1 І прыйшлі ўсе пакаленьні Ізраіля да Давіда, і сказалі: «Вось, мы — косткі твае і цела тваё.
2 Яшчэ ўчора і пазаўчора, калі Саўл валадарыў над намі, ты выводзіў і прыводзіў назад Ізраіля. І ГОСПАД сказаў табе: “Ты будзеш пасьвіць народ Мой, Ізраіля, і ты будзеш валадаром ягоным”».
3 І сабраліся да валадара ў Геброн ўсе старшыні Ізраіля, і валадар Давід заключыў з імі запавет перад ГОСПАДАМ у Хеўроне. І памазалі Давіда на валадара над Ізраілем.
4 Трыццаць гадоў меў Давід, калі пачаў валадарыць, і сорак гадоў быў валадаром.
5 У Хеўроне над Юдам валадарыў ён сем гадоў і шэсьць месяцаў, а ў Ерусаліме валадарыў трыццаць тры гады над усім Ізраілем і над Юдам.
6 Валадар і ўсе людзі, якія былі з ім, вырушылі ў Ерусалім супраць Евусеяў, жыхароў тае зямлі. А тыя сказалі Давіду: «Ня ўвойдзеш ты сюды, бо выганяць цябе сьляпыя і кульгавыя». Гэта значыла: «Ня ўвойдзе сюды Давід».
7 Давід, аднак, здабыў крэпасьць Сыён, і ён стаў горадам Давідавым.
8 І сказаў Давід у той дзень: «Кожны, хто забівае Евусеяў, няхай кідае іх у каналы, і няхай дабярэцца да кульгавых і сьляпых, ненавісных для душы Давіда». Таму гаворыцца ў прыказцы: «Сьляпы і кульгавы ня ўвойдуць у дом».
9 І абжыўся Давід у крэпасьці, і назваў яе горадам Давідавым. І адбудаваў яго кругом ад Мілло і ў сярэдзіне.
10 І Давід станавіўся штораз магутнейшы, бо ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, быў з ім.
11 І паслаў Хірам, валадар Тыру, весьнікаў да Давіда, і дрэва кедровае, і цесьляў, і муляроў, каб пабудаваць дом Давіду.
12 І даведаўся Давід, што ГОСПАД паставіў яго валадаром над Ізраілем, і што Ён узвысіў валадараньне ягонае дзеля народу Свайго, Ізраіля.
13 Калі Давід перасяліўся з Хеўрону, ён узяў сабе яшчэ наложніцаў і жонак з Ерусаліму. І нарадзіліся Давіду яшчэ сыны і дочкі.
14 Вось імёны тых, якія нарадзіліся ў Ерусаліме: Шамуа і Шаваў, Натан і Салямон,
15 Ібхар і Элішуа, Нафэг і Яфія,
16 Элішама, Эліяда і Эліфалет.
17 А Філістынцы, пачуўшы, што Давіда памазалі на валадара над Ізраілем, сабраліся ўсе, каб шукаць Давіда. Калі Давід пачуў пра гэта, ён увайшоў у крэпасьць.
18 І Філістынцы прыйшлі, і разлажыліся ў даліне Рэфаім.
19 І раіўся Давід ў ГОСПАДА, пытаючыся: «Ці пайсьці мне на Філістынцаў? Ці Ты аддасі іх у рукі мае?» ГОСПАД сказаў Давіду: «Ідзі, бо Я аддам Філістынцаў у рукі твае».
20 І пайшоў Давід у Баал-Пэрацым, і разьбіў іх там, і сказаў: «Разьдзяліў ГОСПАД ворагаў маіх перада мною, як разьдзяляюцца воды». Таму тое месца і названае Баал-Пэрацым.
21 І пакінулі яны там ідалаў сваіх, і захапілі іх Давід і людзі ягоныя.
22 І прыйшлі зноў Філістынцы, і разлажыліся ў даліне Рэфаім.
23 І Давід зноў раіўся ў ГОСПАДА, Які даў такі адказ: «Не выходзь, але абыйдзі іх кругом і выйдзі да іх з боку бальзамовых дрэваў.
24 Калі пачуеш стукат крокаў як бы хто ідзе па вершалінах дрэваў бальзамовых, тады сьпяшайся, бо выйдзе ГОСПАД перад табой, каб разьбіць войска Філістынскае».
25 І зрабіў Давід так, як загадаў яму ГОСПАД, і перамог Філістынцаў ад Гівы аж да Гэзэру.
Другая кніга Самуэля, 5 глава