мяне ГОСПАД, каб завалодаў я гэтаю зямлёю”, бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх ГОСПАД перад табою.
5 Бо вось не дзеля справядлівасьці тваёй і праваты сэрца твайго ўваходзіш ты, каб завалодаць зямлёю іхняй, але за тое, што яны жылі бязбожна, па прыходзе тваім ГОСПАД, Бог твой, выганяе іх перад табою, каб споўніць слова Сваё, якое пад прысягай абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу.
6 Дык ведай, што не дзеля справядлівасьці тваёй ГОСПАД, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю на пасяленьне, хоць ты — народ з цьвёрдым каркам.
7 Памятай і не забывайся, як вымусіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, да гневу ў пустыні. З таго дня, як выйшаў ты з Эгіпту і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, працівіліся вы ГОСПАДУ.
8 Бо і на Харэве вы гневалі Яго і, разгневаны, Ён хацеў зьнішчыць вас,
9 і калі я ўзыйшоў на гару атрымаць каменныя табліцы, табліцы запавету, які заключыў ГОСПАД з вамі, і быў я на гары сорак дзён і начэй, ня еў хлеба і ня піў вады.
10 І даў мне ГОСПАД дзьве каменныя табліцы, запісаныя пальцам Бога, на якiх былi ўсе словы, якія вам сказаў ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню ў дзень супольнага сходу.
11 Калі мінула сорак дзён і столькі ж начэй, даў мне ГОСПАД дзьве каменныя табліцы, табліцы запавету,
12 і сказаў мне: “Устань і зыйдзі адсюль хутка, бо саграшыў народ твой, які вывеў ты з Эгіпту; скора зыйшлі з дарогі, якую Я загадаў ім, і зрабілі сабе ідала з мэталю”.
13 І зноў сказаў ГОСПАД мне: “Бачу, што гэты народ ёсьць народам з цьвёрдым каркам.
14 Дазволь Мне, каб Я зьнішчыў іх і сьцёр іхняе імя з-пад неба, а з цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты”.
15 І я павярнуўся, і зыйшоў з гары палаючай, трымаючы аберуч дьзве каменныя табліцы.
16 І калі я ўбачыў, што вы саграшылі супраць ГОСПАДА, Бога вашага, і што зрабілі сабе літае цяля, і што хутка зыйшлі са шляху, які ГОСПАД загадаў вам,
17 схапіў я абедзьве табліцы і кінуў іх, і разьбіў іх у вашай прысутнасьці;
18 і упаў, і ляжаў я перад ГОСПАДАМ як раней, сорак дзён і начэй, ня еў хлеба і ня піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, якіх вы дапусьціліся супраць ГОСПАДаА і змусілі Яго да гневу,
19 бо я баяўся ярасьці і гневу Ягонага, у якім, на вас разгневаны, Ён хацеў вас зьнішчыць.
20 Таксама быў Ён надта разгневаны на Аарона і хацеў яго забіць, але і за яго тады я маліўся.
21 А прычыну грэху вашага, значыць цяля літае, якое вы зрабілі, я, схапіўшы, спаліў агнём, і разьбіў, і сьцёр на попел, і кінуў у ручай, якi сьцякаў з гары.
22 І ў Табэры, і ў Масе, і ў Кіброт-Гаттаве яшчэ спакушалі вы ГОСПАДА.
23 І калі пасылаў вас ГОСПАД з Кадэш-Барнэа, кажучы: “Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую Я даў вам”, то вы супрацівіліся волі ГОСПАДА, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не паслухалі голасу Ягонага.
24 Вы заўсёды працівіліся ГОСПАДУ, ад дня, як стаў я вас ведаць.
25 Сорак дзён і начэй ляжаў я перад ГОСПАДАМ і пакорна маліў Яго, каб ня нішчыў Ён вас, як сказаў.
26 І ў малітве прасіў: “Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Тваёй, якую Ты вывеў з Эгіпту дужаю рукою.
27 Памятай слугаў Тваіх, Абрагама, Ісаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласьць народу гэтага і на бязбогасьць, а таксама грахі,
28 каб часам жыхары зямлі, з якой Ты вывеў нас, не сказалі: "Ня мог ГОСПАД увесьці іх у зямлю, якую абяцаў ім. З нянавісьці да іх вывеў Ён іх, каб памерлі ў пустыні".
29 А яны ж — народ Твой і спадчына Твая, тыя, якіх Ты вывеў сілаю Тваёй вялікаю і плячом Тваім узьнятым”.

Кніга Другазаконьне, 9 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.