Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 15 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У канцы сёмага году даруй даўгі.
2 Дараваньне даўгоў палягае на тым, што кожны пазыкадавец, які пазычыў бліжняму або брату свайму, даруе пазычальніку і ня будзе вымагаць звароту ад бліжняга або брата свайго, бо абвешчаны год дараваньня на ўшанаваньне ГОСПАДА.
3 Ад чужога можаш вымагаць звароту доўга, але што будзе ў брата твайго, няхай даруе рука твая.
4 Жабрака не павінна быць у цябе, бо ГОСПАД, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, якую дасьць на ўласнасьць, каб ты ўзяў яе ў спадчыну,
5 калі толькі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і выконваць кожны загад гэты, якія сёньня я загадваю табе.
6 Бо ГОСПАД, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе, як абяцаў табе. Будзеш пазычаць многім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; будзеш валадарыць над многімі народамі, а над табою ніхто ня будзе панаваць.
7 Калі адзін з братоў тваіх, які жыве ў адным з гарадоў тваіх, у зямлі, якую дасьць табе ГОСПАД, Бог твой, дайшоў да ўбогасьці, не зацьвярдзі сэрца твайго адносна яго і не сашчамі рукі тваёй перад убогім братам тваім,
8 але адкрый яму руку тваю і шчодра дай яму пазыку, на колькі яму будзе патрэбная.
9 Сьцеражыся, каб не зьявілася ў сэрцы тваім нягодная думка: “Блізка сёмы год, год дараваньня”, каб ліхім вокам не глядзеў ты на ўбогага брата твайго і ня даў яму дапамогі, бо ён будзе клікаць ГОСПАДА супраць цябе, і ты абцяжарышся грэхам.
10 Але дай яму, колькі ён просіць, і няхай не сумуе сэрца тваё, што даеш, бо за гэта будзе дабраслаўляць цябе ГОСПАД, Бог твой, у кожнай справе і ў кожнай працы рук тваіх.
11 Будуць убогія ў зямлі пражываньня твайго, дзеля таго я загадваю табе: “Адкрывай руку тваю тпму, хто ў патрэбе, і ўбогаму, які жыве з табою на зямлі”.
12 Калі табе будзе прададзены брат твой, Гебрай або Гебрайка, няхай будзе нявольнікам шэсьць гадоў. У сёмы год выпусьціш яго вольным ад сябе.
13 Вызваляючы, не дасі яму адыйсьці з пустымі рукамі.
14 Падаруеш яму штосьці з жывёлы тваёй, току твайго і тоўчні тваёй, якімі дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой.
15 Прыпомні сабе, што і ты сам быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай, і вызваліў цябе ГОСПАД, Бог твой; таму вось я цяпер загадваю табе гэта.
16 А ён можа скажа: “Я не хачу адыходзіць, таму што люблю цябе і дом твой”, бо добра яму ў цябе.
17 Тады возьмеш шыла і праколеш вуха яму пры дзьвярах дому твайго, і будзе ён табе служыць заўсёды. Падобна зробіш і з нявольніцай.
18 Няхай ня будзе табе прыкрым у вачах тваіх, што пускаеш яго свабодна ад цябе, бо служачы табе шэсьць гадоў, ён зарабіў табе падвойную плату найміта, а ГОСПАД, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе ў-ва ўсім, што робіш.
19 Першародныя мужчынскага роду, якія родзяцца ў жывёлы і авечак тваіх, маеш пасьвяціць ГОСПАДУ, Богу твайму, ня будзеш карыстацца ў працы першародным валом тваім і не стрыжы першароднага з авечак.
20 Штогод перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое выбярэ сабе ГОСПАД, Бог твой, будзеш спажываць іх ты і сям’я твая.
21 Калі б мела яно якую загану, будзе сьляпое, кульгавае або з іншым якім недахопам, ня зложыш такога ў ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму,
22 а ў брамах тваіх спажывеш іх. Чысты і нячысты чалавек можа есьці яго, як сарну або аленя.
23 Толькі крыві іхняй ня еш, але, як ваду, вылі на зямлю.

Кніга Другазаконьне, 15 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.