Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І, праходзячы, убачыў чалавека, сьляпога ад нараджэньня.
2 І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Раббі! Хто саграшыў: ён ці бацькі́ ягоныя, што ён нарадзіўся сьляпы?»
3 Адказаў Ісус: «Не саграшыў ані ён, ані бацькі́ ягоныя, але каб былі выяўленыя праз яго справы Божыя.
4 Мне трэба рабіць справу Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; прыходзіць ноч, калі ніхто ня можа рабіць.
5 Пакуль Я ў сьвеце, Я — сьвятло сьвету».
6 Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сьліны балота і памазаў балотам вочы сьляпому,
7 і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў сажалцы Сілаа́м, — што перакладаецца Пасланы». Тады той пайшоў, і абмыўся, і прыйшоў відушчы.
8 Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: «Ці ж ня той гэта, які сядзеў і жабраваў?»
9 Адны казалі: «Гэта ён», а іншыя: «Падобны да яго». Ён жа сказаў: «Гэта я».
10 Тады сказалі яму: «Як адчыніліся вочы твае?»
11 Адказаў ён і сказаў: «Чалавек, называны Ісус, зрабіў балота, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да сажалкі Сілаам і абмыйся”. Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».
12 Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Ён кажа: «Ня ведаю».
13 Вядуць гэтага былога сьляпога да фарысэяў.
14 А была субота, калі Ісус зрабіў балота і адчыніў яму вочы.
15 Тады ізноў спыталіся ў яго фарысэі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Балота палажыў Ён на вочы мае, і я абмыўся, і бачу».
16 Сказалі тады некаторыя з фарысэяў: «Не ад Бога Гэты Чалавек, бо Ён не захоўвае суботы». Іншыя казалі: «Як можа чалавек грэшны рабіць гэткія знакі?» І быў падзел між імі.
17 Зноў кажуць сьляпому: «Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адчыніў табе вочы?» Той гаворыць: «Гэта прарок».
18 Юдэі тады не паверылі, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага [чалавека], які стаў бачыць,
19 і спыталіся ў іх, кажучы: «Ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?»
20 Бацькі́ ягоныя адказалі ім і сказалі: «Мы ведаем, што ён — наш сын, і што ён нарадзіўся сьляпы.
21 А як цяпер бачыць, ня ведаем, таксама, хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем. Ён дарослы, яго спытайцеся; няхай сам пра сябе скажа».
22 Так казалі бацькі́ ягоныя, таму што баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дамовіліся, каб калі хто прызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сынагогі.
23 Дзеля гэтага бацькі́ ягоныя сказалі: «Ён дарослы, яго спытайцеся».
24 Тады другі раз паклікалі таго чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: «Аддай славу Богу. Мы ведаем, што Чалавек Той — грэшнік».
25 Ён жа адказаў і сказаў: «Ці Ён — грэшнік, ня ведаю. Адно ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу».
26 Дык ізноў сказалі яму: «Што Ён зрабіў табе? Як Ён адчыніў твае вочы?»
27 Адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, і вы ня слухалі. Што яшчэ хочаце пачуць? Няўжо і вы хочаце стацца вучнямі Ягонымі?»
28 Тады насварыліся на яго і сказалі: «Гэта ты — Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея.
29 Мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён».
30 Адказаў чалавек той і сказаў ім: «Гэта і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мае вочы.
31 Мы ж ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае; але хто пакланяецца Богу і волю Ягоную выконвае, таго слухае.
32 Ад веку не чуваць было, каб хто адчыніў вочы народжанаму сьляпым.
33 Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога ўчыні́ць».
34 Адказалі і сказалі яму: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас вучыш?» І выгналі яго прэч.
35 Пачуў Ісус, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: «Ці верыш ты ў Сына Божага?»
36 Той адказаў і сказаў: «А хто Ён, Пане, каб мне верыць у Яго?»
37 Ісус жа сказаў яму: «І ты бачыў Яго, і Той, Які гаворыць з табою, — гэта Ён».
38 Ён жа сказаў: «Веру, Госпадзе!» І пакланіўся Яму.
39 І сказаў Ісус: «На суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, зрабіліся сьляпыя».
40 І пачулі гэта тыя з фарысэяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сьляпыя?»
41 Ісус сказаў ім: «Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б грэху. Але цяпер вы кажаце, што бачыце, таму грэх ваш застаецца.

Эвангельле паводле Яна, 9 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.