Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 7 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі валадар абжыўся ў доме сваім, а ГОСПАД даў яму супакой ад усіх ворагаў ягоных навокал,
2 сказаў валадар прароку Натану: «Вось, я жыву ў палацы кедровым, а Каўчэг Божы знаходзіцца ў намёце».
3 Натан сказаў валадару: «Ідзі і зрабі, што маеш у сэрцы сваім, бо ГОСПАД з табою».
4 І сталася, што ў тую самую ноч ГОСПАД прамовіў да Натана, кажучы:
5 «Ідзі і скажы слузе Майму Давіду: “Вось што кажа ГОСПАД. Ці ты збудуеш Мне дом на пражываньне?
6 Бо ня жыў Я ў доме з дня, у які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай, аж да гэтага дня, але быў Я ў намёце або ў будане.
7 Ці ў час вандроўкі па тых мясьцінах, якія прайшоў Я з усімі сынамі Ізраіля, казаў Я хоць аднаму з пакаленьняў Ізраіля, якому даручыў Я ўладу над народам Маім Ізраільскім: "Чаму не пабудавалі вы Мне дому кедровага?"”
8 А цяпер вось што скажаш слузе Майму Давіду: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я ўзяў цябе з пасавішча спаміж авечак, каб быў ты правадыром народу Майго Ізраіля.
9 І Я быў усюды з табою, дзе ты хадзіў, і Я выгубіў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і ўславіў імя тваё як аднаго з валадароў на зямлі.
10 І Я вызначыў месца народу Майму Ізраілю, і пасялю яго там, і ня будзе ён болей трывожаны, і Я не аддам яго на зьдзек людзям нягодным як раней.
11 Ад дня, калі Я паставіў судзьдзяў для народу Майго Ізраіля, Я абдарыў цябе супакоем ад усіх ворагаў тваіх. Вось, ГОСПАД табе аб’яўляе, што Ён пабудуе табе дом.
12 А калі споўняцца дні твае і ты супачынеш з бацькамі тваімі, Я ўзбуджу нашчадка пасьля цябе, які выйдзе з нутра твайго, і ўмацую валадарства ягонае.
13 Ён пабудуе дом для імя Майго, і Я ўмацую пасад валадарства ягонага на вякі.
14 Я буду яму бацькам, а ён будзе Мне сынам. Калі ён нягодна будзе хадзіць, Я буду караць яго дубцом людзей і карамі сыноў чалавечых.
15 Але міласэрнасьці Маёй не спыню што да яго, як спыніў адносна Саўла, якога Я адкінуў перад вачыма тваімі.
16 Трывалым будзе дом твой і валадарства тваё будзе ў цябе вечна, і пасад твой будзе моцным заўсёды”».
17 Гэтымі ўсімі словамі і паводле ўсяго бачаньня прамаўляў Натан да Давіда.
18 І пайшоў валадар Давід, і сеў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: «Хто ёсьць я, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, і што ёсьць дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды?
19 Але і гэта здавалася Табе замала, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, і Ты сказаў таксама пра род слугі Твайго на будучыню. І такі вось будзе закон чалавечы, Госпадзе ГОСПАДЗЕ!
20 Дык што яшчэ можа сказаць Табе Давід? Ты ведаеш слугу Твайго, Госпадзе ГОСПАДЗЕ.
21 Дзеля слова Твайго і паводле сэрца Твайго учыніў Ты гэтыя вялікія рэчы і так адкрываешся слузе Твайму.
22 Магутны Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, і нікога няма падобнага да Цябе, і няма Бога, апрача Цябе, паводле ўсяго таго, што чулі вушы нашыя.
23 Ці ёсьць хоць яшчэ адзін народ на зямлі, як народ Твой, Ізраіль, дзеля якога Бог прыйшоў, каб адкупіць яго Сабе за народ і праславіць імя Сваё, і ўчыніць вялікія і страшныя рэчы, выганяючы перад народам Тваім, які Ты вызваліў з Эгіпту, народы і богоў іхніх?
24 Ты ўмацаваў народ Твой, Ізраіля, як на народ Сабе на вечна, і Ты, ГОСПАДЗЕ, стаўся яму Богам.
25 І цяпер вось, ГОСПАДЗЕ Божа, умацуй на вякі слова Тваё, якое сказаў Ты адносна слугі Твайго і роду ягонага, і выканай тое, што прадказаў,
26 каб слаўленым вечна было імя Тваё, і каб казалі: “ГОСПАД Магуцьцяў ёсьць Бог Ізраіля”. А дом слугі Твайго Давіда будзе моцна стаяць перад Табою.
27 Бо Ты, ГОСПАДЗЕ Магуцьцяў, Божа Ізраіля, аб’явіў слузе Твайму, кажучы: “Я пабудую табе дом”, таму я асьмельваюся прасіць Цябе ў гэтай малітве.
28 А цяпер, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог, і словы Твае праўдзівыя, і Ты абяцаў слузе Твайму гэта дабро.
29 Будзь жа ласквы і дабраславі дом слугі Твайго, каб быў ён вечна перад вачыма Тваімі, бо Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, абяцаў, і няхай дабраславенства Тваё ўшчасьлівіць дом слугі Твайго навечна».

Другая кніга Самуэля, 7 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.