Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 17 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сабралi Фiлiстынцы войскi свае на вайну, i разьмясьцiлiся ў Сахо, што ў Юдэі, ды расклалiся табарам мiж Сахо i Азэкаю ў Эфэс-Дамiме.
2 Тым часам Саўл i ваяры Iзраільскія сабралiся i раcклалiся табарам у лагчыне Элі, i ўшыкаваліся да бою супраць Фiлiстынцаў.
3 Фiлiстынцы стаялi на схiле гары з аднаго боку, а Ізраільцяне — на схiле гары з другога боку, і разьдзяляла iх лагчына.
4 І выйшаў з табару Фiлiстынцаў асілак на iмя Галiят з Гату, а быў ён вышынёю ў шэсьць локцяў і адну пядзю.
5 На галаве ён меў мядзяны шалом, адзеты быў у лускаты мядзяны панцыр у пяць тысячаў сыкляў вагi,
6 а на нагах меў ён мядзяныя накаленьнікі, i мядзяную дзіду за плячыма.
7 Тронак дзiды ягонай быў як вал ткацкi, а вострыва дзіды важыла шэсьцьсот сыкляў жалеза. Перад ім ішоў [зброяносец], нясучы шчыт.
8 І стаў ён насупраць шыхтоў Ізраіля, і крычаў, i казаў iм: «Чаго вы прыйшлi, прыгатаваныя да бою? Цi ж я не Фiлiстынец, і вы — цi ня слугi Саўла? Выбярыце спамiж сябе некага, i няхай ён выступiць у бой са мною!
9 Калi зможа ён ваяваць са мною і заб’е мяне, мы будзем нявольнiкамi вашымi. А калi я перамагу, i заб’ю яго, вы будзеце нявольнiкамi i будзеце нам служыць».
10 І паўтараў Фiлiстынец: «Вось, я зьневажаю сёньня дружыны Ізраіля. Дайце мне чалавека, і мы будзем біцца!».
11 Чуючы такiя словы Фiлiстынца Саўл i ўсе Ізраільцяне аслупянелi і моцна напалохаліся.
12 А Давiд быў сынам Эфрацяніна, пра якога было сказана раней, з Бэтлеему Юдэйскага, i iмя яго было Есэй. Ён меў восем сыноў i ў часах Саўла быў ўжо старым i ў гадах пажылых.
13 Тры старэйшыя сыны ягоныя пайшлi з Саўлам ваяваць. Iмёны тых трох сыноў ягоных, якія пайшлі на вайну, былi: найстарэйшы Элiяў, другi — Абiнадаў, а трэйцi — Шамма.
14 Давiд жа быў найменшым. А тры старэйшыя пайшлi за Саўлам.
15 Давiд прыходзiў да Саўла i адыходзiў, каб пасьвiць статак бацькi свайго ў Бэтлееме.
16 А Фiлiстынец выходзiў ранiцаю i вечарам, і выходзіў гэтак сорак дзён.
17 Аднойчы сказаў Есэй сыну свайму Давiду: «Вазьмі для братоў сваiх эфу пражаных зярнят і дзесяць хлябоў, i занясi скора братам сваім у табар!
18 Занясi таксама дзесяць кавалкаў сыру для тысячніка, і адведай братоў сваiх, як маюцца, і даведайся патрэбы іхнія».
19 А Саўл i яны, i ўсе сыны Ізраіля былі насупраць Фiлiстынцаў у лагчыне Элі.
20 І ўстаў Давiд рана, і статак свой даручыў вартаўнiку, i, забраўшы пасілкі, пайшоў, як загадаў яму Есэй. І прыйшоў ён у табар акурат тады, калі войска выходзiла ў шыхтах з баявым крыкам.
21 І ўшыкаваліся Ізраільцяне i Фiлiстынцы адны супраць другiх.
22 Давiд, скiнуўшы з сябе ношу i аддаўшы яе варце ў табары, пабег да дружынаў. І калi прыбег, прывiтаў братоў сваiх.
23 У час размовы з iмi выйшаў з шыхтоў той асілак на iмя Галiят, Фiлiстынец з Гату, i гаварыў тыя самыя словы. І пачуў гэта Давiд.
24 А ўсе ваяры Ізраільскія, убачыўшы яго, уцякалi ад яго з вялiкiм страхам.
25 І сказаў адзiн з Ізраільцянаў: «Цi бачыце вы чалавека гэтага, які выходзіць? Ён выходзіць, каб зьневажаць Ізраіля. Дык чалавека, які заб’е яго, валадар узнагародзiць вялiкiмi багацьцямi i дачку сваю дасьць за жонку, а дом бацькi ягонага вызваліць ад падатку ў Ізраілі».
26 І спытаўся Давiд у людзей, што стаялі каля яго: «Што дадуць чалавеку, які заб’е Фiлiстынца гэтага i здыме ганьбу з Ізраіля? Бо хто ён, гэты неабрэзаны Фiлiстынец, што так насьміхаецца з войска Бога Жывога?»
27 І паўтарылi людзі тыя самыя словы, кажучы: «Вось гэтак будзе таму чалавеку, які заб’е яго».
28 Калi пачуў Элiяў, старэйшы брат ягоны, як ён гаварыў пра гэта з iншымi, загневаўся на Давiда i сказаў: «Чаго ты прыйшоў i каму пакiнуў той малы статак у пустынi ? Я ведаю пыху тваю і ліхоту сэрца твайго, бо прыйшоў ты сюды, каб паглядзець на вайну».
29 Давiд сказаў яму: «Што я такога зрабiў? Ці ж няможна пра гэта гаварыць?»
30 І адвярнуўся ад яго да iншага, i зноў спытаў тое самае. І людзi адказалi яму як раней.
31 І пачулi тое, што гаварыў Давiд, i пераказалi Саўлу, і ён паклікаў яго.
32 І сказаў Давiд Саўлу: «Няхай нiхто ня падае духам дзеля яго. Слуга твой пойдзе i будзе ваяваць супраць Фiлiстынца гэтага».
33 І сказаў Саўл Давiду: «Ня можаш ты ісьці супраць гэтага Фiлiстынца i ваяваць супраць яго, бо ты — юнак, а ён — ваяр ад маладосьцi сваёй».
34 І сказаў Давiд Саўлу: «Слуга твой пасьвiў статак бацькi свайго, і прыходзіў леў ці мядзьведзь, i хапаў барана спамiж статку,
35 а я даганяў яго, забiваў i вырываў з пашчы ягонай. А як ён выходзіў на мяне, я хапаў яго за пашчэмку i забiваў яго.
36 Нават льва i мядзьведзя забiваў слуга твой. Дык i гэты неабрэзаны Фiлiстынец як адзiн з іх, бо ён насьміхаецца з войска Бога Жывога!»
37 І сказаў Давiд: «ГОСПАД, Які выратаваў мяне з кіпцюроў льва i мядзьведзя, ухавае мяне і ад рук Фiлiстынца гэтага». І сказаў Саўл Давiду: «Iдзi, i няхай ГОСПАД будзе з табою».
38 I апрануў Саўл Давiда ў адзеньне сваё, i даў мядзяны шалом яму на галаву, i адзеў у панцыр.
39 І падперазаўся Давiд мячом ягоным кругом адзеньня, і паспрабаваў хадзiць, бо ня меў яшчэ спрактыкаваньня. І сказаў Давiд Саўлу: «Не магу я так хадзiць, бо нязвыкла мне». I скінуў Давід усё з сябе.
40 І ўзяў ён у руку кій свой, і выбраў сабе пяць гладкiх камянёў з ручая, і ўлажыў iх у торбу пастуха, якую меў замест кiшэняў, i з пушчалкай у руцэ накiраваўся да Фiлiстынца.
41 А Фiлiстынец iшоў i што раз болей наблiжаўся да Давiда, і зброяносец нёс шчыт перад ім.
42 І глянуў Філістынец, і ўбачыў Давіда, і ўзгардзiў iм, бо быў ён яшчэ хлопец, руды i прыгожы тварам.
43 І сказаў Фiлiстынец Давiду: «Цi ж я сабака, што ты iдзеш да мяне з кіем?». I пракляў Фiлiстынец Давiда багамі сваiмі.
44 І сказаў ён Давiду: «Хадзi да мяне, і я аддам цела тваё птушкам нябесным i зьвярам зямным».
45 А Давiд сказаў Фiлiстынцу: «Ты iдзеш на мяне з мячом, i дзiдай, i шчытом, а я iду на цябе ў iмя ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога войска Ізраіля, з Якога ты сьмяяўся.
46 Сёньня аддасьць цябе ГОСПАД у рукi мае, i я заб’ю цябе, i адсяку табе галаву, i аддам трупы табару Фiлiстынцаў сёньня птушкам нябесным i зьвярам зямным, i няхай ведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраіля.
47 Няхай ведае ўся царква, што ГОСПАД не мячом i дзiдай ратуе, бо гэта вайна ГОСПАДА, і Ён выдасьць вас у рукi нашыя».
48 І калi Фiлiстынец устаў, i пайшоў, i набліжаўся да Давiда, Давiд таксама пабег да бою насустрач Фiлiстынцу.
49 І ўсунуў ён руку сваю ў торбу, і выняў адзiн камень, i пусьцiў яго пушчалкай, i ўдарыў iм Фiлiстынца ў лоб. І засеў той камень паміж вачэй Фiлiстынца, і ён упаў тарам на зямлю.
50 Так перамог Давiд Фiлiстынца пушчалкай i камянём, і мяча не было ў руцэ Давiда.
51 І падбег ён, і стаў каля Фiлiстынца, і ўзяў меч ягоны, і выцягнуў яго з похваў, i забiў яго, і адсек галаву яму. Калі ўбачылі Фiлiстынцы, што волат іхні мёртвы, дык кiнулiся ўцякаць.
52 А ваяры Ізраіля i Юды паднялiся, і паднялi гармідар ваенны, i кiнулiся ў пагоню за Фiлiстынцамi, i гналі іх аж да Гату i да брамы Экрону. І трупы Фiлiстынцаў ляжалі па дарозе ад Шаараiму аж да Гату i Экрону.
53 І, вяртаючыся пасьля пагоні за Фiлiстынцамi, сыны Ізраіля абрабавалi табар iхнi.
54 А Давiд узяў галаву Фiлiстынца i занёс яе ў Ерусалiм, а зброю ягоную склаў у намёце сваім.
55 Калi Саўл убачыў Давiда, які выходзіў да бою з Фiлiстынцам, спытаў у Абнэра, начальнiка войска: «Абнэр, з якога роду паходзiць юнак гэты?» Сказаў Абнэр: «На жыцьцё душы тваёй, валадару, ня ведаю».
56 І сказаў валадар: «Запытайся, чый ён сын, юнак гэты».
57 І калi па забiцьці Фiлiстынца Давiд вярнуўся, несучы галаву Фiлiстынца ў руцэ, узяў яго Абнэр i прывёў да Саўла.
58 І спытаўся ў яго Саўл: «З якога ты роду, юнача?» Давiд адказаў: «Я — сын слугi твайго Есэя з Бэтлеему».

Першая кніга Самуэля, 17 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.