Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Гаспадарстваў | 9 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 А Елісэй прарока гукнуў аднаго із сыноў прароцкіх і сказаў яму: «Паперажы сьцёгны свае, і вазьмі гэтую судзіну з аліваю ў руку сваю, і пайдзі да Рамофу Ґілеадзкага.
2 I як прыйдзеш туды, выглядзі там Егу, сына Ясапата Німшанка, і ўвыйдзі, і кажы яму ўстаць із памеж братоў ягоных, і ўвядзі яго да нутранога пакою;
3 I вазьмі судзіну з алеям, і вылі на галаву яму, і скажы: “Гэтак кажа СПАДАР: ‘Памазаў цябе за караля над Ізраелям’”. I адчыні дзьверы, і ўцячы, і ня длякайся».
4 I пайшоў дзяцюк, дзяцюк прароцкі, да Рамофу Ґілеадзкага;
5 I ўвыйшоў, і вось, сядзяць вайводцы. I сказаў: «У мяне слова да цябе, вайводца». I сказаў Егу: «Да каго з усіх нас?» I сказаў ён: «Да цябе, вайводца».
6 I ўстаў ён, і ўвыйшоў у дом. I выліў алей на галаву яму, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: “Я памазаў цябе за караля над людам СПАДАРОВЫМ, над Ізраелям;
7 I ты паразіш дом Агавоў, спадара свайго, і Я памшчуся за кроў слугаў Сваіх прарокаў і за кроў усіх слугаў СПАДАРОВЫХ із рукі Езэвелі.
8 I загіне ўвесь дом Агавоў, і выгублю ўв Агава нават тога, што мочыцца на сьцяну, і замкнёнага, і засталага ў Ізраелю.
9 I аддам дом Агавоў, як дом Еровоама Невацёнка, і як дом Ваашы Агіёнка.
10 А Езэвель зьядуць сабакі на полю Ізрэельскім, і ніхто не пахавае яе». I адчыніў дзьверы, і ўцёк.
11 I вышаў Егу да служцоў спадара свайго, і сказалі яму: «Ці супакой? чаго прыходзіў гэты шалёны да цябе?» I сказаў ім: «Вы знаеце гэтага чалавека й мову ягоную».
12 I сказалі: «Няпраўда, скажы нам». I сказаў ён: «Так а так ён сказаў імне, кажучы: “Гэтак кажа СПАДАР: ‘Памазаў цябе за караля над Ізраелям’”».
13 I пабарзьдзілі яны, і ўзялі кажны адзецьце свае, і падаслалі яму на найвышшым уступцу, і затрубілі ў трубу, і сказалі: «Загаспадарстваваў Егу!»
14 I паўстаў Егу, сын Ясапата Німшанка, супроці Ёрама; Ёрам жа сьцярог у Рамофе Ґілеадзкім, ён а ўвесь Ізраель ад Газаеля, караля Арамскага.
15 Але кароль Ёрам зьвярнуўся, каб лячыцца ў Ізрэелю ад ран, каторыя яму задалі Арамляне, як ён ваяваў з Газаелям, каралём Арамскім. I сказаў Егу: «Калі гэта будзе вашаю думкаю, хай ніхто ня выходзе зь места, каб ісьці накаэаць у Ізрэелю».
16 Дык Егу сеў на цялежкі й паехаў да Ізрэелю, бо Ёрам ляжаў там. I Агазя, кароль Юдэйскі, зышоў даведацца Ёрама.
17 I вартаўнік стаяў на вежы ў Ізрэелю, як ён ехаў, і сказаў: «Я бачу аддзел». I сказаў Ёрам: «Вазьмі коньніка, і пашлі наўпярэймы ім, і хай скажа: “Ці мір?”».
18 I выехаў коньнік наўпярэймы яму, і сказаў: «Гэтак кажа кароль: “Ці мір?”» I сказаў Егу: «Што табе да міру? павярніся за імною». I наказаў вартаўнік, і сказаў: «Прыехаў пасланец да іх, але не зварачаецца».
19 I паслалі другога коньніка, і ён прыехаў да іх, і сказаў: «Гэтак кажя кароль: “Ці мір?”» I сказаў Егу: «Што табе да міру? павярніся за імною».
20 I наказаў вартаўнік, сказаўшы: «Прыехаў да іх, і не зварачаецца, а язда, як Егу Німшанка, бо ён едзе, як палёны».
21 I сказаў Ёрам: «Запрагай». I запрэглі цялежкі ягоныя. I выехаў Ёрам, кароль Ізраельскі, і Агазя, кароль Юдэйскі, кажны на цялежках сваіх. I выступілі наўпярэймы Егу, і стрэліся зь ім на дзелі Навофа Ізрэеляніна.
22 I як абачыў Ёрам Егу, то сказаў: «Ці мір Егу?» I сказаў: «Што за мір, пакуль бязулства маці твае Езэвелі і чысьленыя чары ейныя?»
23 I павярнуў Ёрам рукі свае, і ўцякаў, і сказаў Агазі: «Ашука, Агазя!»
24 А Егу напяў лук рукою сваёю, і стрэліў Ёраму ў міжыкрылы, і прайшла страла пераз сэрца ягонае, і ўкляк на цялежках сваіх.
25 I сказаў Егу Бідкару, каралеўскаму ахвіцэру: «Падыймі й кінь яго на дзялёнку поля Навофа Ізрэеляніна; бо ўспомні, як мы з табою ехалі ўдвух адзаду Агава, айца ягонага, і як СПАДАР праказаў празь яго гэта прароцтва:
26 “Запраўды, кроў Навофаву а кроў сыноў ягоных бачыў Я ўчора, — агалашае СПАДАР, — і адплачу табе на гэтым полю”. Дык падыймі й кінь яго на дзель, подле слова СПАДАРОВАГА».
27 Агазя, кароль Юдэйскі, абачыўшы гэта, уцякаў па дарозе да садовага дому. I пагнаўся за ім Егу, і сказаў: «I яго паразіце на цялежках». Гэта было на ўзгор’ю Ґур, каторае ля Іўлеаму. I ўцёк ён да Меґіда; і памер там.
28 I завезьлі яго на цялежках слугі ягоныя да Ерузаліму, і пахавалі яго ў гробе ягоным, з айцамі ягонымі, у месьце Давідавым.
29 Адзінанцатага году Ёрама Агавёнка загаспадарстваваў Агазя ў Юдэі.
30 I прыбыў Егу да Ізрэелю. Езэвель жа, пачуўшы, наруменіла від свой, і прыбрала галаву сваю, і глядзела далоў з акна.
31 Як Егу ўехаў у браму, яна сказала: «Ці мір, о Зымру, убіўца спадара свайго?»
32 I ўзьняў ён від свой к акну, і сказаў: «Хто з імною, хто?» I выглянулі далоў да яго два-тры легчанцы.
33 І сказаў ён: «Выкіньце яе». І выкінулі яе. I пырснула кроў ейная на сьцяну а на коні, і растапталі яе.
34 I прышоў Егу, і еў, і піў, і сказаў: «Ідзіце да гэнае праклятае і пахавайце яе, бо яна дачка каралеўская».
35 I пайшлі пахаваць яе, але не знайшлі ад яе нічога, апрача чэрапа а ног а далоняў рук.
36 І зьвярнуліся, і азнаймілі яму. I сказаў ён: «Гэткае было слова СПАДАРОВА, што Ён праказаў слугою Сваім Ільлёю Фішвянінам, сказаўшы: “На полю Ізрэельскім зьядуць сабакі цела Езэвеліна;
37 I будзе труп Езэвелін, як гной на зьверху поля дзелі Ізрэельскае, ажно ніхто ня скажа: ‘Гэта Езэвель’”».

Другая кніга Гаспадарстваў, 9 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.